Інтэрв'ю расійскаму часопісу "Разведчик"
Інтэрв'ю Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі расійскаму часопісу "Разведчик" апублікавана 15 верасня. Кіраўнік дзяржавы адказаў на актуальныя пытанні, якія датычыліся розных тэм унутранай і знешняй палітыкі, узаемадзеяння Беларусі і Расіі ў Саюзнай дзяржаве і сітуацыі на заходніх граніцах, магчымасцей урэгулявання канфлікту ва Украіне, а таксама асобных этапаў біяграфіі Прэзідэнта і яго станаўлення як Кіраўніка дзяржавы.
Пра ўменне ўстанаўлівасць асаблівую сувязь з народам і ва ўсім прытрымлівацца яго меркавання
Першае пытанне беларускаму лідару датычылася яго каласальнага вопыту дзяржаўнага кіравання, набытага ў надзвычай складаную гістарычную эпоху, і ўмення ўвесь гэты перыяд паспяхова весці краіну па "беларускім шляху", як ён назваў яго ў сваёй інаўгурацыйнай прамове. Прэзідэнта спыталі пра сакрэт поспеху і найбольш каштоўныя ўрокі дзяржаўнага будаўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым згадаў сказаную ім некалі фразу "прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца" і растлумачыў, які сэнс укладваў у гэтыя словы. "Гэта не пра вышэйшыя сілы і наканаванне. Я рэаліст і прагматык. Размова пра тое, як у чалавеку па меры сталення, паступова, "ад жыцця, ад зямлі" зараджаецца ўсвядомленая любоў да краіны, свайго народа, гатоўнасць у цяжкі для дзяржавы момант узяць на сябе адказнасць і зрабіць усё, каб апраўдаць давер суайчыннікаў. Гэта пра ўстанаўленне асаблівай сувязі са сваім народам. Пра адказнасць за прынятыя палітычныя рашэнні і вельмі цяжкую работу - без аглядкі на ўсё", - сказаў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў: "Я бязмерна паважаю і люблю сваіх людзей, сваю краіну. І для мяне самае страшнае - падвесці народ, які ў мяне паверыў. 30 гадоў таму я пакляўся, што буду ім служыць сумленна. Гэта і раблю. Працую, а не ўладару. Як бы ні было складана".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што самыя лёсавызначальныя для краіны рашэнні ў Беларусі прымаюць з удзелам меркавання людзей і іх інтарэсаў, праз рэферэндумы. "Я прывык ва ўсім спадзявацца і абапірацца на народ. І глыбока перакананы, што толькі ён мае права вырашаць свой лёс. У гэтым сутнасць старажытнай славянскай традыцыі нашага народаўладдзя з часоў веча", - заявіў Прэзідэнт.
Галоўная ідэя, з якой Аляксандр Лукашэнка, паводле яго слоў, некалі прыйшоў у вялікую палітыку, - захаваць пераемнасць. "Былі ўнутраная ўпэўненасць у правільнасці гэтага курсу і запатрабаванне грамадства. Таму была падтрымка, - адзначыў ён. - Народ разумеў: у нас ёсць свая дзяржава, і калі яе па-здрадніцку загубім, давядзецца пачынаць спачатку".
"Такая вось жыццёвая формула поспеху: хочаш расці, рухацца наперад - улічвай волю народа і не ламай выбудаваную папярэднімі пакаленнямі апору, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы ведаем, як жылі нашы продкі, калі падпарадкоўваліся законам і інтарэсам іншых дзяржаў. Ведаем, як пачало мяняцца жыццё беларусаў у савецкі перыяд. Таму ў 90-я нават размовы быць не магло аб тым, каб патэнцыял, створаны ў БССР, аддаць замежным багачам-алігархам. Ні за якія грошы. Людзі не зразумелі б і не дазволілі б гэта зрабіць".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заўсёды імкнуўся зрабіць так, каб беларусы былі шчаслівыя на роднай зямлі, каб самі кіравалі ўласным лёсам і краінай. "І няхай мы сёння жывём небагата, але годна. Мы жывём на сваёй зямлі, ведаем, як жыць і што рабіць зыходзячы з рэсурсаў, якія маем", - канстатаваў ён.
"Галоўнае, мы жывём у мірнай, спакойнай і бяспечнай краіне, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Паверце, калі не будзе міру, калі ў краіне пачнуць страляць і ўзрываць, - ужо нічога не трэба: ні работы, ні зарплаты... Вось чаму я не перастаю паўтараць: лепш ваяваць у полі, на заводзе і ферме, чым у акопах".
