Каментарый да Дэкрэта № 1 ад 14 студзеня 2014 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 14 студзеня падпісаў Дэкрэт №1 "Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання абароту насення маку".

    Дакумент падрыхтаваны Міністэрствам унутраных спраў ва ўзаемадзеянні з Адміністрацыяй Прэзідэнта Беларусі і Дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі. Дэкрэтам прадугледжаны комплекс мер, накіраваных на спыненне некантралюемага ўвозу ў Беларусь насення маку і яго распаўсюджвання.

    У прыватнасці, за дзяржавай замацоўваецца выключнае права на ажыццяўленне аптовага гандлю насеннем маку. Рэалізацыя гэтага права будзе ажыццяўляцца толькі юрыдычнымі асобамі, якія вызначаюцца Саветам Міністраў (упаўнаважанымі арганізацыямі).

    Забараняецца рознічны гандаль насеннем маку ў магазінах плошчай менш як 50 кв.м (за выключэннем гандлёвых аб'ектаў арганізацый спажывецкай кааперацыі, магазінаў іншых арганізацый, размешчаных у сельскай мясцовасці), на рынках, з выкарыстаннем гандлёвых аўтаматаў, шляхам ажыццяўлення разноснага гандлю і гандлю па ўзорах. Пры гэтым насенне маку, што прадаецца, павінна быць расфасавана ў спецыяльную ўпакоўку масай не больш як 200 г.

    Таксама забараняецца захоўванне і перамяшчэнне юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і грамадзянамі насення маку з парушэннем умоў, вызначаных Дэкрэтам.

    За парушэнні юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і грамадзянамі ўстаноўленага парадку абароту насення маку пры яго перамяшчэнні, захоўванні і рэалізацыі дэкрэтам устаноўлена адміністрацыйная адказнасць з прымяненнем такіх відаў санкцый, як штраф і канфіскацыя.

    Так, за захоўванне, перамяшчэнне па тэрыторыі Беларусі фізічнай асобай больш як 2 кг насення маку, не расфасаванага ў спецыяльную ўпакоўку, прадугледжаны штраф у памеры да 70 базавых велічынь з канфіскацыяй насення маку, што перасягае дапушчальную колькасць, а таксама транспартных сродкаў, выкарыстаных для яго перамяшчэння.

    Перамяшчэнне па тэрыторыі Беларусі індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай асобай насення маку без заключэння дагавора куплі-продажу або пастаўкі з упаўнаважанай арганізацыяй прыводзіць да адказнасці ў выглядзе штрафу да 250 (для індывідуальнага прадпрымальніка) або 300 (для юрыдычнай асобы) базавых велічынь з канфіскацыяй насення маку, а таксама транспартных сродкаў, выкарыстаных для яго перамяшчэння.

    Складаць пратаколы аб адпаведных правапарушэннях будуць службовыя асобы органаў унутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, падатковых органаў і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Разгляд спраў аб такіх адміністрацыйных правапарушэннях аднесены да кампетэнцыі судоў.

    Пералічаныя меры ўводзяцца ў дзеянне з 1 лютага 2014 года. Да гэтай даты Ураду даручана вызначыць пералік арганізацый, упаўнаважаных на ажыццяўленне аптовага гандлю насеннем маку, а таксама парадак ажыццяўлення імі аптовага гандлю такім насеннем.