Камандзір сапёрна-піратэхнічнай групы вайсковай часці 5530 унутраных войскаў МУС капітан Аляксей Астроўскі ўзнагароджаны медалём "За адвагу"

    Камандзір сапёрна-піратэхнічнай групы вайсковай часці 5530 унутраных войскаў МУС капітан Аляксей Астроўскі ўзнагароджаны медалём "За адвагу". Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    Ваеннаслужачы ўдастоены ўзнагароды за асабістую мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку, смелыя і рашучыя дзеянні па абясшкоджванні і знішчэнні выбухованебяспечных прадметаў.

    У студзені бягучага года Аляксей Астроўскі правёў аперацыю па абясшкоджванні 7 артылерыйскіх снарадаў калібру 125 мм. Боепрыпасы перавозіліся незаконна ў аўтамабілі. У час транспарціроўкі па лясным масіве Полацкага раёна адзін са снарадаў узарваўся, у выніку чаго загінуў чалавек. З-за ўзрыву снарады былі хаатычна раскіданы па кузаве пашкоджанага аўтамабіля, доступ да іх быў ускладнены. Капітану спатрэбілася больш за 5 гадзін, вытрымка, самавалоданне і спецыяльныя навыкі, каб вырашыць нестандартную задачу і з рызыкай для жыцця абясшкодзіць снарады.