Менавіта таму, як перакананы Кіраўнік дзяржавы, беларусам нельга расслабляцца і самазаспакойвацца. Калі працаваць і захоўваць адзінства, можна дасягнуць многага. "Як будзем працаваць, так і будзем жыць. Галоўнае, каб у міры і згодзе, - падкрэсліў беларускі лідар. - За гэты шлях мільёны нашых суайчыннікаў у мінулым аддалі жыцці. За гэты шлях беларусы аддалі свае галасы 30 гадоў таму і галасуюць сёння. Я верны яму і буду ісці па ім да канца, каб захаваць суверэнную і незалежную Беларусь".
Пра новы музей, які стане аб'ектам гонару і ўзорам адносін да свайго мінулага
Увесь няпросты тысячагадовы шлях станаўлення беларускай дзяржаўнасці і афармлення беларусаў як самадастатковай нацыі з унікальнай гісторыяй і багатай культурай будзе адлюстраваны ў экспазіцыі новага Нацыянальнага гістарычнага музея і парку Народнага адзінства ў Мінску. Аб іх будаўніцтве таксама ішла размова ў час інтэрв'ю.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што іх з'яўленне - гэта адказ на запатрабаванне часу і гэта права, якое беларускі народ заслужыў спаўна.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларусы прайшлі складаны гістарычны шлях і дасягнулі высокіх вынікаў. "Не зламаліся, калі жылі пад бізуном паноў, не растварыліся ў чужым этнасе, калі гэтым жа бізуном з беларусаў выбівалі гістарычную памяць, веру, мову, культуру, - заўважыў ён. - Пабудавалі дзяржаву на небывалай разрусе пасля Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Праявілі масавы бяспрыкладны гераізм, абараняючы Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай".
"Уся гісторыя народа - подзвіг. Гэта павінна стаць аб'ектам гонару для людзей, асабліва для моладзі, якая актыўна ўключылася ў гэту агульнанацыянальную будоўлю (там цяпер актыўна працуюць, напрыклад, студэнцкія будаўнічыя атрады БРСМ. - Заўвага)", - канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што галоўным яго патрабаваннем да аўтараў праекта было - ніякага нацыяналістычнага або ўра-патрыятычнага перабору. "Трэба адлюстраваць аб'ектыўны погляд на нашу гісторыю. Усё павінна быць заснавана на фактах і зроблена ў духу часу. У новым будынку музея нашчадкі ўбачаць узор стаўлення да свайго мінулага", - заявіў беларускі лідар.
Над праектам вядуць работу вопытныя архітэктары, будаўнікі і гісторыкі краіны. Паралельна распрацавана канцэпцыя экспазіцыі. Паводле слоў Прэзідэнта, гісторыя Беларусі ў ёй паказана як бесперапынны і заканамерны працэс з'яўлення краіны на палітычнай карце свету, усе этапы гістарычнага развіцця беларускага народа адлюстраваны без выключэнняў і перабольшанняў.
Пра вар'яцтва на заходніх граніцах і рашучасць адказаць так, што мала не падасца
Цяпер Беларусь прадаўжае развівацца як суверэнная, незалежная дзяржава, але сітуацыя з-за паводзін яе заходніх суседзяў застаецца напружанай. Польшча і краіны Балтыі рэгулярна абвастраюць абстаноўку, гавораць нават аб намеры замініраваць граніцы. Кіраўніка дзяржавы спыталі, якой будзе рэакцыя Мінска ў тым выпадку, калі яны пяройдуць ад слоў да справы.
"Такія заявы - аблічча агульнай палітыкі Захаду ў адносінах да Беларусі і Расіі. І самае сумнае, што палітыка гэта не мяняецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што прайшло ўжо 80 гадоў з заканчэння Другой сусветнай вайны, а на Захадзе да гэтага часу лічаць пагрозай Беларусь, Расію і іх саюз.
"Па гэтай прычыне НАТА спешна ўзбройвае Еўропу, а Польшча і краіны Балтыі, каб дагадзіць сваім гаспадарам, выдумліваюць нібы "абаронныя" меры. Адна з іх - выхад з Атаўскай канвенцыі і мініраванне граніцы з Беларуссю. Усё гэта не што іншае, як чарговая спроба націснуць на Беларусь", - лічыць Прэзідэнт.
"Недружалюбная палітыка Захаду ў адносінах да нас перарастае ў адкрыта агрэсіўную, - падкрэсліў беларускі лідар. - Пакуль асаблівых рызык і прамых ваенных пагроз не бачым, паколькі проціпяхотныя міны - абарончы тып зброі. Тым больш што ў нас няма планаў пераходзіць граніцы суседзяў без запрашэння".
Аляксандр Лукашэнка чарговы раз заявіў аб гатоўнасці Беларусі дружыць і супрацоўнічаць з усімі, хто гэтага шчыра хоча, ісці туды, дзе нас чакаюць. Але ісці "не на танках, а на трактарах".
