Каляднае богаслужэнне ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска

  • 6

Асноўнай сутнасцю беларускай палітыкі ў далейшым стане падтрымка дзяцей і старых. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 7 студзеня на калядным богаслужэнні ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх прысутных, увесь беларускі народ са святам Ражджаства Хрыстовага, пажадаў міру і дабра. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заўсёды няпроста гаварыць у храме. "Складана таму, што не толькі тыя, хто тут прысутнічае, але і тыя, хто пачуе мяне ў гэта свята, заўсёды асаблівую ўвагу звяртаюць на акцэнты, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Напэўна, не месца сёння для будзённых размоў, але тым не менш скажу аб тым, што датычыцца нашай краіны".

"Я рызыкнуў нядаўна, у канцы мінулага года, сказаць, што надыходзячы год не будзе лягчэйшы, чым папярэдні. Вы бачыце, што адбываецца вакол нашай краіны. Многія людзі ў нас у грамадстве кажуць па-беларуску: "добра, перажывём, абы не было вайны. Я не прытрымліваюся гэтага лозунга. Жыць трэба заўсёды. І мы будзем заўсёды жыць годна і нармальна. Але ў гэтым ёсць глыбокі сэнс, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - І мы ў гэтым пераканаліся на прыкладзе нашых суседзяў: калі вайна, тады не хочацца нічога. Толькі міру. Толькі б захаваць жыццё. І людзі думаюць нават не аб сабе. Людзі думаюць аб сваіх дзецях. Таму першы наш зварот да Госпада, каб ён сапраўды нас абараніў і захаваў нашу краіну такой, якая яна ёсць цяпер. Большага мы проста не можам прасіць сёння. Таму што ўсё астатняе залежыць ад нас". Калі будзе мір, то чалавек зможа зрабіць усё, лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў: "Нам трэба спадзявацца толькі на сябе, кожны чалавек павінен разлічваць толькі на сябе. А ўсё, што зможа дзяржава, гэта я вам абяцаю, яна зробіць для народа. Але гэта будзе ўжо ў дадатак да таго, што вы зможаце зрабіць самі для сябе, для сваіх сем'яў і дзяцей".

"Я, наколькі гэта магчыма, дэманстраваў палітыку, якую мы будзем праводзіць у бліжэйшы час, - падкрэсліў Прэзідэнт. - І сутнасцю гэтай палітыкі стануць дзеці і старыя. Лічу, не трэба вам тлумачыць, чаму. Старыя - гэта тая частка нашага насельніцтва, якая стварыла нам тое, што мы сёння маем. А маем нямала, і гэта іх працай створана. Па-другое, гэта людзі слабыя, няхай яны нават не хворыя, а здаровыя, але яны ўжо не могуць тое, што маглі рабіць у мінулым. І па іншых прычынах яны маюць патрэбу ў падтрымцы".

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў: "Як мы ставімся да старэйшага пакалення, так і да нас будуць ставіцца нашы дзеці. Дзеці - гэта наша будучыня. І мы для іх павінны зрабіць тое, што павінны". "Пры гэтым мы не павінны іх залішне ахоўваць, апекаваць, - перакананы  Кіраўнік дзяржавы. - Яны ў нас мудрыя сёння, у іх ёсць магчымасць ва ўсім разабрацца, прытым правільна разабрацца. Трэба толькі дапамагчы накіраваць іх па правільнай дарозе, па якой яны павінны пайсці".

Кіраўнік краіны растлумачыў, што гэта і ёсць асноўная сутнасць палітыкі, якая будзе праводзіцца ў Беларусі. "Мы будзем рабіць усё, каб нашы дзеці раслі не толькі здаровымі, але і адукаванымі, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы будзем рабіць усё, каб абараніць чалавека, зрабіць яго жыццё як мага больш доўгім. Дарэчы, мы і так нямала зрабілі за 10 апошніх гадоў, у нас сярэдняя працягласць жыцця вырасла прыкладна на 5 гадоў. Ніводная дзяржава ў свеце не дэманстравала такое павелічэнне працягласці жыцця. Таму мы будзем рабіць усё для здароўя, адукацыі людзей, для таго, каб чалавек сам потым мог сябе забяспечыць".

"Мы будзем жыць у абсалютна дэмакратычным прававым грамадстве, як мы жылі дагэтуль, як бы нас не крытыкавалі, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Праўда, крытыкі, якія нас падвяргалі збіванню ў гэтым пытанні, сёння змоўклі, пераканаўшыся ў тым, што і дэмакратыі, і правоў чалавека ў Беларусі не менш, чым у іншых. А я аб гэтым гаварыў заўсёды. І самае галоўнае - гэта права жыць. Нікому не патрэбна такая дэмакратыя, дзе кожны дзень на вуліцы страляюць і забіваюць за год сотні тысяч людзей".

"Таму мы будзем жыць у адкрытым грамадстве, дзе чалавек павінен гаварыць тое, што ён думае, дзе чалавек павінен выкладаць свае думкі. Але калі большасцю або згодна з законам прынята рашэнне, выбачайце, яму трэба падпарадкоўвацца. Інакш гэта два крокі да вайны, калі так не будзе", - лічыць Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў грамадстве павінен быць парадак. "Ні ў якім разе - ніякага насілля, ніякіх здзекаў з чалавека, ніякага ўніжэння чалавека", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, усё павінна быць на карысць людзям.

Асобна Прэзідэнт закрануў і важнасць духоўнага развіцця грамадства, у якім вялікую ролю адыгрывае царква. Ён адзначыў, што не разумее тэзіса "царква па-за дзяржавай і аддзелена ад дзяржавы". "Сёння царква ў Беларусі ператварылася ў адно з апірышчаў нашай дзяржавы, што забяспечвае разам з іншымі зацікаўленымі органамі ўлады і арганізацыямі баланс нашага грамадства, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Царква і нашы свяшчэннаслужыцелі, як ніхто ў свеце, шмат зрабілі для міру і стабільнасці ў нашай дзяржаве. Дык дзе наша царква? Вядома, у дзяржаве".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, улада ні ў якім разе не павінна залішне ўмешвацца ў справы царквы. "Царква больш чым іншая арганізацыя з'яўляецца самастойнай у нашай дзяржаве, - падкрэсліў Прэзідэнт. - І мы гэта падтрымліваем. Вы мне адкажыце на адно пытанне - у нас царква дзейнічае ў адпаведнасці з законам, Канстытуцыяй? Вядома. А хто стварае закон і Канстытуцыю? Дзяржава, яе прадстаўнікі. Вось і адказ на пытанне аб рэальным стане спраў".

"І ўсе ў царкве, выбачайце мне за гэту заўвагу, як Прэзідэнт і Кіраўнік дзяржавы я магу гэта сказаць, павінны разумець: царква дзейнічае і функцыянуе ва ўмовах суверэннай і незалежнай дзяржавы", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў перакананасць, што царква не павінна быць застылай, каб выконваць сваю функцыю, а павінна развівацца, удасканальвацца. Бо сучасны свет, ды і Беларусь мяняюцца. "Мы не былі суверэннай незалежнай дзяржавай у такой ступені, у якой з'яўляемся цяпер, - перакананы Прэзідэнт. - Зразумела, усе інстытуты ўлады і арганізацыі, у тым ліку царква, павінны прыстасоўвацца да гэтага, таксама ўдасканальвацца ў гэтым напрамку. Але яшчэ раз падкрэсліваю, што ўсе мы і царква павінны разумець - мы суверэнныя і незалежныя".

Прэзідэнт заявіў, што нікому не будзе дазволена парушыць адзінства царквы. "Царква ў нас была прыкладам для пераймання ва ўсім свеце. Такой яна і застанецца".

На думку Кіраўніка дзяржавы, у Беларусі працуюць выдатныя свяшчэннаслужыцелі. "Недахопы ёсць усюды, але ў нас у цэлым добрыя свяшчэннаслужыцелі. Дай Бог, каб такія былі ў любой дзяржаве. І я лічу, што здаровыя сілы, а іх пераважная большасць, заўсёды будуць мець і найбольшую перавагу ў вызначэнні шляхоў развіцця нашай царквы, таксама як і нашай дзяржавы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны адзначыў, што гэты год будзе няпростым - і не таму, што мы дрэнна працуем, не таму, што мы недзе чагосьці не бачым або не ўмеем рабіць. "Свет змяняецца. А да зменлівага свету складана прыстасоўвацца - тое, што ёсць сёння, заўтра ўжо будзе іншым, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Але той курс, які мы вызначылі - гэта святое - абарона чалавека, стварэнне ўмоў для яго нармальнага жыцця. Таму вы не слухайце гэтыя размовы, паколькі заўсёды, калі складана, з'яўляюцца розныя тэорыі: рэфармаваць, разбурыць дашчэнту, затым новае нешта стварыць".

Прэзідэнт заўважыў, што краіна перажывала ўжо гэта не аднойчы і таму нічога бурыць не будзем. "У нас шмат добрага. Дрэннае мы заўсёды адкідаем, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэтак будзем жыць і далей. Але ўсё добрае мы будзем удасканальваць. Усё, што створана народам, мы нікому задарма прадаваць не маем намеру. Усё, што створана людзьмі, павінна належаць людзям. Тым больш мы ўбачылі, што адбываецца там, дзе ўсё падзялілі: з'явіліся алігархічныя колы, узброіліся і пачалі ваяваць адзін з адным, уцягваючы ў гэта ўсё грамадства і народ. Нам гэта трэба? Не".

Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў, што "ўсё лепшае і каштоўнае, што ёсць у свеце, мы прыўнясём у нашу краіну і на гэта будзем абапірацца".

Ён упэўнены, што Беларусь паспяхова пераадолее ўсе складанасці на шляху свайго развіцця, тым больш што яны не катастрафічныя для нашай дзяржавы.

Як запэўніў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь і ў далейшым мае намер праводзіць узважаную міралюбівую палітыку. Пры гэтым Прэзідэнт заявіў, што "мы нікому ні пядзі сваёй зямлі не аддадзім, гэта наша зямля, для нашых людзей, для нашых дзяцей".

Завяршаючы сваё выступленне, Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць святкавання Ражджаства Хрыстовага і Уваскрэсення Хрыстовага. Нараўне з іншымі беларускімі святамі - гэта скарбніца духоўнасці. "І мы будзем аб'ядноўвацца вакол нашых святынь, матэрыяльных, духоўных, для таго, каб захаваць наша адзінства", - запэўніў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы перадаў у дар Мітрапаліту Паўлу карціну "Віфлеемская зорка", вырабленую беларускім майстрам.

У сваю чаргу Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўручыў Аляксандру Лукашэнку ікону з выявай вобраза Збавіцеля.

Аляксандр Лукашэнка разам са сваім малодшым сынам Мікалаем запаліў свечку каля іконы Мінскай Божай Маці.