Інтэрв'ю міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір"
- 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 красавіка даў інтэрв'ю міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір".
У час адкрытай размовы галоўная ўвага была ўдзелена тэме інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Прэзідэнт падзяліўся сваім бачаннем далейшага развіцця інтэграцыйных структур.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у некаторых аб'яднаннях паміж краінамі склаліся больш блізкія адносіны, у іншых наладжана менш цеснае супрацоўніцтва. Гэтыя працэсы Прэзідэнт назваў рознаўзроўневай інтэграцыяй. "Дарэчы, Еўрапейскі саюз цяпер гэты тэрмін пачынае выкарыстоўваць. Вы бачыце, што там утвараецца больш прагрэсіўнае аб'яднанне, група вялікіх дзяржаў, каб за сабой пацягнуць астатнія. І ўжываюць ужо гэты тэрмін - рознаўзроўневая інтэграцыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Так і ў нас атрымалася. Той, хто хацеў застацца ў СНД, застаўся. Нехта захацеў выйсці, як Грузія, - выйшлі. Нехта фактычна прыпыніў свой удзел у СНД, і тое не заўсёды - часам прыязджаюць на гэта пасяджэнне прадстаўнікі Украіны. Але мы дамовіліся, што гэту пляцоўку нельга страчваць".
Каб умацаваць аб'яднанне, было вырашана зацікавіць дзяржавы ўзаемадзейнічаць у фармаце Садружнасці. "Мы падпісалі дагавор аб зоне свабоднага гандлю, пайшлі на больш сур'ёзнае супрацоўніцтва. Цяпер мы павінны падпісаць дагавор аб свабодным перамяшчэнні паслуг, скажам так. Гэта значыць тое, што мы ўжо зрабілі часткова ў ЕўрАзЭС, а больш у Саюзнай дзяржаве. Вопыт інтэграцый рознага ўзроўню спатрэбіўся. Трэба, каб была зацікаўленасць у гэтых дзяржаў, якія ўваходзяць у СНД", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што кожная краіна, удзельнічаючы ў якіх-небудзь інтэграцыйных аб'яднаннях, шукае для сябе выгады. Аднак да гэтага дзяржавы павінны падыходзіць асцярожна. "Выгада не павінна быць за кошт твайго суседа. Табе выгадна недзе, яму таксама недзе выгадна, недзе ты ўступаеш, недзе ён. Але выгада - гэта абавязкова. Калі гэта нявыгадна, як бы гэта меркантыльна ні гучала, каму патрэбны нейкі саюз і нейкія крокі ў гэтым напрамку, - падкрэсліў ён. - Расія сваю выгаду шукае, беларусы і казахі сваю і гэтак далей. Але мы знайшлі тыя пытанні, дзе гэта будзе выгадна. Гэта перш за ўсё эканоміка. Эканоміка звязвае так, што потым нікуды не пойдзеш".
У час інтэрв'ю Кіраўнік дзяржавы расказаў аб стане і перспектывах беларуска-расійскіх адносін. У прыватнасці, узнімаліся пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і правядзення сумесных стратэгічных вучэнняў "Захад-2017". Таксама абмяркоўвалася нядаўняя сустрэча двух прэзідэнтаў у Санкт-Пецярбургу.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бакі грунтоўна рыхтаваліся да перагавораў. "Вы ведаеце, што былі многія супярэчнасці, праблемы ў адносінах Беларусі і Расіі па пэўных пытаннях. Гэта напружвала і мяне, і Прэзідэнта Пуціна. Усё гэта было непрыемна, тым больш паміж нашымі дзяржавамі", - заўважыў ён.
Сустрэчу азмрочыла трагічнае здарэнне ў горадзе, у выніку якой загінулі многія людзі. "Мы ідзём на гэту сустрэчу, якраз паралельна ў гэты ж момант адбываецца тэрарыстычны акт. І ўсе гэтыя праблемы, якімі мы жылі, можа, некалькі месяцаў да нашай сустрэчы (мы былі поўныя рашучасці, паспрачаўшыся недзе, рассячы гэты гордзіеў вузел), адышлі на задні план, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы зразумелі сапраўдную каштоўнасць у гэтым жыцці. Што такое спрэчкі па нафце, па газе і іншае, калі нечакана ў цябе пад носам адбываецца тэрарыстычны акт і гінуць людзі, якіх мы павінны абараніць?"