У той жа час дзеянні суседзяў на заходніх граніцах наўрад ці садзейнічаюць бяспецы і стабільнасці ў рэгіёне. "Ну навошта сёння мініраваць граніцы, траціць мільёны на выбудоўванне жалезных агароджаў, на пераадоленне якіх мігрантам патрэбны лічаныя мінуты? - рытарычна спытаў Прэзідэнт. - Мільёны долараў уклалі, раскралі палавіну, мініруюць граніцы, начыняюць арміі войскамі і тэхнікай, а што ў выніку? Каму ад гэтага лепш?"
Такая безразважнасць у першую чаргу небяспечна для саміх жа ініцыятараў, упэўнены Кіраўнік беларускай дзяржавы. "На шчасце, простыя людзі ўсё разумеюць і выступаюць супраць гэтых небяспечных авантур (напрыклад, 54% палякаў у адным з апытанняў. - Заўвага)", - заўважыў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што санкцыі, уведзеныя супраць Расіі і Беларусі, негатыўна паўплывалі і на жыццё палякаў, літоўцаў, латвійцаў, якія сутыкнуліся з ростам цэн на энерганосьбіты, стратай традыцыйных рынкаў, зніжэннем паступленняў у бюджэт. "Час паказаў, што санкцыі - выстрал сабе ж у нагу", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
"Аднак у кіраўніцтве Польшчы, Літвы і Латвіі палітычныя амбіцыі важнейшыя за разважлівасць, - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Бюджэт на абаронныя расходы ў гэтых краінах ужо набліжаецца да 5% ВУП (для параўнання, у Беларусі - не больш як 1%). За ўсё плацяць простыя людзі, сацыяльнае самаадчуванне якіх з кожным днём слабее разам з надзеямі на лепшае жыццё. Але пра іх, як і пра наступствы безразважных рашэнняў, ніхто не думае".
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі і ў Саюзнай дзяржаве, вядома, сочаць за развіццём абстаноўкі на заходніх рубяжах і ў выпадку прамой пагрозы імгненна адкажуць любому, хто зробіць замах на беларускую зямлю. "Калі пяройдуць ад слоў да справы - мала не падасца. Для таго, каб нанесці непрымальны ўрон агрэсару, у нас ёсць усё неабходнае. Правяраць не раю, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Аднак суседзяў не выбіраюць, яны ад Бога. І мы заўсёды прапаноўвалі і прапануем жыць па-добрасуседску. Не хочуць. Робяць на граніцы такое, што неспасціжна розуму".
Пра адсутнасць ілюзій, але наяўнасць надзей у адносінах да кіраўніцтва Польшчы
Кіраўніка дзяржавы спыталі, ці чакаюць у Беларусі якіх-небудзь змяненняў у адносінах з Польшчай у сувязі з уступленнем на пасаду новага Прэзідэнта гэтай краіны Караля Наўроцкага.
"Скажу сумленна, мы не маем ілюзій наконт хуткага аднаўлення дыялогу, - сказаў беларускі лідар. - З аднаго боку, адным з лозунгаў пана Наўроцкага на выбарах быў "Польшча перш за ўсё". У сваіх перадвыбарных выступленнях ён неаднаразова заяўляў, што абарона польскага народа - адна з мэт яго прэзідэнцтва. Мы разумеем, што на гэтай тэме ў час перадвыбарнай гонкі было зручна набіраць ачкі. Але мы ведаем, што польскі народ хоча развіваць адносіны з нашай краінай. Палякі і беларусы не ворагі адзін аднаму. З другога боку, Варшава прадаўжае выстаўляць неабгрунтаваныя прэтэнзіі і абвінавачанні ў адрас Беларусі. Яна ж дала прытулак, палітычна і інфармацыйна падмацоўвае нашых збеглых, выкарыстоўваючы іх у сваіх мэтах".
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на існуючыя спробы перапісаць, перайграць гісторыю, падагнаць яе тлумачэнне пад палітычную кан'юнктуру. "Мы таксама добра ведаем, якую ролю адыграў цяперашні Прэзідэнт Польшчы (у яго бытнасць кіраўніком польскага Інстытута нацыянальнай памяці) у дэмантажы помнікаў савецкім воінам, загінулым пры вызваленні Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, - заўважыў Прэзідэнт. - Толькі ўдумайцеся: 600 тыс. савецкіх воінаў, сярод якіх нямала беларусаў, загінулі ў баях за Польшчу і назаўсёды засталіся ляжаць у польскай зямлі! І хто з тамашніх палітыкаў сёння аб гэтым успамінае? Чым нам сёння адказваюць? Пагрозамі, санкцыямі, мілітарызацыяй, "байполамі", "байсоламі" (фінансуемыя Захадам антыўрадавыя арганізацыі. - Заўвага) і іншымі дыверсіямі".
