Каментарый да Указа № 441 ад 25 верасня 2013 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 25 верасня падпісаў Указ № 441 "Аб некаторых пытаннях прафесійнага пенсійнага страхавання і пенсійнага забеспячэння".
У адпаведнасці з дакументам прадастаўлена права на датэрміновую (льготную) пенсію са сродкаў агульнай пенсійнай сістэмы асобам, занятым на шкодных і цяжкіх работах, якія да 1 студзеня 2009 года (гэта значыць да ўвядзення прафесійнага пенсійнага страхавання) адпрацавалі ў шкодных умовах працы не менш як палавіну стажу, неабходнага для назначэння гэтай пенсіі.
Работнікам са шкоднымі ўмовамі працы, якія да 1 студзеня 2009 года выпрацавалі менш як палавіну неабходнага стажу або зусім не маюць такога стажу да названай даты (адпаведна, не атрымаюць права на датэрміновую (льготную) пенсію са сродкаў агульнай пенсійнай сістэмы), прадастаўлена права выбару спосабу кампенсацыі іх занятасці на шкоднай рабоце.
У прыватнасці, або ў перыяд шкоднай работы можна адразу атрымліваць штомесячную даплату да заработнай платы (у памеры, што вызначаецца работадаўцам, але не меншым за суму ўзносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне). У гэтым выпадку работнік атрымае дадатковы бягучы даход замест права на прафесійную пенсію ў будучым.
Або можна выбраць прафесійнае пенсійнае страхаванне і ў будучым атрымліваць датэрміновую або дадатковую прафесійную пенсію, сфарміраваную за кошт узносаў работадаўцаў на гэта страхаванне. Пры гэтым для фарміравання больш важкіх прафесійных пенсійных зберажэнняў работніка Указам прадугледжана з 1 студзеня 2014 года павялічыць тарыфы ўзносаў, што выплачваюцца работадаўцамі на прафесійнае пенсійнае страхаванне.
Указ уступае ў сілу з першага чысла месяца, што ідзе за месяцам
яго афіцыйнага апублікавання, а пункт 2 гэтага Указа, які прадугледжвае
павелічэнне тарыфаў узносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне, - з 1 студзеня
2014 года.