Каментарый да Указа № 37 ад 17 студзеня 2012 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 17 студзеня падпісаў Указ № 37 "Аб распрацоўцы Петрыкаўскага радовішча калійных солей".
У мэтах пашырэння вытворчасці калійных угнаенняў у 2012-2021 гадах будзе ажыццёўлена рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па прамысловай распрацоўцы Петрыкаўскага радовішча калійных солей з будаўніцтвам і ўводам у эксплуатацыю ў Гомельскай вобласці горна-абагачальнага комплексу магутнасцю не менш як 1,5 млн. тон хларыду калію ў год.
На падставе вынікаў праведзенага конкурсу па выбары інвестара рэалізацыя названага інвестыцыйнага праекта будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з заключаным у трохмесячны тэрмін пасля падпісання Указа інвестыцыйным дагаворам паміж Рэспублікай Беларусь і ААТ "Беларуськалій".
Нетры для распрацоўкі Петрыкаўскага радовішча калійных солей прадастаўляюцца тэрмінам на 50 гадоў на платнай аснове. На працягу дванаццаці месяцаў з дня заключэння інвестыцыйнага дагавора ААТ "Беларуськалій" падлягае выплаціць у бюджэт разавы плацеж за права карыстання нетрамі, а таксама кампенсаваць панесеныя дзяржавай затраты на правядзенне геолагаразведачных работ у памеры $146,5 млн. і $20,7 млн. адпаведна.
У рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ААТ "Беларуськалій" створыць адкрытае акцыянернае таварыства з далейшай перадачай дзяржаве 50% яго акцый. Прыцягненне знешніх крыніц фінансавання ў памеры 50% кошту інвестыцыйнага праекта будзе ажыццяўляцца без прадастаўлення гарантый Урада Рэспублікі Беларусь.