Да таго ж вядома, што Караль Наўроцкі з'яўляецца перакананым прыхільнікам НАТА і саюза з ЗША і наўрад ці адступіць ад сваіх перакананняў. "Таму не даводзіцца чакаць, што будзе, як раней. Але мы ўсё ж спадзяёмся, што ў польскіх калег возьмуць верх палітычныя мудрасць і разважлівасць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Спадзяёмся, што па той бок граніцы нас пачуюць, будуць аб'ектыўна ацэньваць сітуацыю ў Беларусі і перастануць умешвацца ў нашы ўнутраныя справы. Мы адкрытыя для дыялогу. У сучасных умовах важна знаходзіць шляхі для вырашэння праблем, а не ствараць новыя. Мы павінны будаваць масты, а не сцены, чаго не скажаш пра суседзяў".
Пра авантуры еўрапейскіх палітыкаў і новыя цэнтры сілы, якія набіраюць вагу
У ліку тэм, якія закраналіся ў інтэрв'ю, быў і ўкраінскі крызіс. Згадваліся, у прыватнасці, перагаворы па яго ўрэгуляванні ў Мінску ў 2015 годзе і адкрыцці еўрапейскіх удзельнікаў, якія былі зроблены значна пазней, аб тым, што яны і не збіраліся выконваць дасягнутыя пагадненні, а толькі "куплялі час" для кіеўскага рэжыму. Прэзідэнта Беларусі спыталі, якім можа быць далейшы дыялог з такімі "партнёрамі".
"Было нечакана, але не дзіўна, - адказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нечакана, таму што ад палітыкаў такога ўзроўню (а яны сябе прылічвалі да пантэона сусветных лідараў, гэтак жа?) усё ж чакаеш нейкай паслядоўнасці, сур'ёзнасці, грунтоўнасці. З другога боку, прызнанне еўралідараў у тым, што яны выйшлі на перагаворную пляцоўку, даруйце за выраз, з фігай у кішэні, было нядзіўным. Нічога новага. Яны прывыклі хлусіць, гэта іх стыль".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як пасля перамогі над гітлераўскай Германіяй калектыўны Захад адных нацыстаў саджаў на лаву падсудных, другіх, якія купілі сабе жыццё сакрэтамі, хаваў у ЗША, Аргенціне, Канадзе. Можна ўспомніць і аб тым, як ішло раззбраенне пасля распаду СССР, у якіх прапорцыях. "Нам хлусілі заўсёды", - канстатаваў беларускі лідар, дадаўшы, што прыкладаў гэтаму мноства.
"Тады, у 2015 годзе, мы рыхтавалі перагаворы ў Мінску шчыра. Мы стараліся думаць пра Захад, як пра адказнага партнёра. Інакш у чым сэнс выхаду на перагаворную пляцоўку такога ўзроўню? - прадоўжыў Прэзідэнт тэму перагавораў нармандскай чацвёркі. - Так, мы разлічвалі, што падпісаныя ў Мінску дамоўленасці закладуць трывалую аснову для доўгачасовай стабілізацыі. Усе працавалі па-сапраўднаму. Сямнаццаць гадзін вельмі складаных перагавораў, без сну, з эмацыянальнымі спрэчкамі, але з жаданнем спыніць кровапраліцце, аднавіць мір". А ў гэты ж час Ангела Меркель і Франсуа Аланд, якія на той момант прадстаўлялі Германію і Францыю, па іх жа прызнаннях, прыехалі ўсыпіць пільнасць другога боку перагавораў, набрацца сіл і падкінуць пален ва ўкраінскае вогнішча.
Таму, на думку Аляксандра Лукашэнкі, заканамерным і лагічным выглядае цяперашняе нежаданне Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўключаць у перагаворы еўрапейцаў. "Навошта яму мець адносіны з палітыкамі, рэпутацыя якіх ніжэй за плінтус. Яму патрэбны і партнёры, і апаненты, з якімі ён будзе гаварыць як з роўнымі. А як з роўнымі - гэта ўжо з іншымі лідарамі. Гэта краіны ШАС, БРІКС. Фарміруецца сур'ёзная процівага старым структурам. І гэты махавік не спыніць - новыя цэнтры сілы набіраюць палітычную вагу. З імі давядзецца лічыцца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на глабальную ініцыятыву, выказаную Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам на саміце ШАС у Кітаі, - кіраванне на аснове раўнапраўя і справядлівасці. "Сі прапануе: суверэнная роўнасць, прымат міжнароднага права, шматбаковасць. І гэта менавіта тое, што трэба, каб разматаць клубок існуючых праблем у міжнародным парадку дня", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, гэта дасць магчымасць аднавіць давер, страчаны з-за авантур Еўрасаюза. А пры тых уводных, якія маюцца па выніку прызнання яго лідараў, такога даверу да краін ЕС няма. "Я не ведаю, як можна весці з імі справы ў прынцыпе", - дадаў беларускі лідар.
Пра Украіну, Трампа ў ролі пасрэдніка і дыпламатычнае шалупінне
"Мірным перагаворам па Украіне няма альтэрнатывы. Але гэта павінен быць адкрыты і паважлівы дыялог, які дасць магчымасць знайсці кампраміс з улікам інтарэсаў усіх бакоў канфлікту", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, цяпер застаецца верыць, што Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сапраўды хоча пакласці канец гэтаму канфлікту. "На Алясцы (у час перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. - Заўвага), што б там ні пісала еўрапейская і часткова амерыканская прэса, Трамп са сваёй роляй - а ён адыгрываў выключна ролю пасрэдніка, які хацеў даведацца з першых вуснаў пра пазіцыю Расіі як боку канфлікту, - я лічу, справіўся", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што непасрэдна перад перагаворамі на Алясцы адбылася іх тэлефонная размова з Прэзідэнтам ЗША - шчырая, добрая размова. "Гаварылі і пра Украіну. Я выклаў Трампу сваё бачанне, свой пункт гледжання. Ён яго выслухаў. Ну а наколькі наша размова была карысная перад сустрэчай на Алясцы - гэта ўжо ён лепш ведае", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Скажу адкрыта: Трамп гаворыць жорстка, без дыпламатычнага шалупіння. З ім можна не згаджацца, спрачацца, але ты разумееш яго пазіцыю. І гэта больш каштоўна, чым дзясяткі еўрапейскіх дэкларацый, дзе кожнае слова загорнута ў прыгожую дыпламатычную абгортку, але пры гэтым нічога не значыць", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Пра знешнепалітычныя акцэнты, шматвектарнасць і пройгрышную стратэгію Захаду
Гаворачы ў цэлым аб знешняй палітыцы Беларусі і яе канкурэнтных перавагах, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што краіна з моманту здабыцця незалежнасці сістэмна і мэтанакіравана выбудоўвала дружалюбныя адносіны з замежнымі партнёрамі. У аснове гэтага працэсу - прынцып шматвектарнасці.
Але, на жаль, Захад у адносінах з Беларуссю практычна з самага пачатку прымяняў двайныя стандарты, уводзіў санкцыі і абмежаванні пад надуманымі падставамі. "Гэта была з самага пачатку пройгрышная стратэгія, хаця б таму, што яны - не ўвесь свет і нават не яго большасць", - заўважыў Прэзідэнт. За апошнія некалькі гадоў экспартныя таварныя патокі Беларусі былі пераарыентаваны з Захаду на іншыя рынкі.
"Краіны далёкай дугі, дзверы якіх адкрыты для нас, - гэта ўжо не проста "пояс" эканамічнага росту, а прастора раўнапраўных партнёраў, дзе перасякаюцца інтарэсы ведучых сусветных дзяржаў, фарміруюцца новыя альянсы і цэнтры сілы. Увага ўсіх без выключэння прыкавана сёння да Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У Азіі Беларусь актыўна развівае дыялог з Кітаем, Іранам, В'етнамам, Інданезіяй, Пакістанам, КНДР, Індыяй, Тайландам, Лаосам, Камбоджай, Малайзіяй, М'янмай, Філіпінамі і іншымі краінамі. На Блізкім Усходзе актыўна ўзаемадзейнічае з Аманам, ААЭ, Саудаўскай Аравіяй, Катарам, прытрымліваючыся тактыкі навядзення мастоў, калі пэўныя краіны становяцца праваднікамі Беларусі ў іншыя рэгіёны.
Немалыя рэзультаты дасягнуты Беларуссю ў Афрыцы. У мінулым годзе экспарт туды істотна вырас і склаў больш як паўмільярда долараў. "Паспяхова рэалізуюцца сумесныя праграмы механізацыі сельскай гаспадаркі з Зімбабвэ і Нігерыяй. Гэты элемент супрацоўніцтва стаў брэндам Беларусі ў Афрыцы і выклікае значную цікавасць у іншых краін кантынента - ад Гвінеі-Бісау да Мазамбіка. Умацоўваюцца сувязі з традыцыйнымі партнёрамі: Егіптам, Кеніяй, ПАР, Эфіопіяй. Новы імпульс атрымалі кантакты з Алжырам, - прывёў прыклады Прэзідэнт. - Мы адданы сваім падыходам - прыходзім у Афрыку як сябры, каб дапамагчы і навучыць там, дзе ў гэтым ёсць патрэбнасць".
Што датычыцца Лацінскай Амерыкі, тут Беларусь нацэлена на ўсебаковае ўмацаванне міждзяржаўнага дыялогу з асноўнымі саюзнікамі ў рэгіёне - Венесуэлай, Кубай і Нікарагуа. Дзякуючы планамернаму і паступальнаму выбудоўванню супрацоўніцтва з Аргенцінай, Бразіліяй, Калумбіяй, Панамай, Уругваем і Эквадорам, відаць практычная аддача і гатоўнасць гэтых краін да прагматычнага ўзаемадзеяння.
Акрамя развіцця двухбаковых кантактаў, Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на ўзаемадзеянне з міжнароднымі арганізацыямі. Ён нагадаў, што Беларусь стала паўнапраўным удзельнікам адной з буйнейшых уплывовых рэгіянальных структур - Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Беларусь набыла статус партнёра БРІКС - аб'яднання, якое, па сутнасці, з'яўляецца голасам глабальнай большасці.
"Наш стратэгічны ўклад у стабільнасць і развіццё Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі - забеспячэнне харчовай бяспекі. Мы можам прапанаваць і, што самае галоўнае, рэалізоўваць комплексныя інтэграваныя рашэнні - ад паставак сельгастэхнікі і трансферу тэхналогій да арганізацыі перапрацоўкі, захоўвання, сэрвіснага абслугоўвання, лагістыкі. Наша візітная картка на глабальнай арэне - слушнасць і няўхільная рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцей, уменне вырашаць маштабныя задачы аптымальнымі сіламі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пра сілу Саюзнай дзяржавы і залог непераможнасці
Важнай тэмай інтэрв'ю стала развіццё Саюзнай дзяржавы. Прэзідэнта папрасілі ацаніць дасягнутыя за апошні час вынікі і перспектывы на будучыню.
"Азіраючыся на пройдзены шлях, з упэўненасцю магу сказаць: выбар на карысць саюза з Расіяй прадыктаваны самім жыццём. Гэты выбар выратаваў нашы краіны ад эканамічнай катастрофы і страты суверэнітэту", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Асабліва востра, паводле яго слоў, гэта выявілася пасля крызісу 1998 года, калі прадпрыемствы спыняліся, цэны раслі, людзі страчвалі зберажэнні. Менавіта тады стала канчаткова зразумела - або краіны разам знаходзяць рашэнне, або кожная будзе выжываць паасобку. "І мы знайшлі гэты шлях - праз рэальную эканамічную інтэграцыю, стварэнне сумесных вытворчасцей, узгодненую сацыяльную палітыку", - канстатаваў Прэзідэнт.
Вядома, не ўсё атрымлівалася адразу, часам здавалася, што кампраміс немагчымы, але заўсёды было відавочна: цана пытання не ў кароткатэрміновай выгадзе, а ў гістарычным лёсе народаў.
"Мы прайшлі праз мноства выпрабаванняў: фінансавыя крызісы, глабальныя эканамічныя ўзрушэнні, шалёныя санкцыі Захаду. Разам мы вытрымалі сур'ёзную праверку на трываласць. Вытрымалі таму, што стварылі ўнікальны фармат інтэграцыі, які не мае аналагаў у свеце, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Пры гэтым кожная краіна захоўвае свой суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, дзяржаўнае ўладкаванне. Моцныя суверэнныя дзяржавы - моцны саюз. Вось формула поспеху любой інтэграцыі".
"Так, рэсурсы ў Беларусі і Расіі розныя. Але ў гэтым і сіла СД. Мы не дубліруем адзін аднаго, а арганічна дапаўняем, закрываем прабелы і памнажаем перавагі", - дадаў ён.
Расія была і застаецца галоўным гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі. Па выніках 2024 года Беларусь увайшла ў чацвёрку краін свету па аб'ёме тавараабароту з Расіяй і прадаўжае лідзіраваць сярод краін СНД. Гандлёвы абарот паміж краінамі вырас у сем разоў, дасягнуўшы ў мінулым годзе разам з паслугамі амаль $60 млрд.
Павышаная ўвага ўдзяляецца імпартазамяшчальным праектам. Так, напрыклад, з'явіўся кар'ерны самазвал БЕЛАЗ грузападымальнасцю 90 т з расійскім рухавіком Яраслаўскага маторнага завода магутнасцю 1050 к.с. (раней у гэтым класе прымяняліся толькі імпартныя рухавікі).
Але галоўным дасягненнем Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка лічыць значнае паляпшэнне якасці жыцця грамадзян Беларусі і Расіі. Яны карыстаюцца роўнымі правамі ў СД пры працаўладкаванні, сацыяльным забеспячэнні, медыцынскім абслугоўванні, адукацыі і ў пенсійных пытаннях. Уведзены льготныя тарыфы на мабільную сувязь, пашыраны выбарчыя правы, павялічана колькасць авіярэйсаў паміж рэгіёнамі.
Асновай далейшага развіцця саюзніцкіх адносін дзвюх краін з'яўляецца паглыбленне рэгіянальнай інтэграцыі, адзначыў Прэзідэнт. У гэтым аспекце ён згадаў пра штогадовы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
"Узаемадзеянне ў навукова-тэхнічнай сферы прайшло сур'ёзную эвалюцыю ад падтрымкі асобных галін да стварэння прынцыпова новых напрамкаў. Асабліва ярка гэты прагрэс бачны ў касмічнай сферы. Толькі ўявіце: восем сумесных праграм, першая беларуская жанчына-касманаўт на арбіце, дзеючы сумесны спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і новы апарат з рэкордным распазнаваннем 35 см, дзе начынка наша, а платформа - расійская", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.
