Каментарый да Дэкрэта № 4 ад 2 чэрвеня 2015 г.

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 2 чэрвеня падпісаў Дэкрэт № 4, якім уносяцца змяненні і дапаўненні ў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1999 года № 2 "Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб'яднанняў".

    Дакумент распрацаваны з улікам правапрымяняльнай практыкі і інтарэсаў прафесійных саюзаў. Дзеючыя прававыя нормы прыводзяцца ў адпаведнасць з рэальнымі ўмовамі стварэння і дзейнасці прафесійных саюзаў. Так, выключаецца палажэнне аб неабходнасці наяўнасці не менш як 10 % работнікаў (навучэнцаў) ад іх агульнай колькасці на прадпрыемстве, ва ўстанове, арганізацыі для стварэння і дзейнасці там прафсаюза.

    Акрамя таго, прыведзены ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам асобныя прадпісанні Палажэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі) прафесійных саюзаў і іх саюзаў (асацыяцый).

    Унесеныя змяненні ствараюць больш спрыяльныя ўмовы для дзейнасці прафсаюзаў, рэалізацыі і абароны сацыяльна-працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў.

    Дэкрэт № 4 уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.