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пасля трагічнага здарэння пытанні бяспекі і абароны сталі галоўнай тэмай перагавораў, хоць яны і былі запланаваны як асноўныя. "Усё астатняе, жыццёвае, адышло на задні план, і мы менш прысвяцілі часу ўрэгуляванню гэтых пытанняў. Мы звярнулі ўвагу перш за ўсё на гэта, - заявіў ён. - Гэта нам быў урок у тую хвіліну, і гэта павінна паслужыць урокам усім".
Другім блокам перагавораў стала ўзаемадзеянне ў эканамічнай сферы. "Гэта нафтагазавыя праблемы, як яны ў СМІ падаваліся, пытанні прамысловай палітыкі, развіцця сельскай гаспадаркі і ўзаемадзеяння дзвюх краін у гэтай сферы і гэтак далей. У сельскай гаспадарцы ў нас, дарэчы, практычна няма праблем: мы дакладна фарміруем праграмы на кожны год, у тым ліку і па пастаўках прадуктаў харчавання, асабліва ў Расійскую Федэрацыю. Напрыклад, у Расійскай Федэрацыі сёння дэфіцыт малочных прадуктаў - сем мільёнаў тон. Мы пастаўляем туды чатыры мільёны. На тры мільёны яшчэ свабодны рынак не закрываецца. А трэба закрываць, каб цэны не павышаліся", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларускія прадпрыемствы практычна не з'яўляюцца канкурэнтамі расійскім, паколькі рынак у гэтай краіне свабодны. "Тое, што ў нас цэны ніжэйшыя і якасць вышэйшая, не падстава для таго, каб нас даймаць і не пускаць на рынак. Трэба працаваць у Расіі, вырабляць прадукцыю, каб яна была чыстая ад нітратаў, дапусцім. Трэба гэту прадукцыю перапрацоўваць на сучасных малака- і мясаперапрацоўчых прадпрыемствах. Тады на рынак будуць трапляць нармальныя па якасці прадукты. І цэны... Гэта не той выпадак, калі можна нажывацца на кашальках або кішэнях расіян. Наша прадукцыя не столькі прэміум-класа, а для звычайных людзей. Хоць мы і прэміум вырабляем. Але ў асноўным пастаўляем у Расійскую Федэрацыю для звычайных людзей. Яны любяць гэту прадукцыю. Мы адкрыты - прыязджайце і правярайце. Што нам хаваць? Мы перапрацоўку сельгаспрадукцыі прывялі ў адпаведнасць з сусветнымі стандартамі", - запэўніў Прэзідэнт.
Якасць беларускіх тавараў, паводле яго слоў, пацвярджае і той факт, што яна цэніцца ў Еўропе, дзе дасканала падыходзяць да адбору прадукцыі. "А расіяне пачалі тармазіць. Мы перайшлі ў сувязі з гэтым да іншага пытання: я яму (Уладзіміру Пуціну) паказаў, хто нажываецца на гэтай "санкцыёнцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца прэтэнзій да беларускага боку аб рээкспарце прадукцыі, Кіраўнік дзяржавы параіў расійскаму боку дасканала разабрацца ў гэтым пытанні. "На тэрыторыю Беларусі можна завезці прадукцыю любой дзяржавы. Дык гэта ж робяць не беларусы, як аказалася, а расійскія бандыты з вялікай дарогі. І я яму раскрыў карты. Мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час прымем сістэму мер для таго, каб папярэдзіць гэта. Але толькі нас, кажу, не трэба даймаць. Калі там у вас члены Урада сёння валодаюць велізарнымі латыфундыямі, таксама займаюцца сельскай гаспадаркай і, каб канкурэнцыі было менш, пачынаюць даймаць беларусаў - гэта не атрымаецца. Мы вымушаны будзем адказваць на гэта адэкватна, - падкрэсліў ён. - Мы маем балансы на кожны год: колькі малака, колькі мяса паставіць у Расійскую Федэрацыю. Мы нават не выбіраем гэтыя аб'ёмы. Таму нас папракаць у тым, што мы завалілі Расію нейкімі санкцыйнымі прадуктамі, не трэба. Мы гэтага не рабілі і не робім".
У час перагавораў прэзідэнты абмеркавалі таксама ўзаемадзеянне ў прамысловай сферы. Была адзначана неабходнасць развіваць кааперацыю паміж прадпрыемствамі. "Навошта ставіць КамАЗ у больш выгадныя ўмовы перад нашым МАЗам? Агульны рынак, давайце дамаўляцца і працаваць. Трэба кааперавацца, ніхто не супраць. Але гэта павінна быць прыстойна і сумленна, а не тое, што "вы аддайце нам гэта прадпрыемства і забудзьце пра яго". Навошта такім чынам дзейнічаць? Нічога нікому мы не збіраемся аддаваць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Калі вы хочаце ўдзельнічаць у прыватызацыі - цана вядома. Плаціце грошы і прыходзьце, мы не супраць. Але галоўнае, каб людзей на вуліцу не выкідвалі з гэтых прадпрыемстваў і каб гэта прадпрыемства мадэрнізавалася і развівалася".
Бакі вырашылі падрабязна абмеркаваць гэтыя пытанні ў час маючага адбыцца пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.
Акрамя таго, паводле слоў Прэзідэнта, была дасягнута дамоўленасць аднавіць у былых аб'ёмах пастаўкі нафты ў Беларусь. "Тое, што мы сёння плацім значную цану за газ, гэта факт. Мы знайшлі развязкі па гэтым пытанні, і Расія кампенсуе нам гэта разыходжанне ў цяперашняй цане і рэальнай цане за кошт рээкспарту нафты. На нафту цэны цяпер прымальныя, тут у нас праблем няма і не будзе. Мы заканчваем у бліжэйшы час мадэрнізацыю нашых нафтаперапрацоўчых заводаў, хоць яны і цяпер вельмі высокага ўзроўню. Але закончым - выхад светлых нафтапрадуктаў будзе 95 працэнтаў, тады пытанне па нафце адпадзе само па сабе. Мы зможам з любога рынку купляць нафту, перапрацоўваць у сябе і атрымліваць адпаведны прыбытак. Гэта расіяне таксама разумеюць", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Абмяркоўваліся ў час перагавораў двух лідараў і іншыя тэмы. "Плюс пытанні чалавечага характару, якія вельмі важны для функцыянавання Саюзнай дзяржавы. Мы іх таксама абмяркоўвалі. Але тут крытычных праблем няма ў адносінах да людзей: перамяшчэнне, працаўладкаванне, пенсійныя, сацыяльныя пытанні...", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
У час інтэрв'ю Прэзідэнт расказаў, што многія краіны абмяркоўваюць маючыя адбыцца вучэнні "Захад-2017", якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі.
"Сёння мне прыйшло пісьмо ад групы кангрэсменаў Злучаных Штатаў, у тым ліку там і вядомы персанаж Маккейн, які дэмакратыю ў Беларусі шукае, што мы тут кагосьці затрымалі і гэтак далей і да таго падобнае, - адзначыў ён. - Гэтыя спадары закранаюць і пытанне вучэнняў: для іх тут нейкая небяспека. А для нас не небяспека, што сёння НАТА актывізавалася ля нашых граніц?"
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расіі была створана ў процівагу Паўночнаатлантычнаму альянсу і яе галоўная мэта - абарона інтарэсаў абедзвюх краін. "Гэта групоўка жывая, яна гатова дзейнічаць па абароне нашых інтарэсаў. Мы пры гэтым ні на каго не збіраемся нападаць, нам гэта не трэба. Ды і не здольныя мы сёння ваяваць супраць усяго свету. І Пуцін, і я гэта цудоўна разумеем. Але свайго не аддадзім. Таму яны павінны нас разумець", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гэтыя ж палітыкі, дадаў Прэзідэнт, любяць пакрытыкаваць Беларусь за нібыта невыкананне правоў чалавека. "Няхай яны паглядзяць на дэмакратыю ў заходніх краінах - зусім нядаўна і бамбілі, і труцілі, і слёзатачывы газ, і вадамёты, і дубіны і ў Бруселі, і ў Лондане, і ў Парыжы, і ў Германіі. Куды ўжо далей? Апора дэмакратыі. Паглядзіце, што адбывалася пасля выбараў, у час выбараў Дональда Трампа ў Злучаных Штатах Амерыкі, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Трэба спачатку туды паглядзець, на гэту "дэмакратыю". Прынамсі, мы нікога слёзатачывым газам не труцілі".
Прэзідэнт таксама адказаў на шэраг іншых актуальных пытанняў, у тым ліку аб забеспячэнні бяспекі ў рэгіёне і барацьбе з тэрарызмам у свеце.