Каментарый да Указа № 197 ад 17 красавіка 2013 г.

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 красавіка падпісаў Указ № 197 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 верасня 2007 г. № 413", які накіраваны на карэкціроўку Палажэння аб рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання.

    Карэкціроўкі ўносяцца ў мэтах удакладнення парадку рэгістрацыі непаўналетніх дзяцей, а таксама прывядзення названага Палажэння ў адпаведнасць з заканадаўчымі актамі, у тым ліку з Жыллёвым кодэксам Беларусі, які ўступіў у сілу 2 сакавіка 2013 года.

    Згодна з Указам, для абароны інтарэсаў непаўналетніх дзяцей іх рэгістрацыя будзе захоўвацца па месцы жыхарства бацькоў незалежна ад далейшага месца знаходжання гэтых дзяцей (у дзіцячых дамах, інтэрнатах, апякунскіх сем'ях).

    Бацькі, а таксама ўсынавіцелі або ўдачарыцелі, абавязаны зарэгістраваць непаўналетніх дзяцей па сваім месцы жыхарства не пазней за адзін месяц з дня рэгістрацыі нараджэння або пераезду на новае месца жыхарства або ўступлення ў сілу рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні).

    У выпадку замацавання мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі за дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, жылых памяшканняў рэгістрацыя такіх дзяцей па месцы жыхарства ў гэтых памяшканнях, у тым ліку пасля дасягнення паўналецця, ажыццяўляецца без згоды ўласнікаў, а таксама іншых асоб, зарэгістраваных у гэтых жылых памяшканнях.

    Акрамя таго, Указам устанаўліваецца парадак рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання ў жылых памяшканнях, якія знаходзяцца ва ўласнасці або карыстанні адначасова дзвюх і больш асоб. У прыватнасці, вызначаюцца асобы, згода якіх патрэбна на рэгістрацыю родных, сваякоў, непрацаздольных утрыманцаў і іншых грамадзян да ўдзельніка агульнай долевай уласнасці, наймальніка жылога памяшкання.