Каментарый да Указа № 525 "Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта адкрытым акцыянерным таварыствам "Баранавічыдрэў"

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 13 лістапада падпісаў Указ № 525 "Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта адкрытым акцыянерным таварыствам "Баранавічыдрэў".

    Дакументам прадугледжваецца ажыццявіць адчужэнне шляхам продажу без правядзення аўкцыёну (конкурсу) прыналежных Рэспубліцы Беларусь 54 174 акцый (83,8%) адкрытага акцыянернага таварыства "Баранавічыдрэў" намінальнай вартасцю Br1600 на агульную суму Br86 678 400 інвестару - сумеснаму таварыству з абмежаванай адказнасцю "ЭкаДорыя".

    Інвестар абавязуецца да 15 красавіка 2015 года пагасіць усю існуючую крэдыторскую запазычанасць ААТ "Баранавічыдрэў" у суме больш як Br15 млрд, да 31 снежня 2017 года ўкласці ў ААТ "Баранавічыдрэў" інвестыцыі ў суме, эквівалентнай не менш як 8,6 млн еўра. Акрамя таго, інвестар абавязуецца стварыць да 31 снежня 2017 года ўключна вытворчасці па выпуску піламатэрыялаў, міжпакаёвых дзвярэй з масіву і драўнянавалакністых пліт сярэдняй шчыльнасці, гранул паліўных (пелет) з укараненнем высокатэхналагічнага дрэваапрацоўчага абсталявання і захаваць да 31 снежня 2018 года ў ААТ "Баранавічыдрэў" існуючую колькасць рабочых месц, забяспечыўшы сярэднямесячную зарплату не ніжэйшую за ўзровень намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў Беларусі.

    Як адзначылі ў прэс-службе, рэалізацыя ўказа дасць магчымасць аднавіць работу прадпрыемства, забяспечыць занятасць працоўнага калектыву і асвоіць выпуск новай экспартаарыентаванай прадукцыі дрэваапрацоўкі, а таксама пагасіць існуючую пратэрмінаваную запазычанасць ААТ "Баранавічыдрэў" па плацяжах у бюджэт і за энерганосьбіты і ажыццяўляць своечасовае паступленне падатковых плацяжоў.