Ідзе актыўная работа над стварэннем адзінай лічбавай прасторы, развіццём штучнага інтэлекту, укараненнем разумных тэхналогій. "Сапраўдным тэхналагічным прарывам і сімвалам дружбы братэрскіх народаў стала Беларуская АЭС, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта наш адказ палітычнаму націску і пляцоўка для развіцця ўласных кампетэнцый у выкарыстанні мірнага атама".
"Аднак без пабудовы аб'яднаных рынкаў энергарэсурсаў складана разлічваць на эфектыўны рух наперад. Падпісаны дагавор аб агульным рынку электраэнергіі - толькі пачатак. Нам трэба рухацца далей: ствараць агульны рынак газу, устанаўліваць адзіныя правілы нафтавага рынку, забяспечваць справядлівыя цэны для перапрацоўшчыкаў, роўныя ўмовы гаспадарання для суб'ектаў абедзвюх краін, - упэўнены беларускі лідар. - У гэтым і сутнасць нашай Саюзнай дзяржавы - не проста дапамагаць адзін аднаму, а ствараць агульныя правілы гульні, якія вядуць да фарміравання паўнацэннай адзінай эканамічнай прасторы з захаваннем палітычнага суверэнітэту кожнай краіны. 25 гадоў таму мы заклалі для гэтага падмурак. Сёння ўзводзім будынак, а заўтра пабудуем цэлы горад на аснове тэхналагічнага суверэнітэту нашых эканомік. У ім абавязкова знойдзецца месца для новых сумесных праектаў, прарыўных тэхналогій і новых адкрыццяў".
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным яны часта гавораць: саюз Беларусі і Расіі правераны часам. "Але сёння я скажу больш - ён правераны самім жыццём. І пакуль мы захоўваем вернасць агульным ідэалам, пакуль мы разам будуем агульную будучыню, нас не зламаць нікому. У гэтым вечная сіла Саюзнай дзяржавы, залог нашай непераможнасці", - заявіў беларускі лідар.
Пра значэнне ваеннай службы для кожнага мужыка
Тэматыка выдання, вядома, прадугледжвала і пытанні пра сілавы блок. У інтэрв'ю не магла не прагучаць тэма ваеннай службы, і кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне, падрабязна расказаў пра свой вопыт службы ў пагранвойсках.
"Як і ўсе савецкія хлопцы, лічыў і лічу абарону Радзімы абавязкам сапраўднага мужчыны, - падкрэсліў ён. - Я часта гавару: які ж ты мужык, калі не служыў. Служыць у гады майго юнацтва было ганарова. Салдат у той час выклікаў ва ўсіх шчырую павагу".
У Беларусі, паводле слоў Прэзідэнта, вярнулі прэстыж ваеннай службе, які быў амаль страчаны ў 1990-я гады, і цяпер хлопцы імкнуцца служыць.
"Ваенная служба загартавала мой характар. Яе заўсёды ўспамінаю з цеплынёй. Я ўдзячны камандзірам, якія мяне шмат чаму навучылі. Часта думаю, што калі б не трапіў у пагранвойскі, не быў бы тым, хто я ёсць сёння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што як адзіны сын у маці і педагог па адукацыі ў тыя гады не падыходзіў пад прызыў. Але ўсё ж прыняў рашэнне служыць. "Часткова натхніўся прыкладам стрыечных братоў і выбраў пагранвойскі, - удакладніў кіраўнік дзяржавы. - Я, вядома, ірваўся туды, дзе складана. Хацелася выпрабаваць мяжу сваіх магчымасцей, праявіць сябе, прынесці карысць Радзіме. Наша пакаленне было так выхавана".
Накіраванне на службу Аляксандр Лукашэнка атрымаў у Брэсцкі пагранічны атрад - лепшы ў Савецкім Саюзе. І адпавядаць гэтаму статусу трэба было кругласутачна. "Трэніравалі нас сур'ёзна, - расказаў ён пра той перыяд. - На граніцы абстаноўка заўсёды напружаная, патрабуе пастаяннай баявой гатоўнасці. А ў такіх умовах могуць служыць толькі фізічна моцныя, маральна ўстойлівыя і адказныя людзі".
