Каментарый да Указа № 367 ад 24 ліпеня 2014 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 24 ліпеня Указам № 367 зацвердзіў Дзяржаўную праграму развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый на 2015-2019 гады.

    Дакумент распрацаваны з улікам вынікаў выканання ДНВА "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах" навукова-даследчай работы "Распрацоўка стратэгічных напрамкаў развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый".

    На 1 студзеня 2014 года агульная плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі (ААПТ) складала 7,8% ад плошчы краіны. Сістэма ААПТ уключае 1 213 аб'ектаў, у тым ліку запаведнік, 4 нацыянальныя паркі, 85 заказнікаў рэспубліканскага значэння і 249 - мясцовага значэння, 306 помнікаў прыроды рэспубліканскага і 568 - мясцовага значэння. Да 2015 года, згодна з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, плануецца давесці плошчу ААПТ да 8,1-8,3% ад тэрыторыі краіны.

    Затраты на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы - Br119,7 млрд. У выніку яе выканання прадугледжваецца павышэнне эфектыўнасці кіравання ААПТ за кошт распрацоўкі планаў кіравання для 13 рэспубліканскіх заказнікаў і рэалізацыі распрацаваных планаў кіравання ААПТ. Плануецца таксама аднаўленне прыродных комплексаў і экалагічных сістэм (асушаных балот, падтопленых тэрыторый, зарастаючых адкрытых лугоў, тэрыторый, схільных да эрозіі) на плошчы каля 1200 тыс. га.

    Акрамя таго, прадугледжваецца стварэнне ўмоў для развіцця экалагічнага турызму і аздараўлення насельніцтва на ААПТ, распрацоўка і добраўпарадкаванне не менш як 30 турыстычных маршрутаў і экалагічных сцежак, рэканструкцыя існуючых і добраўпарадкаванне не менш як 20 новых турыстычных стаянак, месц адпачынку. У выніку выканання дзяржпраграмы плануецца стварэнне ўмоў для ўстойлівага развіцця раёнаў, у межах якіх функцыянуюць ААПТ, а таксама павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях Беларусі.