Каментарый да Указа № 257 ад 5 чэрвеня 2013 г.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 5 чэрвеня падпісаў Указ № 257 "Аб асобных пытаннях арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў".
Дакумент накіраваны на ўдасканаленне практыкі арганізацыі і правядзення такіх мерапрыемстваў, стымулявання творчай дзейнасці айчынных выканаўцаў, падтрымкі маладых талентаў, абароны інтарэсаў гледачоў ад падману з боку нядобрасумленных арганізатараў мерапрыемстваў.
Указам прадугледжваецца, што арганізатар абавязаны атрымаць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (гастрольнае пасведчанне) ва ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама (Мінскага гарвыканкама).
На мерапрыемства з удзелам беларускіх выканаўцаў гастрольнае пасведчанне будзе выдавацца бясплатна.
На мерапрыемства з удзелам беларускіх і замежных або выключна замежных выканаўцаў гастрольнае пасведчанне выдаецца з выплатай дзяржаўнай пошліны ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Указам прадугледжаны выпадкі вызвалення арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў ад атрымання гастрольнага пасведчання або ад выплаты за яго дзяржаўнай пошліны.
Гэтым нарматыўным прававым актам таксама прадастаўлена права правядзення культурна-відовішчыных мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь замежным грамадзянам, асобам без грамадзянства, замежным і міжнародным арганізацыям.
Акрамя таго, Указам урэгуляваны пытанні рэкламы культурна-відовішчных мерапрыемстваў, рэалізацыі ўваходных білетаў і друкаванай прадукцыі, у якой змешчана інфармацыя аб мерапрыемстве, вызначаны абавязкі і правы арганізатараў мерапрыемстваў і гледачоў.