Каментарый да Указа № 165 ад 14 красавіка 2014 г.

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 14 красавіка падпісаў Указ №165 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях страхавой дзейнасці".

    Дакументам ажыццяўляецца комплексная карэкціроўка заканадаўства аб страхаванні ў мэтах павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага рэгулявання страхавой дзейнасці, канкурэнтаздольнасці і ўстойлівасці страхавога рынку Беларусі.

    Указам прадугледжаны меры, накіраваныя на рост узроўню капіталізацыі страхоўшчыкаў і павышэнне іх фінансавай устойлівасці, узмацненне абароны інтарэсаў страхавальнікаў, удасканаленне парадку і ўмоў правядзення асобных відаў абавязковага страхавання.

    У прыватнасці, для забеспячэння фінансавай кампенсацыі нанесенага   грамадзянам і арганізацыям урону пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі на патэнцыяльна небяспечных аб'ектах і пры перавозцы небяспечных грузаў прадугледжваецца ўвядзенне двух новых відаў абавязковага страхавання: грамадзянскай адказнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за ўрон , нанесены дзейнасцю, звязанай з эксплуатацыяй асобных аб'ектаў, і грамадзянскай адказнасці перавозчыка пры перавозцы небяспечных грузаў.

    У інтарэсах страхавальнікаў па дагаворах абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў Указам павялічаны памер страхавой выплаты пры афармленні дарожна-транспартнага здарэння без выкліку супрацоўнікаў ДАІ з 200 да 400 еўра, зняты абмежаванні па агульным памеры страхавога пакрыцця некалькім пацярпелым па адным страхавым выпадку.

    Па дагаворах абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі павялічаны памер страхавой сумы па кампенсацыі ўрону, нанесенага жыццю або здароўю пацярпелага, з 3 тыс. да 5 тыс. еўра, па абавязковым страхаванні будынкаў, што належаць грамадзянам, зніжаны страхавы тарыф з 0,15 да 0,14%.

    Таксама Указам у рамках ажыццяўлення абавязковага медыцынскага страхавання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, гэтым катэгорыям грамадзян прадастаўлена права выкарыстоўваць страхавы поліс замежных страхавых арганізацый без заключэння дадатковага дагавора абавязковага медыцынскага страхавання з беларускім страхоўшчыкам.

    Указам урэгуляваны і іншыя пытанні па відах абавязковага страхавання.

    Для ўзмацнення абароны інтарэсаў страхавальнікаў (застрахаваных асоб), павышэння прывабнасці відаў добраахвотнага страхавання жыцця ва Указе замацавана патрабаванне для страхавых арганізацый, якія ажыццяўляюць страхаванне жыцця, накіроўваць на павелічэнне накапленняў грамадзян не менш як 50% прыбытку ад інвесціравання сродкаў страхавых рэзерваў.

    Акрамя таго, страхавыя арганізацыі з замежнымі інвестыцыямі атрымалі права заключаць дагаворы добраахвотнага страхавання жыцця з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

    У мэтах развіцця добраахвотнага медыцынскага страхавання Указ прадастаўляе права арганізацыям-страхавальнікам уключаць у затраты страхавыя ўзносы па добраахвотным страхаванні медыцынскіх расходаў незалежна ад формы ўласнасці страхавой арганізацыі, з якой заключаны дагавор страхавання, і арганізацыі аховы здароўя, што аказвае медыцынскую дапамогу застрахаваным асобам.

    Змяненні, прадугледжаныя Указам, улічваюць маючую адбыцца гарманізацыю заканадаўстваў удзельнікаў агульнага фінансавага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза.