Інтэрв'ю кітайскім СМІ

  • 12
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лютага даў інтэрв'ю кітайскім сродкам масавай інфармацыі.

У якасці інтэрв'юераў выступілі кіраўнік карэспандэнцкага пункта Сіньхуа ў Беларусі Лу Цзіньба і карэспандэнт Медыякарпарацыі Кітая, вядучая праграмы "Размова лідараў" Лі Тунтун.

У час інтэрв'ю журналісты ў першую чаргу цікавіліся, як развіваюцца адносіны Кітая і Беларусі ў розных сферах, іх гісторыяй і перспектывамі. Размова ішла пра гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне і значныя сумесныя праекты, якія рэалізуюцца на тэрыторыі Беларусі, уключаючы індустрыяльны парк "Вялікі камень" і БНБК, а таксама аб новых магчымасцях у кантэксце ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях". 

Аляксандр Лукашэнка адказаў таксама на пытанні аб глабальных геапалітычных працэсах, якія адбываюцца ў свеце. У цэнтры ўвагі была і тэма канфлікту ва Украіне, магчымасці яго мірнага ўрэгулявання.

Адказваючы на пытанне аб ролі Кітая ў вырашэнні міжнародных праблем, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ацэньвае яе вельмі проста: ні адна праблема ў свеце не можа сёння вырашацца без удзелу КНР. "Кітай стаў глабальнай краінай са сваёй глабальнай палітыкай. Я ведаю, сёння-заўтра Сі Цзіньпін выступіць з заявай або прамовай наконт канфлікту ва Украіне. Прашу звярнуць увагу, што гэта такі незвычайны для кітайскай палітыкі крок. Кітайцы заўсёды акуратныя, асцярожныя. Туды, куды не трэба, яны не лезуць. Калі яны разумеюць, што гэта не дасць патрэбнага выніку, яны таксама не стануць рабіць у гэтым напрамку крокі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Дык вось. Калі Кітай вырашыў агучыць сваю пазіцыю такім чынам, з вуснаў вышэйшай службовай асобы, Сі Цзіньпіна, гэта будзе мець сур'ёзныя наступствы. І калі гэта пасланне, якое прагучыць з вуснаў лідара Кітая, не будзе пачута тымі, каму яно будзе адрасавана, гэта таксама будзе мець сур'ёзныя наступствы, - заявіў Прэзідэнт. - Таму я, проста забягаючы наперад, раю тым, каму будуць адрасаваны словы Сі Цзіньпіна, прыняць іх сур'ёзна і зрабіць пэўныя крокі. Гэта будзе сур'ёзны голас у імя міру ў гэтым рэгіёне".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што маючая адбыцца заява Старшыні КНР будзе накіравана не на канфрантацыю, у адрозненне ад нядаўняга выступлення Прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Кіеве. "Я ўпэўнены, што гэта выступленне стане вянцом усёй міралюбівай палітыкі Кітая. Я на сто працэнтаў перакананы. Інакш проста быць не можа. Гэта ўзор гэтай міралюбівай палітыкі", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь прытрымліваецца такой жа пазіцыі: "Наш шлях ва Украіне - гэта шлях міру. Кітайцы прытрымліваюцца гэтага шляху. На сто працэнтаў упэўнены, што і расіяне схільныя да таго, каб спыніўся гэты канфлікт. Усё за амерыканцамі - рабіце канкрэтныя крокі да міру і мір будзе. У аснове гэтага ўсяго вузла сёння апынуўся Кітай. Яшчэ раз раю паслухаць, што скажа Сі Цзіньпін наконт гэтага канфлікту. Вельмі ўважліва, таму што гэта заява Кітая - гэта новы крок, арыгінальны крок, які будзе мець сур'ёзныя наступствы у свеце".

У інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся наконт нядаўняга візіту Прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Кіеў. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэта падзея стаіць у адным радзе з інцыдэнтам з кітайскім паветраным шарам, збітым Злучанымі Штатамі. "У гэтым радзе стаіць і візіт Джо Байдэна ў Кіеў. Такі дробны, непрыстойны крок", - сказаў беларускі лідар.

Пры гэтым ён заўважыў, што цэніць Джо Байдэна як Прэзідэнта і яго рашэнне наведаць Кіеў: "Малайчына ён. Сеў, паехаў, спытаў дазволу ў Расіі або папярэдзіў Расію, але тым не менш паехаў". Аднак такі ход нельга лічыць арыгінальным, такі візіт, таксама з амерыканскага боку, ужо быў не так даўно, намякнуў Аляксандр Лукашэнка. "Гэта папугайніцтва. Гэта ўжо было. Такі ж візіт. Навошта? Выбары прэзідэнцкія. Ён хоча, Джо Байдэн, на кані вайны прыскакаць у гэту выбарчую кампанію. Вось тут дакладна не атрымаецца. Я гэта ведаю добра", - заявіў Прэзідэнт.

"Вы цудоўна разумееце сітуацыю ў свеце. Кітаю спакойнага жыцця не будзе, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Галоўны сапернік Злучаных Штатаў Амерыкі - гэта Кітай. Амерыканцы гэтага і не ўтойваюць. Сумна, што яны апусціліся нават да дробязі". Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што размова ідзе пра кітайскі грамадзянскі паветраны шар, збіты амерыканцамі: "Яны па-амерыканску арганізавалі шоу: напружвалі, напружвалі сваё грамадства, каб усе бачылі, якая "небяспека" ад гэтага кітайскага аб'екта. І калі 300 млн чалавек, амерыканцаў, былі сканцэнтраваны на гэтым аб'екце, яны яго збілі. Для чаго? Выбары наперадзе. Паказаць свой гераізм".

"Праўда, потым усе людзі разабраліся, што гэта быў проста недружалюбны крок у адносінах да Кітая. Кітайцы адразу заявілі, што гэта грамадзянскі шар. Можна было разам разабрацца, што гэта такое. Не, дэманстратыўна яго знішчылі. Гэта вельмі недружалюбны крок", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У час інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што канфлікт ва Украіне быў непазбежны і яго першапрычыны не ў Расіі.

"Расійска-ўкраінскаму канфлікту год. Так, мы гаворым аб прычынах гэтага канфлікту, але вялікае бачыцца на адлегласці, як у нас кажуць. І для таго, каб ацаніць прычыны гэтага канфлікту, павінен прайсці пэўны час. Гэта чыста ў кітайскім стылі - ніколі не трэба спяшацца. Настане час, мы расставім усе кропкі над "і". Але я абсалютна згодны з Прэзідэнтам Пуціным, які гаворыць аб тым, што першапрычыны не ў Расіі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Здзекі з рускамоўных, з рускай мовы. Яны да 2014 года былі. І гэта ўсё нагняталася заходнімі дзяржавамі. Зразумела, ніводная краіна, ні Амерыка, ні Кітай, не дазволілі б здзекавацца са сваіх суайчыннікаў. З людзей, якія гавораць проста на рускай мове і жывуць па рускіх звычаях, прымаюць рускую культуру. Тым больш знявагі з боку Украіны даходзілі да самога Прэзідэнта Расіі і ўсяго расійскага кіраўніцтва. Там цэлы клубок".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб заявах былых кіраўнікоў Германіі і Францыі Ангелы Меркель і Франсуа Аланда, якія, як яны самі прызналіся, выкарыстоўвалі мірныя Мінскія пагадненні выключна, каб выйграць час для ваеннай падрыхтоўкі Украіны.

"Прычына там - у 2014-2015 гадах. Тут у Мінску былі прыняты Мінскія пагадненні. Нармальныя дагаворы, і Украіна падпісала гэтыя дагаворы. Трэба было ісці гэтым шляхам. І сёння - гарантыя - Данбас быў бы ўкраінскім і кіраваўся б з Кіева. Ужо даўно ўсялякія шурпатасці былі б забыты", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"Маскі сарваны, карты адкрыты. Вось вам і ўся прычына, і ўся задума", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што і ў Расіі многія з неразуменнем успрынялі дзеянні кіраўніцтва краіны. "Я заўсёды расіянам гавару: "Не спяшайцеся, настане час, і вы ацэніце, хто мае рацыю, хто вінаваты", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Некаторыя ў Расіі гавораць: "Ведаеце, Расія крыху паспяшалася, пачаўшы гэту ваенную аперацыю". А я скажу, што яна была непазбежная. Канфлікт ва Украіне быў непазбежны. Калі б Расія не апярэдзіла гэту вайну з боку Украіны (цяпер зразумела, хто быў зацікаўлены ў гэтай вайне і хто яе пачаў), не апярэдзіла дзеянні Украіны, ды і ўсяго Захаду з тэрыторыі Украіны, наступствы былі б больш цяжкімі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца ні на каго нападаць, але гатова адказаць у выпадку агрэсіі ў адносінах да сваёй дзяржавы.

"У ваенным плане мы гатовы адказаць. Прытым сур'ёзна гатовы адказаць. Гэту пазіцыю мы давялі не толькі да Украіны, але і да англічан, Злучаных Штатаў Амерыкі. Спадзяюся, у мяне будзе магчымасць, - мы праінфармуем і французаў (усё ж такі ядзерная дзяржава) аб нашай пазіцыі. Таму мы гатовы да таго, каб абараніць суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Мы не хочам вайны. Мы хочам, каб тут усё было мірна. Каб нашы людзі мірна, спакойна жылі і супрацоўнічалі з тымі, хто з намі хоча супрацоўнічаць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што жыхары Беларусі - вельмі міралюбныя людзі. "Мы ведаем, што такое вайна. Мы ў апошняй вайне страцілі трэць свайго насельніцтва. У чужой фактычна вайне. Так атрымалася, што Напалеон у Расію ішоў праз нас - туды і назад, - знішчыў Беларусь. Першая сусветная вайна - тэатр ваенных дзеянняў быў тут. Другая сусветная вайна (для нас Вялікая Айчынная) - тэатр ваенных дзеянняў у асноўным у Беларусі. Мы не хочам ніякай вайны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы не хочам ніякай вайны. Тым больш украінцы, людзі, народ украінскі - гэта не чужыя нам людзі. Гэта родныя нам людзі. Нават мае продкі недзе там ва Украіне нарадзіліся паміж Чарнігавам і Кіевам. Гэта ўжо з асабістага. Таму мы абсалютна не збіраемся нападаць на Украіну. Але не дай бог з тэрыторыі Украіны будзе ўчынена агрэсія ў адносінах да беларускай дзяржавы - мы вымушаны будзем адказваць. І я ўпэўнены, што тут мы падтрымку атрымаем усёй сусветнай супольнасці, у тым ліку і Кітайскай Народнай Рэспублікі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Калі супраць нас будзе ўчынена агрэсія. Мы гэта даводзім па розных каналах да Украіны, у тым ліку і да Захаду. Я іх папярэдзіў: што не дай бог будзе развязана агрэсія з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Беларусі - мы адкажам, але гэта будзе зусім іншая вайна. Яна набудзе імгненна іншы характар. І тут мы будзем супраціўляцца і адстойваць нашу зямлю і змагацца з агрэсарам у тым ліку войскамі Расійскай Федэрацыі. Разам".

"Пакуль, як апошнія дні паказалі, ні з тэрыторыі Польшчы, ні з тэрыторыі Літвы, тым больш Украіны канцэнтрацыі войскаў для таго, каб уцягнуць нас у вайну, мы не заўважаем. Мы гэта станоўча ацэньваем", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ў час інтэрв'ю таксама выказаўся наконт санкцыйнага націску ў адносінах да Беларусі з боку некаторых суседніх краін.

"Яны там у эканамічным плане пачынаюць шкодзіць. Граніцы закрылі для перамяшчэння грузавікоў. Самі сабе стрэлілі ў нагу. Мы і так у Заходнюю Еўропу не вельмі перамяшчаемся. А вось з тэрыторыі Еўрасаюза праз Польшчу ў Кітай, Казахстан, іншыя напрамкі вельмі шмат перамяшчалася аўтатранспарту, чыгуначнага транспарту. Гэта выгадна ім было. Іх вадзіцелі ехалі ў Кітай, Казахстан, у Расію. Цяпер яны не паедуць. Калі мы са свайго боку закрыем граніцу, то тысячы, тысячы людзей страцяць работу. Ну вось шкода эканамічная", - сказаў Прэзідэнт.

Яшчэ адзін прыклад - закрыццё Літвой магчымасці для перавалкі беларускіх грузаў у іх партах гэтай краіны. "Прытым там наша ўласнасць. Яна закрыла парты для нашых грузаў. Ну што - страцілі мільёны долараў. Мы знайшлі іншыя парты і пастаўляем сваю прадукцыю. І мінулы год у нас быў у фінансавых адносінах лепшы, чым папярэднія гады. Таму вось гэтыя санкцыйны рэжым і націск эканамічны ні да чаго не прывядуць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на пытанне, якімі Прэзідэнту Беларусі бачацца перспектывы расійска-ўкраінскага канфлікту, ён адзначыў: "Цяпер склалася унікальная сітуацыя (я гэта бачу і інтуітыўна адчуваю), калі можна спыніць гэты канфлікт. Іншай такой можа не быць. Трэба карыстацца гэтым момантам, пакуль Расія не разгарнула сваю эканоміку ў поўным аб'ёме і не паставіла яе на ваенныя рэйкі. Унікальны момант".

Мэтай Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, паводле слоў беларускага лідара, з'яўляецца перш за ўсё забеспячэнне бяспекі для сваёй краіны - каб з тэрыторыі Украіны ніколі не было прыкмет агрэсіі ў адносінах да Расіі.

"І Расія гатова сёння рабіць крокі да мірнага ўрэгулявання. Яна з першых дзён гэта рабіла: два раўнды перагавораў прайшлі па мірным урэгуляванні ў Беларусі, потым яны (удзельнікі перагавораў. - Заўвага) паехалі ў Стамбул, потым наогул адмовіліся, хоць на стале ляжаў план урэгулявання, - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. - Я лічу, што Захад і амерыканцы падштурхнулі Кіеў да таго, каб не весці ніякіх перагавораў. Расія з першага дня прапанавала перагаворы. Мы былі ўдзельнікамі гэтага працэсу, мы арганізоўвалі гэта, бачылі".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рана ці позна ўсё роўна любая вайна заканчваецца мірам, і цяперашняя - не выключэнне. Пытанне толькі ў тым, колькі людзей загіне і ў імя чаго.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што калі ў свеце ўзнікне чарговы канфлікт, то пра Украіну ўсе забудуць. Калі, не дай бог, абвострацца адносіны ЗША і Кітая, дойдзе да адкрытага канфлікту гэтых дзвюх глабальных дзяржаў, то ўвага ўсёй планеты будзе звернута туды. "Украіна павінна і гэта разумець. Таму няма іншага шляху, як заключыць мірны дагавор цяпер. Без папярэдніх умоў, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - Трэба дамаўляцца з украінскімі ваеннымі. Валодзя Зяленскі нядрэнны чалавек, але вельмі нявопытны. Апладысменты яму падабаюцца, ён вельмі задаволены, калі яму апладзіруюць. Але, ведаеце, апладысменты могуць быць далёка не шчырымі. Ён павінен гэта разумець. Вось ён паехаў на Захад і ўсе яму там крычаць "ура" і апладзіруюць. А я нагадваю яму пра Гарбачова Міхаіла Сяргеевіча: ён ездзіў па Захадзе, яму ўсе апладзіравалі і чым ён скончыў? Гэтак жа будзе і тут".

"Трэба глядзець за інтарэсамі ўласнага народа. Трэба рабіць усё, каб не дапусціць далейшай гібелі ўкраінцаў. Гэта цудоўны, добры народ. Трэба спыніць гэту вайну. Шлях адзін - мір", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пазітыўна ацэньвае ініцыятыву Кітая і яго лідара аб неабходнасці глабальнага міру і лічыць яе вельмі прагматычнай. "Толькі ў мірных умовах, у мірным развіцці нашай планеты поспех у тым ліку і кітайскага народа. Будзе мір - ніхто Кітаю не перашкодзіць стаць глабальнай дзяржавай. А Кітай ужо стаў такой краінай, без якой не вырашаецца нічога ў свеце. Далейшае развіццё Кітая звязана толькі з мірам. Гэта такі прагматычны падыход", - сказаў ён.

Безумоўна, мір патрэбны і іншым народам, таму ініцыятыва КНР станоўча ацэньваецца многімі. "Ідэя вялікага Кітая і яго лідара аб глабальным міры - гэта вялікі ўклад у мірнае развіццё ўсёй планеты. Гэта выгадна і Еўропе, і Украіне, і Беларусі, і Амерыцы. Толькі мір. Вайна прывядзе да катастрофы, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Мы рады, што Кітай, гэты старажытнейшы народ, нарэшце пачынае адыгрываць вызначальную ролю на нашай планеце. Мы на гэта вельмі спадзяёмся і разлічваем яшчэ і таму (у гэтым наш прагматызм), што гэта наш вялікі сябар".

Разам з тым, як было адзначана ў час інтэрв'ю, краіны калектыўнага Захаду, прыкрываючыся фальшывымі мэтамі аб абароне незалежнасці і суверэнітэту, умешваюцца ва ўнутраныя справы асобных дзяржаў, правакуючы канфлікты і дэстабілізацыю абстаноўкі. Такі негатыўны ўплыў зведала на сабе ў тым ліку і Беларусь.

"Неразумная бесперспектыўная палітыка, - так адказаў Аляксандр Лукашэнка на пытанне, як ён ацэньвае такія паводзіны краін Захаду. - Мы тут зведалі такую агрэсію праз так званую каляровую рэвалюцыю. Яна ў нас праявілася ў форме мяцяжу. Але і Кітай зведваў гэта. Яны спрабавалі вас хістаць у Ганконгу, на поўдні Кітая. Яны ўлезлі нават у інтарэсы вялікага Кітая".

"І ўсюды яны цяпер церпяць паражэнне, - прадоўжыў беларускі лідар. - Яны змаглі перамагчы толькі там, дзе дзяржавы былі слабыя, дзе фактычна не было ўзброеных сіл, якія маглі б ім процістаяць. Алжыр, Туніс, Лівія, Сірыя, Ірак - гэтыя краіны фактычна амерыканцамі знішчаны. Чаму? Таму што яны не маглі супраціўляцца, у іх не было такой магчымасці. Гэта былі каланіяльныя краіны, адкуль выпампоўвалі нафту і вывозілі ў ЗША. Але свет змяніўся. Сітуацыя памянялася. Сёння Лівіі практычна няма, але ўзброеныя падраздзяленні ў Лівіі існуюць. І нават амерыканцы ў Лівіі з імі ўжо не могуць справіцца. Вазьміце Сірыю: амерыканцы там не дамінуюць". Працягваючы гэты шэраг прыкладаў, Прэзідэнт адзначыў, што амерыканцы, выкарыстоўваючы канфлікт ва Украіне, разлічваюць адцягнуць увагу Расіі ад Лівіі.

Часта для грубага ўмяшання ў справы іншых дзяржаў у якасці падставы ЗША і краіны Захаду выкарыстоўваюць барацьбу за правы чалавека. У выпадку з Кітаем размова ідзе аб уйгурах. "Нагнятанне сітуацыі, што там няма правоў чалавека… Вось амерыканцы прыйдуць і ўстановяць "дэмакратыю" уйгурам і дапамогуць з правамі чалавека… Лухта гэта ўсё. Толькі Кітай зможа на сваёй тэрыторыі ўсім народам даць права свабодна жыць і існаваць. Толькі Кітай сваёй магутнасцю і палітыкай можа забяспечыць нармальнае існаванне гэтых народаў. Амерыканцы проста праз гэта хочуць улезці (у дадзеным выпадку - у Кітай) і распаліць грамадзянскую вайну. Ім трэба аслабіць Кітай. Таму яны шукаюць розныя шляхі і кропкі, на якія яны змогуць націскаць і кіраваць асобнымі дзяржавамі. І не толькі дзяржавамі, а цэлымі рэгіёнамі", - даходліва растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак свет змяніўся, і сёння нават у ЗША не атрымаецца весці войны на ўсіх франтах, упэўнены беларускі лідар. "Таму трэба дамаўляцца. Усюды трэба дамаўляцца. У Японіі, Карэі, Кітая, Расіі, Індыі, іншых краін ёсць свае інтарэсы. Нават у Афрыцы, якая развіваецца, - у іх свае інтарэсы. Буйныя краіны павінны іх улічваць, а не праводзіць палітыку неакаланіялізму, як гэта спрабуе рабіць Захад у Афрыцы (я нядаўна быў у Афрыцы і добра знаёмы з гэтымі працэсамі). Свет павінен развівацца толькі ў гэтым ключы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Увесь свет, людзі разлічваюць, што Кітай зможа ўраўнаважыць цяперашнюю сітуацыю і дзякуючы гэтаму ўзнікне шматпалярны свет, да якога і Кітай, і іншыя краіны, незалежныя, суверэнныя краіны, імкнуцца", - заявіў Прэзідэнт.

"Я шмат разоў бываў у Кітаі. Буду рады наведаць чарговы раз у бліжэйшыя дні КНР і сустрэцца з кіраўніцтвам КНР, перш за ўсё з маім даўнім сябрам Сі Цзіньпінам", - сказаў беларускі лідар. На яго думку, Сі Цзіньпін вельмі разумны, мудры, крэатыўны, сучасны чалавек, і кітайскі народ прыняў правільнае рашэнне, выбраўшы яго на чарговы тэрмін у якасці кіраўніка КНР.

Развіццё Кітая ў тым ключы, як гэта адбываецца на чале з Сі Цзіньпінам (і асабліва яго ідэі аб неабходнасці глабальнага міру), забяспечыць далейшае нармальнае развіццё ўсёй планеты, перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Мне пашчасціла працаваць з Цзян Цзэмінем, Ху Цзіньтаа, я бачыў гэтых лідараў. Гэта былі дастойныя сыны кітайскага народа, - расказаў Прэзідэнт. - Яны рабілі ўсё, каб умацаваць Кітай, каб Кітай стаў вялікай дзяржавай. Яны былі вельмі акуратныя, асцярожныя. Яны адназначна заяўлялі аб тым, што адзіная дзяржава ў свеце, сусветны лідар - Злучаныя Штаты Амерыкі. Сі Цзіньпін ужо іншы. Сі Цзіньпін шмат зрабіў для таго, каб Кітай стаў такім, які ён ёсць. Кітай стаў вялікім. Гэта найвялікшая заслуга Сі Цзіньпіна. Ён не адхіліў ні ідэі Маа Цзэндуна, Дэн Сяапіна, Цзян Цзэміна і Ху Цзіньтаа. Ён узяў усё лепшае, і на базе гэтага лепшага прыўнёс новае (гэта яго адметнасць, гэта кіраўнік новай фармацыі), стварыў магутны фундамент для развіцця кітайскага грамадства і дзяржавы, на якім вы фактычна выбудавалі новы Кітай. Гэта найвялікшая заслуга Сі Цзіньпіна, і кітайскі народ потым ацэніць гэта".

Больш таго, Сі Цзіньпіну ўдалося змяніць характар кітайскага народа, якому ўласцівы спакой, павольнасць. "Ён надаў паскарэнне. Ён тонка заўважыў, што жыццё змянілася, хуткасці каласальныя. І калі не паскарацца, а спакойна сядзець, нечага чакаць, можна спазніцца. Вось гэта інтуіцыя Сі Цзіньпіна паўплывала на тое, што ён пачынае гэты павольны характар кітайскага народа мяняць. Гэта дарагога варта. Трэба паскарацца. Ён гэта адчуў. І па гэтай дарозе вельмі хутка вядзе кітайскі народ. Мы гатовы побач ісці і дапамагаць гэтаму, - запэўніў Прэзідэнт.

"Думаю, што ў бліжэйшую пяцігодку Кітай стане вядучай дзяржавай свету. Кітай сёння ведаеце хто хоча стрымаць, спыніць. Гэта немагчыма, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Кітай сёння ніхто стрымаць не зможа, і спыніць у тым ліку".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў эканоміцы Беларусі важнае месца займае машынабудаўнічая галіна. Таму ёсць пастаянная патрэбнасць у розных камплектуючых, вузлах і механізмах для айчыннай тэхнікі. "Мы сур'ёзна вядзём дыялог з вамі па прамысловай палітыцы, - звярнуўся Прэзідэнт да кітайскіх журналістаў. - Нядаўна мы з Расіяй вызначыліся, што ў Беларусі і Расіі адзіная прамысловая палітыка. Чаму б не падключыцца Кітаю? Давайце пачнём з Беларусі, а потым аб'яднаемся ўтрох: Расія, Беларусь і Кітай. Вялікае поле дзейнасці".

"Плацдарм добры, калі можна так сказаць, выгадны. Прыходзьце і працуйце. Будзе карысць і вам, і нам", - дадаў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы вялікую ролю Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" як пляцоўкі для прасоўвання на рынкі многіх краін. "У яго сапраўды вялікая будучыня. Мы вельмі сур'ёзна ставімся да гэтага вялікага праекта, эканамічнага перш за ўсё, прамысловага", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што ў парку створаны вельмі спрыяльныя ўмовы: "У прававых адносінах няма такіх умоў для супрацоўніцтва, для работы ў іншых краінах. Няма такога ўзроўню льгот, прэферэнцый, якія створаны тут, у Беларусі. Гэта вельмі выгадна для бізнесу. Мы гатовы ў гэтым плане ўдасканальвацца. Хаця я часам думаю: куды ўжо больш, фактычна беспадатковы рэжым. Бізнес з задавальненнем сюды прыходзіць".

У мінулым годзе ў "Вялікім камені" з'явіліся амаль два дзясяткі новых кампаній з заяўленым капіталам звыш $80 млн. А ўсяго працуюць больш за сотню прадпрыемстваў. "Не проста лагістыка і гандаль. Гэта самыя высокатэхналагічныя прадпрыемствы. Яны вырабляюць прадукцыю, патрэбную не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы, для ўсяго свету. Адсюль можна гандляваць сучаснымі вузламі, камплектамі і таварамі па ўсёй Еўропе, і ў ЗША пастаўляць прадукцыю. А прадукцыя там - ад медыцыны, вытворчасці лекаў да аўтамабілебудавання (вузлы і агрэгаты). Там самыя сучасныя перадавыя тэхналогіі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Нягледзячы на вельмі добрыя бягучыя вынікі, да заяўленай пры стварэнні "Вялікага каменя" мэты яшчэ трэба ісці, заўважыў беларускі лідар. "Але ідзём у патрэбным напрамку. І ідзём правільна - так, як мы спланавалі. Магчымасці гэтага індустрыяльнага парка каласальныя. У тым ліку і па аб'ёмах", - канстатаваў ён.

Некалі Старшыня КНР Сі Цзіньпін назваў праект "Вялікі камень" жамчужынай Шаўковага шляху. Тым больш гэта актуальна цяпер, калі Кітай праз Расію, выкарыстоўваючы чыгуначныя, аўтамабільныя шляхі, авіяперавозкі, без праблем можа дастаўляць тавары і камплектуючыя, сваю прадукцыю да "Вялікага каменя".

Беларусь, паводле слоў Прэзідэнта, усяляк імкнецца адпавядаць статусу "жамчужыны Шаўковага шляху". "Мы гэтым ганарымся. Адзінае, я заўсёды хацеў бы больш і больш. І я часта гавару Сі Цзіньпіну і вашым спецыялістам, якія прыязджаюць і працуюць там: давайце больш, хутчэй, таму што хуткасць жыцця цяпер вялікая", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У будучым неабходна спалучэнне ініцыятывы Кітая "Адзін пояс, адзін шлях" і новай палітыкі Еўразійскага эканамічнага саюза, заявіў Прэзідэнт Беларусі ў час інтэрв'ю. Паводле яго слоў, з гэтым згодны і кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС, і Старшыня КНР Сі Цзіньпін. "Калі ласка, няхай вялікі Кітай скарыстаецца нашымі магчымасцямі. Рынак - вялізны. Вядома, не кітайскі па насельніцтве. Але вельмі перспектыўны", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Кітай вельмі моцна ў нашым напрамку развіваецца. Зразумела, ЕАЭС - гэта арганізацыя, якая мае свае інтарэсы, перавагі ў тым ліку. Гэтыя інтарэсы Кітай павінен улічваць. Ён гэта робіць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Адной з важных пераваг для Кітая ў рэгіёне з'яўляецца лагістыка для прасоўвання сваіх тавараў, і тут Беларусь можа адыграць для Кітая і адыгрывае галоўную ролю. "Беларусь знаходзіцца непасрэдна ў цэнтры Еўропы. Велізарная пляцоўка для таго, каб вялікаму Кітаю разгарнуцца тут. Калі ласка, - сказаў Прэзідэнт. - Я гэта прапанаваў Сі Цзіньпіну, і ён пагадзіўся. Папярэднія кіраўнікі да яго асцярожнічалі, не вельмі актыўна ў гэтым напрамку дзейнічалі. Адметнасцю Сі Цзіньпіна стала тое, што ён убачыў Беларусь, разгледзеў і вырашыў: так, з Беларуссю трэба супрацоўнічаць, ствараць тут вытворчасці і працаваць па ўсім свеце, гэта зручная пляцоўка".

"Канфлікты калі-небудзь скончацца. Непаразуменне, супярэчнасці знікнуць, а інтарэсы народаў і дзяржаў застануцца. Ваш інтарэс у Беларусі - прыходзьце і працуйце па ўсіх напрамках. Забароненых, закрытых ад КНР тэм у нас няма. І гэта не на шкоду будзе суседзям, - заявіў Кіраўнік дзяржавы.- Мы разумеем, што амерыканцы падштурхоўваюць Еўропу ісці па антыкітайскім шляху. Еўропа супраціўляецца, і правільна. Таму што калі яны будуць адгароджвацца ад Кітая, не дай бог яшчэ ўступяць у супярэчнасці з Кітаем, а з іншага боку на іх будзе націскаць Амерыка - Еўропа можа знікнуць. Перш за ўсё Заходняя Еўропа. Еўрапейцы гэта разумеюць, і ў Кітая адкрываюцца каласальныя магчымасці ў гэтым напрамку. Прыходзьце, працуйце".

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ад спалучэння ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях" з палітыкай ЕАЭС выйграюць усе бакі: "Мы можам тут шмат атрымаць не толькі ад лагістыкі і простага гандлю, але і ад высокіх тэхналогій, якія будуць рухацца ў двух напрамках. Гэта не за гарамі. Таму для нас гэта вельмі цікава, мы абмяркоўвалі нядаўна на савеце кіраўнікоў дзяржаў і СНД, і ЕАЭС шляхі паглыблення супрацоўніцтва з кітайцамі. І перш за ўсё на падставе канцэпцыі "Адзін пояс, адзін шлях". Гэта добрая прапанова".

Адказваючы на пытанне аб стане і перспектывах узаемаадносін дзвюх краін, Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб гісторыі іх станаўлення і згадаў аб сваім першым візіце ў Кітай. "Калі быў дэпутатам парламента, я бываў у Кітаі. Мяне цікавілі свабодныя эканамічныя зоны - іх прававы рэжым, што яны наогул даюць дзяржаве, - расказаў ён. - У парламенце (гэта цяпер модна так сказаць) я быў галоўным лабістам палітыкі Кітая. Пасля візіту - асабліва. Тады, хутчэй інтуітыўна, я адчуў, што літаральна пару дзясяткаў гадоў - і Кітай стане адной з вядучых дзяржаў свету. І нам трэба вучыцца ў Кітая, як жыць".

Візіт праходзіў якраз пасля распаду Савецкага Саюза, і ў Беларусі шукалі розныя шляхі выхаду са складанай сітуацыі, у якой апынулася краіна. "Я прапанаваў звярнуцца да вопыту Кітая. Не вельмі, асабліва нацыяналістычнае крыло беларускага парламента, да гэтага прыслухоўваліся, і мяне моцна крытыкавалі. Але наш Урад (Вячаслава Францавіча Кебіча) меў ужо пэўнае дачыненне і інтарэсы да вашай краіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Затым, паводле яго слоў, прыйшла ўпэўненасць, што трэба выкарыстоўваць вопыт Кітая, тым больш што і гэтай краіне Беларусь, ужо суверэнная і незалежная, мела што прапанаваць.

"У Савецкім Саюзе тэхналагічны ўзровень, узровень інавацый, новых ідэй быў каласальны. Беларусь была тым цэнтрам, дзе былі сканцэнтраваны новыя тэхналогіі. І тады нашы ўсе перагаворы пачыналіся і заканчваліся не толькі гандлем, а перш за ўсё інвестыцыямі і новымі тэхналогіямі. Кітай цікавілі любыя новыя тэхналогіі. Мы дзяліліся з кітайскім народам, дзяржавай тымі тэхналогіямі, якія іх цікавілі. Забягаючы наперад, скажу, што сёння мы ўжо ў кітайцаў вучымся новым тэхналогіям, якія нас цікавяць. Ва ўсіх галінах - ад біятэхналагічнай сферы да абароны. Вы рушылі наперад значна. За гэты час вы сталі сусветнай дзяржавай. Без вас не можа быць вырашана ні адно пытанне", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт разлічвае, што ў гэтым працэсе не будзе ніякіх перашкод з боку Кітая. "Мы тады нічога не шкадавалі для Кітая. Павінен дапамагчы нам і Кітай. Я намякаю перш за ўсё на новыя нашы напрамкі супрацоўніцтва - "Вялікі камень". Мы чакаем тут большай колькасці рэзідэнтаў з КНР, высокатэхналагічных рэзідэнтаў, прадпрыемстваў", - адзначыў ён.

Вялікі інтарэс для Беларусі, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, уяўляе далейшае развіццё БНБК. "Гэта сумеснае прадпрыемства. Мы два этапы прайшлі, нам патрэбны трэці - стварэнне на гэтай базе вытворчасці вітамінаў. Я думаю, што Сі Цзіньпін нам дапаможа ў гэтым плане. Чаму я гавару, што Сі Цзіньпін, таму што толькі дзякуючы яго рашэнню стала магчымай рэалізацыя гэтай праграмы. Чатыры-пяць дзяржаў у свеце маюць такія вытворчасці. І Кітай дапамог нам стварыць такую біятэхналагічную карпарацыю. Гэта найвышэйшыя тэхналогіі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

За гады плённай сумеснай працы супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ўзнялося да ўзроўню ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. "Рэдка з якой дзяржавай Кітай мае такі ўзровень супрацоўніцтва. Мы гэта вельмі цэнім, разумеючы, што такое гіганцкі Кітай і наша Беларусь. Мы гэта вельмі цэнім, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ў апошнія дзесяцігоддзі былі надзейным сябрам кітайскага народа. Так будзе заўсёды. Не толькі таму, што я Прэзідэнт у Беларусі. І іншыя прэзідэнты будуць прытрымлівацца гэтай лініі, таму што гэта ўжо ўнутры нашага народа. Наш народ, асабліва ў перыяд санкцыйнага націску з боку Захаду, убачыў, хто ёсць хто, і змог ацаніць дружбу беларускага і кітайскага народаў".