Каментарый да Указа № 157 ад 5 красавіка 2012 г.

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 5 красавіка падпісаў Указ № 157 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб".

    Указ прадугледжвае прывядзенне шэрагу прававых актаў Кіраўніка дзяржавы ў адпаведнасць з Законам "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб".

    Дакументам таксама ўносяцца дапаўненні ва Указ ад 15 кастрычніка 2007 года № 498 "Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб", што ўдакладняюць парадак падачы і разгляду электронных зваротаў. У прыватнасці, устанаўліваецца абавязак дзяржаўнага органа размяшчаць інфармацыю аб спосабе або спосабах падачы электронных зваротаў у гэты дзяржаўны орган на сваім афіцыйным інтэрнэт-сайце, што дасць магчымасць грамадзянам і юрыдычным асобам атрымліваць дакладныя і актуальныя звесткі аб парадку падачы электронных зваротаў у канкрэтны дзяржорган. Дзяржаўнаму органу таксама даецца права размяшчаць адказы на электронныя звароты, якія маюць масавы характар, на сваім афіцыйным інтэрнэт-сайце без іх накіравання заяўнікам, што будзе садзейнічаць давядзенню да ўсеагульнага ведама інфармацыі па пытаннях, якія выклікаюць вялікі грамадскі інтарэс.