Каментарый да Указа  № 49 ад 9 лютага 2015 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 9 лютага падпісаў Указ № 49 "Аб забеспячэнні парадку пры ажыццяўленні валютных аперацый".

    Дакумент выдадзены ў мэтах недапушчэння развіцця негатыўных тэндэнцый на валютным і фінансавым рынках з улікам павелічэння попыту на замежную валюту.

    Указ прадугледжвае, у прыватнасці, павелічэнне памераў адміністрацыйных штрафаў за незаконныя скупку, продаж, абмен замежнай валюты (да 150 базавых велічынь, а пры паўторным учыненні - да 200 базавых велічынь), за незаконнае прыманне замежнай валюты ў якасці плацежнага сродку (да 100 базавых велічынь, а для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб - да 200 базавых велічынь, пры паўторным учыненні - адпаведна да 200 і 300 базавых велічынь).

    За ажыццяўленне валютнай аперацыі без атрымання ў неабходных выпадках дазволу Нацыянальнага банка прадугледжваецца павелічэнне адміністрацыйнага штрафу да 100 базавых велічынь, а для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб - да 200 базавых велічынь.

    Дакументам прадугледжваецца ўвядзенне магчымасці канфіскацыі не толькі замежнай валюты, якая з'яўляецца прадметам адміністрацыйнага правапарушэння, але і ўсёй замежнай валюты і іншых грашовых сродкаў, што знаходзіліся ў вінаватай асобы пры сабе на момант учынення правапарушэння.

    Устаноўлена таксама адміністрацыйная адказнасць за спробу скупкі, продажу, абмену замежнай валюты, якія ажыццяўляюцца без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) або дзяржаўнай рэгістрацыі, што дасць магчымасць прыцягваць да адказнасці асоб, якія навязваюць грамадзянам свае паслугі па правядзенні незаконных аперацый з валютай.

    Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання і дзейнічае да ўступлення ў сілу закона Рэспублікі Беларусь аб унясенні адпаведных дапаўненняў і змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.