Каментарый да Указа №228 ад 21 чэрвеня 2016 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 чэрвеня падпісаў Указ № 228, якім уносяцца змяненні ва Указ ад 11 жніўня 2005 года № 366 "Аб фарміраванні цэн на лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынскую тэхніку".

    Дакумент прадугледжвае прывязку дзеючай рэгрэсіўнай шкалы гранічных аптовых і гандлёвых надбавак, што прымяняюцца пры фарміраванні цэн на лекавыя сродкі, медыцынскія вырабы і медыцынскую тэхніку, да базавай велічыні замест долара ЗША.

    Прадугледжваецца таксама дыферэнцыраванае змяншэнне гранічных памераў аптовых і гандлёвых надбавак, што прымяняюцца пры фарміраванні цэн на медыцынскія тавары, па меры росту адпускных цэн беларускіх вытворцаў (разліковых адпускных цэн імпарцёраў) на гэту прадукцыю.

    Прадастаўляецца магчымасць рэалізацыі медыцынскіх тавараў ніжэй за адпускную (разліковую адпускную) цану.

    Гэтыя меры дадуць магчымасць знізіць кошт лекавых сродкаў (у сярэднім на 2,1% - ад Br2 тыс. да Br40 тыс. за адзінку тавару) і тым самым павысіць іх цэнавую даступнасць для насельніцтва; павялічыць аб'ём рэалізацыі айчынных медыцынскіх тавараў, захаваўшы пры гэтым бясстратную работу гандлёвай сеткі. Акрамя таго, гэта дасць магчымасць выключыць неабгрунтаванае павелічэнне даходаў аптэчнай сеткі пры росце курсаў замежных валют на рынку і скараціць расходы бюджэтных сродкаў пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак.