Каментары да Указа № 504 ад 8 лістапада 2012 г.

    У Беларусі ўдакладнены некаторыя нормы Правіл водпуску драўніны на пні і яе нарыхтоўкі ў лясах. Гэта прадугледжана Указам № 504 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2007 г. № 214 і ад 9 верасня 2009 г. № 444", які 8 лістапада падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

    Дакументам удакладняюцца асобныя нормы Правіл водпуску драўніны на пні і яе нарыхтоўкі ў лясах Рэспублікі Беларусь, Палажэння аб парадку прадастаўлення ўчасткаў ляснога фонду юрыдычным асобам у арэнду і (або) карыстанне для ажыццяўлення лесакарыстання, а таксама выкладаюцца ў новай рэдакцыі Правілы рэалізацыі драўніны на ўнутраным рынку рэспублікі.

    У прыватнасці, у правілы ўводзіцца норма аб нераспаўсюджванні дзеяння правіл на аб'екты рэканструкцыі меліярацыйных сістэм і гідратэхнічных збудаванняў, удакладняецца тэрміналогія, спрашчаецца афармленне дакументаў у выпадку дробнага водпуску лясніцтвам драўніны на дровы і павялічваецца аб'ём такой драўніны да 15 куб.м замест раней устаноўленай нормы да 10 куб.м.

    Існуючы прававы прабел пры прыняцці рашэнняў аб выдзяленні зямельных участкаў для стварэння вальер для дзікіх жывёл урэгуляваны змяненнямі, што ўносяцца ў палажэнне.

    Акрамя таго, палажэннем удакладняецца парадак узаемадзеяння дзяржаўнага органа (арганізацыі) з лесакарыстальнікам і юрыдычнай асобай, якая вядзе лясную гаспадарку.

    Выкладанне Правіл рэалізацыі драўніны на ўнутраным рынку ў новай рэдакцыі абумоўлена неабходнасцю павышэння эфектыўнасці выкарыстання дзелавой драўніны, якая нарыхтоўваецца ў краіне. Існуючая цяпер сістэма рэалізацыі драўніны на пні мае значныя недахопы, паколькі пры яе нарыхтоўцы атрымліваюцца спадарожныя сартыменты, якія не выкарыстоўваюцца ў вытворчасці.

    У сувязі з гэтым для ажыццяўлення пераходу да рэалізацыі драўніны ў нарыхтаваным выглядзе ўводзіцца норма па паступоваму змяншэнню аб'ёмаў рэалізацыі драўніны на пні на біржавых таргах з 50% аб'ёму лесасечнага фонду прапарцыянальна па групах парод у 2013 годзе (3,2 млн.куб.м) да 25% у 2014 годзе (1,7 млн.куб.м), а з 2015 года прапануецца рэалізоўваць драўніну на пні толькі з мяккаліставага лесасечнага фонду на цяжкадаступных участках ляснога фонду (0,8 млн.куб.м).

    Гэты перыяд будзе дастатковым для паступовага пераходу на новы парадак рэалізацыі драўніны і фарміравання рынку паслуг лесанарыхтоўшчыкаў.

    Гэтым будзе дасягнуты адзіны ўзровень цэн і роўныя ўмовы набыцця драўніны ў нарыхтаваным выглядзе для ўсіх дрэваапрацоўчых арганізацый, а таксама дасць магчымасць забяспечыць асваенне ўсяго гадавога аб'ёму існуючай драўніны на пні.

    У сувязі з тым, што пераход на новы механізм можа прывесці да павелічэння кошту нарыхтоўчых работ на 10-15%, і ўлічваючы тое, што сельскагаспадарчыя арганізацыі самастойна нарыхтоўваюць лес, Указам у мэтах рэалізацыі дзяржаўных праграм прадугледжана выдзяленне драўніны на пні па фондах аблвыканкамаў у аб'ёме не большым за 15% ад аб'ёму лесасечнага фонду Мінлясгаса. Каб гарантаваць магчымасць набыцця піламатэрыялаў насельніцтвам, бюджэтнымі, будаўнічымі арганізацыямі, арганізацыямі аграпрамысловага комплексу, частка драўніны з фонду аблвыканкама будзе размяркоўвацца дрэваапрацоўчым вытворчасцям Мінлясгаса для частковай загрузкі іх дрэваапрацоўчых магутнасцей для забеспячэння названых мэт.