"Даслужыўся да інструктара палітаддзела воінскай часці Заходняй пагранічнай акругі, - дадаў Прэзідэнт. - Мне падабалася працаваць з асабовым складам. Пасля работы ў камсамольскіх органах і лектарам у таварыстве "Веды" вырашыў прадоўжыць службу афіцэрам у 120-й Рагачоўскай дывізіі імя Вярхоўнага Савета БССР. Пасада намесніка камандзіра роты патрабавала ўмення настроіць салдат на асваенне ваеннай справы, выхаваць у кожным характар воіна, сапраўднага абаронцы. Вырашэнне складаных задач існуючымі сіламі развівала ўменне разгледзець людзей, падлічыць іх магчымасці, падказаць, дзе і ў чым у кожнага ёсць скрыты рэзерв".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ён ганарыцца тым, што давялося паўдзельнічаць у вучэннях "Захад-1981": "Сур'ёзныя вучэнні. Калі натаўцы іх убачылі, зразумелі, што з намі кароткія жарты".
"Праз ваенную службу пазнаў простую ісціну: незалежная краіна, якая паважае сябе, не можа існаваць і развівацца без добра аснашчанай і прафесійна арганізаванай арміі. Сёння гэты вопыт дапамагае мне як Галоўнакамандуючаму эфектыўна выбудоўваць і ўмацоўваць сістэму нацыянальнай бяспекі краіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пра спартыўны патэнцыял, які мацнее насуперак націску
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на адно з пытанняў, расказаў аб сваім стаўленні да фізкультуры і спорту, а таксама аб развіцці гэтых напрамкаў у краіне.
"Для нашай краіны спорт - не проста спаборніцтвы і медалі. Гэта адзін з краевугольных камянёў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, інструмент развіцця міжнародных сувязей і пляцоўка для народнай дыпламатыі. А самае галоўнае - здароўе нацыі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, санкцыі міжнародных спартыўных органаў паставілі беларускіх атлетаў і трэнераў у няпростыя ўмовы. "Аднак, насуперак націску, мы не толькі захавалі, але і ўмацоўваем спартыўны патэнцыял краіны", - канстатаваў Прэзідэнт, адзначыўшы ў сувязі з гэтым асаблівую ролю супрацоўніцтва з Расіяй. Так, за апошнія тры гады праведзена больш за 1,7 тыс. сумесных спаборніцтваў і вучэбна-трэніровачных збораў.
У найбольш слабаабароненым становішчы аказаліся камандныя гульнявыя віды спорту, якія пазбавіліся прывычнага міжнароднага календара. Але і тут была наладжана сістэмная работа, у тым ліку за кошт удзелу ў розных лігах, створаных расіянамі.
"Мы актыўна развіваем спартыўныя сувязі з іншымі дружалюбнымі краінамі. Вынікі выступлення беларускіх спартсменаў на такіх прэстыжных спаборніцтвах, як Гульні краін БРІКС, "Дзеці Азіі" і "Гульні будучыні", дэманструюць наш высокі патэнцыял і прыхільнасць Беларусі да асноватворных алімпійскіх прынцыпаў, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Наша краіна не толькі ўдзельнічае ў міжнародных стартах, але і сама выступае арганізатарам буйных спартыўных мерапрыемстваў. Мы не закрываемся ад сусветнай супольнасці і гасцінна прымаем у сябе атлетаў з іншых краін". Напрыклад, замежныя ўдзельнікі традыцыйна выказваюць цікавасць да штогод праводзімых у Беларусі турніраў па барацьбе, мастацкай гімнастыцы, боксе і іншых відах спорту.
Сумесна з Расіяй апрабаваны новы фармат адкрытых спаборніцтваў - Кубак мацнейшых спартсменаў. У гэтым годзе яны ахопліваюць 3 зімовыя і 15 летніх відаў спорту. На тэрыторыі дзвюх краін з пачатку года праведзена ўжо 12 такіх турніраў з удзелам прадстаўнікоў 18 дзяржаў.
"Для спартсменаў і іх трэнераў мы прадугледзелі меры матэрыяльнага стымулявання за высокія рэзультаты на міжнародных спаборніцтвах, альтэрнатыўных сусветным і кантынентальным. Паслядоўна рэалізуем праграмы дзяржпадтрымкі спорту, - прывёў прыклады сістэмнай работы па падтрымцы і развіцці спорту Прэзідэнт. - Паспяхова вядзецца падрыхтоўка спартыўнага рэзерву, актыўна развіваецца дзіцячы і масавы спорт. З'яўляюцца новыя юныя таленты і тыя, хто падае надзеі".
Што датычыцца асабістага стаўлення Аляксандра Лукашэнкі да спорту, то яно добра вядома. Спорт заўсёды займаў і прадаўжае займаць важнае месца ў жыцці Кіраўніка дзяржавы. "Фізічная актыўнасць - не проста хобі, гэта лад жыцця, які я прапагандую і якога прытрымліваюся сам. Па магчымасці, вядома, але стараюся не радзей за два разы ў тыдзень выходзіць на лёд, трэніравацца, - расказаў Прэзідэнт. - Я вельмі хацеў бы, каб наша моладзь гэтак жа аддавалася выбранай справе, імкнулася быць моцнай і паспяховай".


