Каментарый да Указа № 224 ад 16 мая 2014 г.

    Зацверджаны новыя ўзоры Ганаровага знака і дыплома лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Гэта прадугледжана Указам № 224 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 красавіка 2005 г. № 169", які Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 мая.

    Дзяржаўная прэмія з'яўляецца вышэйшым прызнаннем заслуг дзеячаў навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры перад грамадствам і дзяржавай. Гэтыя ўзнагароды прысуджаюцца раз у два гады за творчы вынік высокай грамадскай значнасці або дасягненні, якія істотна ўзбагацілі айчынную і сусветную навуку.

    Ганаровы знак выраблены з серабра па новай мастацка-вобразнай мадэлі. Набор выкарыстаных у Ганаровым знаку нацыянальных сімвалаў - відарысаў Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, беларускага арнаменту, разгорнутай кнігі, сямі круглых дэкаратыўных упрыгажэнняў, якія адпавядаюць адміністрацыйным рэгіёнам Рэспублікі Беларусь, колераў Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь - поўнасцю раскрывае сэнс уручаемай высокай узнагароды і адпавядае патрабаванням, што прад'яўляюцца да афіцыйных геральдычных сімвалаў.

    Ганаровы знак лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і дыплом лаўрэата Дзяржаўнай прэміі ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

    Прыняцце Указа з'яўляецца сведчаннем прызнання і высокай ацэнкі дзяржавай выдатных творчых дасягненняў у галіне навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры.