Інтэрв'ю тэлеканалу "Расія 1"
- 5
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня даў інтэрв'ю тэлеканалу "Расія 1".
У якасці інтэрв'юера выступіла тэлевядучая Вольга Скабеева. Яна сустрэлася з Кіраўніком дзяржавы пасля наведвання ім аднаго з прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу ў Мінскай вобласці.
У першую чаргу Вольга Скабеева падзялілася сваімі ўражаннямі ад наведвання беларускай граніцы, дзе размешчаны зенітна-ракетныя комплексы C-400.
"Мы ўчора былі на граніцы. Нам усё паказалі. Мы прыйшлі да высновы, што граніца на замку і вораг дакладна не пройдзе", - адзначыла тэлевядучая.
"Абсалютна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заявіў, што Беларусь і Расія выконваюць усе дамоўленасці ў ваеннай сферы. "Некалі даўно-даўно (калі мы з Пуціным неяк спрачаліся - газ, нафта, малочныя войны) я сказаў, што не трэба нам адзін супраць аднаго ваяваць. Настане час, калі плячо ў плячо будзем стаяць і адстрэльвацца. Твае калегі, асабліва ў Расіі: "Хі-хі, ха-ха. Як адстрэльвацца?" А сёння? А сёння адстрэльваемся, стоячы плячо ў плячо", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб расійскай спецыяльнай ваеннай аперацыі, Прэзідэнт звярнуў увагу, што кіраўніцтва Расіі, у тым ліку Уладзімір Пуцін, ніколі не прасіла Беларусь далучыцца да баявых дзеянняў. "Таму што гэта намнога горш было б", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адразу заявіў: беларусы не дазволяць страляць у спіну расіянам. "Гэта наша роля ў гэтай вайне", - нагадаў ён.
Тэлевядучая Вольга Скабеева ў сваю чаргу заўважыла: "Розныя былі часы. Але ў нас у Расіі ўсе бясконца Вам удзячныя. Іншым разам складваецца адчуванне, што Расія адна супраць не проста блока НАТА - 51 дзяржава дапамагае Украіне. І вось ёсць такі брат, сябар, таварыш - гэта, зразумела, дарагога каштуе".
"Тут няма нічога незвычайнага. Мы маем з Расійскай Федэрацыяй дагавор, па якім у нас фактычна адзіная армія. Мы сварыліся, біліся па ўсіх напрамках, але ўзброеныя сілы захавалі адзінства. І ўсё, што прапісана планам (а план не сакрэтны, мы Захаду аб гэтым гаварылі), мы захоўваем і выконваем", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо ёсць вялікія перадумовы для заканчэння вайны ва Украіне.
"У нас з Польшчай, Латвіяй, Літвой граніца 2,5 тысячы кіламетраў. Яе трэба закрыць. Хто сёння гарантуе, што ў нас няма адтуль пагрозы? Аказваецца, ёсць. Ачумелыя натаўцы праводзяць вучэнні. Нас папракаюць, што мы ядзерную зброю пад нараду НАТА ў Вільнюсе падцягваем, а яны вучэнні праводзяць - дзясяткі тысяч чалавек удзельнічаюць з усяго блока НАТА. Таму той напрамак вельмі небяспечны. Я не прарок, але ва Украіне мы закончым гэту вайну. Да гэтага ўжо вялікія перадумовы. Але далей нам гэтыя ачумелыя з Захаду шмат праблем створаць. І калі толькі яны гэтыя лініі (як любяць гаварыць) пяройдуць, будзе ім вельмі балюча", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Захад, нягледзячы на свае крокі, на самай справе вельмі баіцца новай маштабнай вайны. "Я сустракаўся з людзьмі, якія не апошнюю ролю адыгрываюць у гэтым і прымаюць радыкальныя, кардынальныя і канчатковыя рашэнні ў выпадку "калі". Яны больш за ўсё баяцца (і аб гэтым адкрыта ўсе гавораць) ядзернай катастрофы. Яны баяцца прымянення ядзернай зброі ва Украіне. Гэта зразумела. Мы таксама не хочам, таксама баімся. Таму што гэта можа прывесці, як спецыялісты гавораць, да сусветнай катастрофы, і шарык можа з арбіты сысці, калі гэта ўся зброя ўзарвецца", - сказаў Прэзідэнт.
Ён лічыць, што Расія можа прымяніць ядзерную зброю, калі вораг уварвецца на яе тэрыторыю і гэта агрэсія будзе пагражаць існаванню дзяржавы. "З вугла ж толькі наперад можна выйсці. Вось тады чакайце", - вобразна выказаўся Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што, пакуль ёсць магчымасць, неабходна дамаўляцца. Аднак Захад, паводле яго слоў, не дазваляе Украіне ісці на перагаворы. "Хоць я ўпэўнены і маю такую інфармацыю, што ва Украіне сёння пераважная большасць людзей хочуць спыніць вайну, у тым ліку ваенных, якія ваююць, гінуць там. Але ёсць распіяраныя вярхі на чале з Валодзем Зяленскім. Ён цяпер "герой", ездзіць па ўсім свеце. Яго цалуюць, абнімаюць і гэтак далей. Я думаў, ён разумнейшы. У нас жа ёсць прыклад Гарбачова: цалавалі - і што атрымалі? Гэтак жа будзе ў яго", - упэўнены Прэзідэнт.
"І потым. Ва Украіне людзі хочуць жыць. Што б там ні было, мы потым разбяромся, хто вінаваты. Гэта таксама будзе не на іх карысць. Але цяпер трэба спыніць вайну, каб людзі не гінулі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама звярнуў увагу на першыя вынікі ўкраінскага контрнаступлення: Украіна страціла значную колькасць салдат і бранятэхнікі. "Расія мабілізавалася, яна нарэшце навучылася ваяваць. І па ўсіх правілах ваюе, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Атакаваць тых, хто абараняецца, вельмі цяжка. І я думаю, што гэта не атрымаецца".
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на сітуацыю ў Еўрапейскім саюзе: людзі не задаволены пагаршэннем эканамічнага становішча ў сваіх краінах на фоне выдзялення мільярдаў долараў на дапамогу Украіне. "Пачынаецца процідзеянне ўжо знутры ўсяму таму, што адбываецца", - канстатаваў ён.
Яшчэ адной тэмай інтэрв'ю стала размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што гэта не Расія імкнецца размясціць свае ядзерныя ракеты ў Беларусі, а Беларусь спачатку прасіла аб гэтым, а потым стала патрабаваць вярнуць зброю, якая калісьці тут знаходзілася.
"Я не проста яго прасіў, я патрабаваў ужо: "Вярні мне ядзерную зброю". Не трэба стратэгічную. Яна мне навошта? З Амерыкай я ж не збіраюся ваяваць. Тактычнай дастаткова. Так, мы дамовіліся. Мы выконваем гэта, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мэтай мы былі заўсёды. Нас парваць на кавалкі з 2020 года хацелі. Супраць ядзернай краіны, краіны, якая валодае ядзернай зброяй, ніхто яшчэ не ваяваў".
"Як толькі ўсё завязём, яна будзе разгрупавана па Беларусі. У нас жа сховішчаў гэтых, як сабак у вёсцы. Сур'ёзна. У нас іх было шмат. Мы іх ужо пяць-шэсць аднавілі. Будзем больш аднаўляць. І мы разгрупуем. Мы не будзем жа трымаць у адным месцы", - дадаў Прэзідэнт.
"Вось часта чую: "А, вось гэта расійская зброя. Без Расіі ён не прыменіць". Слухайце, калі пачнецца вайна, я што, буду глядзець па баках? Ды не. Зняў трубку, дзе б ён ні быў. Ён патэлефанаваў - я зняў трубку ў любы момант. Нават вось цяпер. Таму што тут за праблема - узгадніць нанясенне нейкага там удару. Гэта не пытанне. Тут спрачацца нават няма чаго. Тут мы ўжо дамовіліся. Няхай ворагі, Вольга, дрыжаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатова да любога развіцця падзей і без ваганняў адкажа на агрэсію.
"Супраць ядзернай краіны, краіны, якая мае ядзерную зброю, ніхто яшчэ не ваяваў. І я адкрыта ім гавару: мы мірныя людзі, Беларусь наваявалася. У нас прыгожая краіна, чыстая. Расіяне з задавальненнем едуць, - заўважыў Прэзідэнт. - Але цэнтр Еўропы. У гэтым наша праблема. Туды ідуць праз нас, адтуль ідуць праз нас. Таму сітуацыя няпростая, і мы да ўсяго гатовы".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь адкажа на любую агрэсію супраць яе. "У нас дастаткова ўжо цяпер магутнасці для таго, каб адказаць, - заявіў ён. - Многія гавораць: "Ну, Бацька, вы ж ведаеце, ён такі..." Так. Я такі, калі размова ідзе пра мой народ, пра маю дзяржаву. І потым, я ж не дазволю (мы стваралі тут чвэрць стагоддзя, разам з беларускім народам стваралі незалежную дзяржаву) аддаць 10 мільёнаў на разарванне. А расіян колькі тут? Яшчэ мільёны тры пастаянна. Вось 13 мільёнаў, я за іх адказваю. Таму без ваганняў, калі толькі будзе ўчынена супраць нас агрэсія".
"Вылазкі на граніцы - гэта яшчэ не агрэсія? Атака ў Мачулішчах - гэта яшчэ не агрэсія?" - удакладніла журналістка.
"Не, гэта далёка яшчэ не агрэсія. З такімі "мачулішчамі" мы спраўляемся і справімся. І з граніцай таксама. Гэта правакацыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Нават падзеі ў Белгародскай вобласці Расіі, паводле яго слоў, - гэта яшчэ далёка не агрэсія. "Гэта вельмі значная, моцная правакацыя, дзе мы не дапрацоўваем, - сказаў ён. - Цяпер пачалі дапрацоўваць. Упрэгліся ў гэту праблему".
Прэзідэнт расказаў, што ў СМІ трапляе мала інфармацыі, але Беларусь і Расія сумесна працуюць у гэтым напрамку, спыняючы розныя пагрозы. Так, нядаўна спецслужбы выявілі і "вялі" дыверсанта, а потым, каб не ўпусціць, затрымалі яго ў Смаленску.
У час інтэрв'ю Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаўся аб сваіх "чырвоных лініях".
"Ніколі нельга, гаворачы аб "чырвоных лініях", іх маляваць. Таму што жыццё мяняецца і лініі рухаюцца то наперад, то назад. Яны заўсёды ёсць і ў нас, і ў іх. У расіян і ва ўкраінцаў. Але палітычна лепш не агучваць, якія яны: жыццё гэта мяняе. "Чырвоныя лініі" для мяне - гэта поўнамаштабная агрэсія. З любога боку цяпер, акрамя Расіі, зразумела. А вось Прыбалтыка, Польшча і Украіна..." - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што ваенныя класіфікуюць акты агрэсіі. "Вось калі яны войскамі пяройдуць граніцу, не гэтымі атрадамі (дыверсійнымі групамі. - Заўвага), і пачнуць вайну - гэта агрэсія", - растлумачыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, як арганізоўваліся перагаворы паміж дзвюма краінамі. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, немалую ролю ў гэтым адыграў яго малодшы сын Мікалай, які дапамог арганізаваць тэлефонную размову з Уладзімірам Зяленскім. Пасля доўгай размовы Прэзідэнт Украіны ў рэшце рэшт пагадзіўся правесці перагаворы з расійскім бокам на тэрыторыі Беларусі. У выніку яны былі перанесены ў Стамбул, на гэтым настойваў Захад.
"Пуцін мне перадае дакумент, які быў парафіраваны дэлегацыямі. Нармальны, нават наконт Крыма - арэнда там нейкая працяглая, наконт Данбаса, на ўсходзе... Нармальны дагавор. Калі б гэта цяпер - а цяпер ужо немагчыма. Цяпер гэта ўжо тэрыторыя Расіі па Канстытуцыі. А быў нармальны праект, і ўжо дагаворваліся, што міністэрствы замежных спраў парафіруюць і далей павінны вызначыцца кіраўнікі дзяржаў, падпісваюць і іншае. Добры быў працэс, але яны ад яго адмовіліся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што Мікалай цяпер вучыцца ў Пекінскім універсітэце, але дагэтуль падштурхоўвае да арганізацыі перагавораў. "Кажу: я разумею, але ты яшчэ не ўсё разумееш", - дадаў Прэзідэнт.
У той жа час ён звярнуў увагу, што Захаду ў гэтым працэсе верыць нельга. Нават Мінскія пагадненні для іх аказаліся ўсяго толькі паўзай, каб за мінулыя гады паспець нарасціць ваенную моц ва Украіне.
"Тут толькі можа быць адно. Калі мы дагаворваемся пра мірны працэс, вайна спыняецца, ніякага руху: ні танкаў, ні ваенных. Як толькі перакінуты, я лічу, што мы павінны прымяняць ядзерную зброю. Толькі так з імі можна размаўляць. З імі нельга весці дыялог і верыць. Падмануць", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Адно з пытанняў Кіраўніку дзяржавы датычылася яго стаўлення да персоны Уладзіміра Зяленскага, якога ён назваў "гнідай", расказваючы аб спробе дыверсіі адносна самалёта А-50 на аэрадроме Мачулішчы і затрыманні вінаватых. "Гэта добра, гэта выдатна праведзеная аперацыя. Здзейснена неверагоднае, каб за нейкія 4-5 дзён устанавіць усіх саўдзельнікаў і затрымаць. Знайсці іголку ў стозе сена. Але расслабляцца ні ў якім разе нельга, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка 7 сакавіка 2023 года. - Выснова адна. Я яшчэ неяк думаў, што Украіне патрэбны мір, што Зяленскі перажывае за свой народ. Прэзідэнт Зяленскі - проста гніда. Проста гніда! Такія аперацыі не праводзяцца без узгаднення з кіраўніком краіны і галоўнакамандуючым. Гэта я вам кажу як Прэзідэнт".
"У мяне няма да яго нейкай азлобленасці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне Вольгі Скабеевай. - Калі б на яго месцы быў Пуцін, я на яго быў бы злы, таму што чалавек усведамляе, што ён робіць, ён ведае, што такое вайна, ён ваенны чалавек".
"Валодзя Зяленскі - ён не спецыяліст, не прафесіянал, хоць ён за гэты час вырас, ён паспытаў гэтай пасады да СВА, таму ён павінен быў разумець, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Калі ты ў гэты воз упрэгся, дык ты ўжо адказвай". Аляксандр Лукашэнка лічыць, што за час свайго прэзідэнцтва Уладзімір Зяленскі "сёе-тое ўжо засвоіў, таму і спагнанне з яго павінна быць".
Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, Уладзімір Пуцін, калі размова пачынаецца пра Зяленскага, таксама гаворыць пра яго без злосці і, у прынцыпе, без асаблівых эмоцый: "Пуцін абыякава да яго ставіцца, нібыта яго няма. У яго такі ж пункт гледжання па Зяленскім, як у мяне: што гэты чалавек не ведае, што робіць".