Група работнікаў розных сфер удастоена дзяржаўных узнагарод Рэспублікі Беларусь

    Вялікая група работнікаў розных сфер удастоена дзяржаўных узнагарод Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх паказчыкаў у прамысловасці, будаўніцтве і навуковай дзейнасці, удасканаленне энергетычнай сістэмы і рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, вялікі асабісты ўклад у развіццё аховы здароўя, транспартных паслуг, адукацыі, культуры, мастацтва, фізічнай культуры і спорту. Адпаведны Указ падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

    Ордэнам "За службу Радзіме" III ступені ўзнагароджаны начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў.

    Сярод удастоеных гэтай жа ўзнагароды камандуючы войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл генерал-маёр Андрэй Раўкоў і начальнік дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы "Авіяцыя" МНС палкоўнік унутранай службы Алег Якаўлеў.

    Заслугі члена грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў" Зоі Літвінавай адзначаны ордэнам Францыска Скарыны.

    Некалькі дзясяткаў ваеннаслужачых, супрацоўнікаў праваахоўных ведамстваў, ратавальнікаў узнагароджаны медалямі "За адзнаку ў воінскай службе", "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку", "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый". Сярод іх начальнік упраўлення міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны палкоўнік Юрый Бабруйскі, начальнік кафедры ваеннай стратэгіі факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл установы адукацыі "Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь" палкоўнік Артур Навуменка, намеснік начальніка крымінальнай міліцыі па аператыўна-вышуковай рабоце ГУУС Мінгарвыканкама палкоўнік міліцыі Сяргей Бяссмертны, начальнік Лунінецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўнік унутранай службы Мікалай Арашкевіч і намеснік начальніка аддзела службы і боегатоўнасці падраздзяленняў Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС падпалкоўнік унутранай службы Аляксандр Саўчанка.

    Медаля "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы" ўдастоены начальнік пагранічнай заставы 86-й пагранічнай групы пагранслужбы маёр Ілья Саладуха.

    Прафесійная дзейнасць прадстаўнікоў розных сфер адзначана медалямі "За працоўныя заслугі". Гэта ўзнагарода ў ліку іншых будзе ўручана галоўнаму ўрачу Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера Антону Лысову, дырэктару ААТ "Навагрудскі завод газавай апаратуры" Віктару Турлюку і дырэктару Гродзенскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Святлане Храпко.

    Загадчык аддзялення цеплаэнергетычных працэсаў і апаратаў Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава НАН Беларусі Валянцін Барадуля ўдастоены медаля Францыска Скарыны.

    Ганаровае званне "Народны артыст Беларусі" прысвоена вядучаму майстру сцэны Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Рыгору Белацаркоўскаму.

    Указам таксама прысвойваюцца ганаровыя званні "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны энергетык Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны работнік транспарту Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь".

    Акрамя таго, Прэзідэнт падпісаў Указ, у адпаведнасці з якім вялікая група супрацоўнікаў праваахоўных органаў, органаў і падраздзяленняў МНС, пагранічнай службы ўзнагароджана медалямі "За бездакорную службу" I, II і III ступеней.