Каментарый да Указа № 400 ад 24 верасня 2015 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 400, нормы якога вызначаюць парадак засялення грамадзян у пабудаваныя жылыя дамы, забяспечваюць загрузку і павышаюць эфектыўнасць работы арганізацый буйнапанэльнага домабудавання.

    Так, уносяцца дапаўненні ва Указ ад 14 студзеня 2014 года № 26 "Аб мерах па ўдасканаленні будаўнічай дзейнасці". Вызначаюцца ўмовы, пры адначасовым выкананні якіх грамадзянін лічыцца заселеным у жылое памяшканне: атрыманне ключоў ад кватэры, забеспячэнне доступу і магчымасці карыстання ёю па прызначэнні, адсутнасць заўваг па якасці выкананых работ. Уводзяцца таксама нарматыўныя прадпісанні для заказчыкаў, забудоўшчыкаў па забеспячэнні ўмоў для засялення грамадзян у месячны тэрмін з дня зацвярджэння акта прыёмкі шматкватэрнага жылога дома ў эксплуатацыю.

    Змяненні прадугледжаны таксама ва Указ ад 6 чэрвеня 2013 года № 263 "Аб долевым будаўніцтве аб'ектаў у Рэспубліцы Беларусь". Скарачаюцца тэрміны перадачы дольшчыку канчатковага разліку кошту аб'екта долевага будаўніцтва і дакументаў для дзяржаўнай рэгістрацыі права ўласнасці на пабудаваны аб'ект - з аднаго каляндарнага месяца да дваццаці пяці каляндарных дзён і да двух дзён адпаведна. Акрамя таго, прадугледжваецца, што дольшчыку, які поўнасцю выплаціў цану аб'екта, ён будзе перадавацца незалежна ад наяўнасці іншых дольшчыкаў, якія маюць запазычанасць перад забудоўшчыкам.

    Дапаўненні ўносяцца таксама ва Указ ад 27 снежня 2007 г. № 667 "Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў" у частцы выдзялення арганізацыям буйнапанэльнага домабудавання ўчасткаў для будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў у Мінску і абласных цэнтрах будуць прадастаўляцца без правядзення аўкцыёнаў.

    Указ № 400 уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.