Каментарый да Указа № 426 ад 1 верасня 2014 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 1 верасня падпісаў Указ № 426 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 і ад 17 снежня 2007 г. № 643".

    У адпаведнасці з Указам уносяцца змяненні ў пералік дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, адказных за разгляд зваротаў па сутнасці ў асобных сферах жыццядзейнасці насельніцтва, зацверджаны Указам ад 15 кастрычніка 2007 года № 498.

    Згодна з гэтымі змяненнямі на органы юстыцыі і кіраўнікоў органаў прымусовага выканання ўскладаюцца функцыі па разглядзе зваротаў па пытаннях арганізацыі работы органаў прымусовага выканання.

    Да кампетэнцыі органаў юстыцыі належаць функцыі па разглядзе зваротаў па пытаннях ажыццяўлення кантролю за выкананнем заканадаўства аб натарыяце, аб адвакатуры, аб аказанні юрыдычных паслуг. Адначасова функцыі па разглядзе зваротаў па пытаннях арганізацыі работы судоў перадаюцца ад органаў юстыцыі адпаведным судовым органам.

    Вызначаюцца адказныя арганізацыі па разглядзе зваротаў у сферы аказання юрыдычнай дапамогі - Беларуская натарыяльная палата і яе тэрытарыяльныя арганізацыйныя структуры (па пытаннях натарыяльнай дзейнасці), абласныя (Мінская гарадская) і Рэспубліканская калегіі адвакатаў (па пытаннях адвакацкай дзейнасці).

    Указам таксама ўносяцца змяненні ва Указ ад 17 снежня 2007 года № 643 "Аб спрашчэнні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь", якія прадугледжваюць перадачу Вярхоўнаму Суду ад Міністэрства юстыцыі паўнамоцтваў на ўнясенне ў адпаведны банк даных МУС звестак аб грамадзянах, у адносінах да якіх судамі былі прыняты рашэнні аб часовым абмежаванні права гэтых грамадзян на выезд з Беларусі.