Каментарый да Указа № 523 ад 27 лістапада 2013 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 27 лістапада падпісаў Указ № 523 "Аб арганізацыі натарыяльнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь".

    Дакумент накіраваны на ўдасканаленне дзейнасці натарыята, павышэнне статусу натарыуса і яго ролі ў забеспячэнні правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб.

    Указам прадугледжваецца надзяленне дзяржаўных і прыватных натарыусаў з 1 студзеня 2014 года адзіным статусам натарыуса з выдачай Міністэрствам юстыцыі адзінага дазвольнага дакумента на ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці ўзамен раней дзеючых ліцэнзій і пасведчанняў.

    Вызначаюцца арганізацыйныя формы ажыццяўлення натарыусамі натарыяльнай дзейнасці - натарыяльныя канторы (як правапераемнікі дзяржаўных натарыяльных кантор) і натарыяльныя бюро (якія захоўваюць існуючы парадак работы прыватных натарыусаў).

    Прадугледжваецца арганізацыя самакіравання натарыята шляхам абавязковага членства натарыусаў у Беларускай натарыяльнай палаце, замацоўваюцца яе функцыі, у тым ліку па забеспячэнню даступнасці і якасці аказання натарыяльных паслуг на ўсёй тэрыторыі краіны.

    Забяспечваецца належны кантроль за натарыяльнай дзейнасцю, які ажыццяўляецца як дзяржавай у асобе Міністэрства юстыцыі, так і сіламі Беларускай натарыяльнай палаты. Акрамя таго, за Міністэрствам юстыцыі захоўваюцца паўнамоцтвы па дзяржаўнаму рэгуляванню ў адпаведнай сферы, а на Беларускую натарыяльную палату ўскладаюцца функцыі па арганізацыі натарыяльнага абслугоўвання на тэрыторыі абласцей і Мінска, а таксама метадычнаму кіраванню і каардынацыі дзейнасці натарыусаў.

    Змяняюцца падыходы да аплаты натарыяльных паслуг. Замест дзяржаўнай пошліны за правядзенне натарыяльных дзеянняў і платы за аказанне дадатковых платных паслуг прававога і тэхнічнага характару будзе спаганяцца адзіны натарыяльны тарыф. Памеры натарыяльнага тарыфу, а таксама льготы па яго выплаце будуць устаноўлены Урадам.

    Рэалізацыя прадугледжаных Указам падыходаў забяспечыць скарачэнне выдаткаў дзяржавы на арганізацыю натарыяльнага абслугоўвання, а таксама створыць умовы для развіцця прагрэсіўных форм і метадаў ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці, у тым ліку з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій.

    Пры гэтым захоўваюцца існуючая сістэма аказання натарыяльных паслуг, сацыяльная арыентаванасць натарыята і даступнасць натарыяльнага абслугоўвання на ўсёй тэрыторыі краіны.

    Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2014 года.