Каментарый да Указа № 371 ад 24 ліпеня 2014 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 24 ліпеня падпісаў Указ № 371 "Аб стварэнні дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу "Рэестр бытавых паслуг Рэспублікі Беларусь".

    У рэестр бытавых паслуг будуць уключацца звесткі аб суб'ектах гаспадарання (юрыдычных асобах і індывідуальных прадпрымальніках), якія аказваюць бытавыя паслугі, відах бытавых паслуг, формах бытавога абслугоўвання; звесткі аб аб'ектах бытавога абслугоўвання, у якіх аказваюцца бытавыя паслугі; зводныя даныя аб стане бытавога абслугоўвання.

    Фарміраванне і вядзенне рэестра бытавых паслуг ускладаецца на Міністэрства гандлю. Фінансаванне работ па стварэнні і вядзенні рэестра будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў, выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту на ўтрыманне названага міністэрства, а таксама іншых крыніц у адпаведнасці з заканадаўствам.

    Унясенне звестак у рэестр бытавых паслуг, аказанне электронных паслуг па прадстаўленні інфармацыі з яго будзе ажыццяўляцца на бязвыплатнай аснове.

    Указам прадугледжаны пераходны перыяд. Так, суб'екты гаспадарання, якія аказваюць бытавыя паслугі да 1 снежня 2014 года, могуць ажыццяўляць гэту дзейнасць без уключэння ў рэестр бытавых паслуг да 1 чэрвеня 2015 года. Пры намеры ў далейшым ажыццяўляць гэту дзейнасць яны павінны да 1 чэрвеня 2015 года звярнуцца ў Міністэрства гандлю для ўключэння ў рэестр.

    Гэты рэестр дасць магчымасць спажыўцам бытавых паслуг атрымліваць поўную і дакладную інфармацыю аб суб'ектах, якія іх аказваюць, што паслужыць дадатковым механізмам абароны правоў спажыўцоў. Акрамя таго, інфармацыя, што змешчана ў рэестры бытавых паслуг, будзе карысная і суб'ектам гаспадарання для ўстанаўлення надзейных партнёраў па камерцыйнай дзейнасці.