Каментарый да Указа № 219 ад 13 мая 2013 г.

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 13 мая падпісаў Указ № 219 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".

    Дакумент накіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання ў галіне жыллёвых адносін, а таксама на прывядзенне асобных актаў Прэзідэнта ў адпаведнасць з новым Жыллёвым кодэксам Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у сілу 2 красавіка 2013 года.

    У прыватнасці, Указам прадугледжваецца дапаўненне пераліку адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам ад 26 красавіка 2010 года № 200, новымі адміністрацыйнымі працэдурамі, неабходнасць ажыццяўлення якіх абумоўлена палажэннямі Жыллёвага кодэкса, і карэкціруюцца ўжо існуючыя адміністрацыйныя працэдуры.

    Дакументам уносяцца таксама змяненні і дапаўненні ва Указ ад 2 лютага 2009 года № 58 "Аб некаторых мерах па абароне маёмасных правоў пры адабранні зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб". У названым акце Кіраўніка дзяржавы ўстанаўліваецца парадак рэалізацыі маёмасных правоў уласнікамі абцяжаранай рэнтай нерухомай маёмасцi, якая падлягае зносу ў сувязі з адабраннем зямельнага ўчастка для дзяржаўных патрэб.

    Указам выкладаецца ў новай рэдакцыі пералік жыллёва-камунальных і эксплуатацыйных паслуг, што аказваюцца фізічным асобам, абароты па рэалізацыі якіх на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вызваляюцца ад абкладання падаткам на дабаўленую вартасць.

    У адпаведнасці з Указам прызнаюцца страціўшымі сілу раней выдадзеныя прававыя акты Прэзідэнта, нарматыўныя прадпісанні якіх у поўным аб'ёме рэалізаваны ў Жыллёвым кодэксе.

    Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.