Каментарый да Указа № 358 ад 15 жніўня 2013 г.

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 15 жніўня падпісаў Указ № 358 "Аб унясенні змянення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 мая 2008 г. № 280".

    Так, Указам пашыраецца прымяненне дзеючай нормы Указа Прэзідэнта ад 19 мая 2008 года № 280, якая датычыцца добраахвотнага страхавання ад няшчасных выпадкаў і хвароб на час паездкі за мяжу.

    У сувязі з гэтым у затраты па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг), што ўлічваюцца пры падаткаабкладанні, будуць уключацца не толькі страхавыя ўзносы арганізацый-страхавальнікаў, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі пэўнымі відамі транспарту, але і страхавыя ўзносы любых арганізацый-страхавальнікаў па страхаванню ад няшчасных выпадкаў і хвароб на час паездкі за мяжу (па дагаворах, заключаных арганізацыямі-страхавальнікамі на карысць фізічных асоб, якія працуюць у гэтых арганізацыях-страхавальніках па працоўных дагаворах (кантрактах) і накіраваны ў службовую камандзіроўку за мяжу або маюць рухомы і раз'язны характар работы пры паездках за мяжу).

    У адпаведнасці з Указам у затраты, што ўлічваюцца пры падаткаабкладанні, будуць уключацца страхавыя ўзносы па добраахвотнаму страхаванню грамадзянскай адказнасці экспедытара.

    Наяўнасць поліса страхавання грамадзянскай адказнасці экспедытара з'яўляецца неад'емным патрабаваннем міжнародных арганізацый да заключэння дагавораў транспартнай экспедыцыі. Страхаванне грамадзянскай адказнасці экспедытараў з'яўляецца гарантам надзейнасці экспедытара і разглядаецца замежнымі контрагентамі як забеспячэнне абавязацельстваў па дагавору транспартнай экспедыцыі.

    У адпаведнасці з Указам у затраты, што ўлічваюцца пры падаткаабкладанні, будуць уключацца страхавыя ўзносы па добраахвотнаму страхаванню грамадзянскай адказнасці за прычыненне шкоды ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійнай дзейнасці.

    Па дагавору страхавання грамадзянскай адказнасці за прычыненне шкоды ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійнай дзейнасці можа быць застрахавана адказнасць работнікаў розных прафесій: цырульнікаў, урачоў, юрыстаў, аўдытараў, архітэктараў, інжынераў, якія ажыццяўляюць праектную дзейнасць, бухгалтараў, распрацоўшчыкаў праграмных прадуктаў і іншых.

    Уключэнне страхавых узносаў па страхаванню прафесійнай адказнасці ў затраты, якія ўлічваюцца пры падаткаабкладанні, паслужыць дадатковым стымулам для развіцця гэтага віду страхавання, што ў сваю чаргу будзе садзейнічаць росту аб'ёму і якасці паслуг, якія аказваюцца насельніцтву і прадпрыемствам, змяншэнню нагрузкі на суды і таварыствы абароны правоў спажыўцоў.

    Акрамя таго, у затраты, што ўлічваюцца пры падаткаабкладанні, будуць уключацца страхавыя ўзносы па добраахвотнаму страхаванню грамадзянскай адказнасці: уладальнікаў мытных складоў і (або) складоў часовага захоўвання; мытных прадстаўнікоў; праваўладальніка за прычыненне шкоды асобам у сувязі з прыпыненнем выпуску тавараў, якія змяшчаюць аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. Гэта дасць магчымасць знізіць падатковую нагрузку на страхавальнікаў, якія выкарыстоўваюць названыя віды страхавання, і, як вынік, палепшыць паказчыкі іх фінансава-гаспадарчай дзейнасці.