Каментарый да Указа № 219 ад 16 мая 2014 г.

    Да 2019 года на Заходняй Дзвіне сумесна з кітайскай кампаніяй пабудуюць Віцебскую ГЭС. Гэта прадугледжана Указам № 219 "Аб будаўніцтве Віцебскай ГЭС на рацэ Заходняя Дзвіна", які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 мая.

    Згодна з Указам да 1 студзеня 2019 года будзе ажыццёўлена комплекснае будаўніцтва Віцебскай ГЭС у адпаведнасці з кантрактам, заключаным паміж РУП "Віцебскэнерга" і кітайскай кампаніяй "China National Electric Engineering Co., Ltd".

    Прадугледжваецца будаўніцтва аб'екта з чатырма гідраагрэгатамі сумарнай устаноўленай магутнасцю 40 МВт, у тым ліку праектаванне, пастаўка і мантаж абсталявання, пусканаладачныя і рэжымна-наладачныя работы, выпрабаванні, тэхнічнае абслугоўванне ў гарантыйны перыяд, навучанне персаналу, выкананне арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, падрыхтоўка дазвольнай дакументацыі і ўвод у эксплуатацыю аб'екта.

    Кошт будаўніцтва аб'екта па кантракце складае $189,55 млн без ПДВ і мытных плацяжоў. Фінансаванне будаўніцтва будзе ажыццяўляцца за кошт крэдытных сродкаў Дзяржаўнага банка развіцця Кітая і ўласных сродкаў РУП "Віцебскэнерга".

    Для выканання праектных, будаўніча-мантажных, наладачных работ і пастаўкі матэрыялаў пры рэалізацыі праекта будуць прыцягнуты праектныя і будаўніча-мантажныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь у аб'ёме не менш як 30 % ад агульнага кошту кантракта.