Дзяржаўны візіт у КНР

  • 5
  • 3:28

Эканамічны эфект ад праведзенага 4-6 снежня дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Кітайскую Народную Рэспубліку складзе каля $500 млн. Такі адзін з важнейшых вынікаў беларуска-кітайскага саміту ў Пекіне.

Беларусі і Кітаю ўдалося пашырыць наменклатуру экспартных паставак. Пастаўлена задача да 2010 года павялічыць аб'ём узаемнага гандлю да $2 млрд. 

Аляксандр Лукашэнка 6 снежня правёў сустрэчы з афіцыйнымі асобамі КНР. Як заявіў Прэзідэнт у гутарцы з Першым намеснікам Прэм'ера Дзяржаўнага савета КНР, пастаянным членам Палітбюро ЦК КПК Хуан Цзюем, ключавымі структурамі ў рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у час гэтага візіту, павінны стаць урады дзвюх краін. "Са Старшынёй КНР Ху Цзіньтао мы дасягнулі многіх дамоўленасцей. Але пагадненні могуць застацца пагадненнямі, калі ўрады іх не рэалізуюць. Спадзяюся, што нашы дамоўленасці будуць выкананы", - дадаў беларускі лідэр.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем канстатаваў істотную станоўчую дынаміку тавараабароту паміж дзвюма краінамі, адзначыўшы пры гэтым, што існуючы патэнцыял пакуль не задзейнічаны поўнасцю.

Першы намеснік Прэм'ера Дзяржаўнага савета КНР выказаў упэўненасць, што гэты візіт беларускага лідара паслужыць стымулам для далейшага развіцця двухбаковых адносін.

Магутным інструментам актывізацыі беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння Кіраўнік дзяржавы лічыць кантакты паміж парламентамі дзвюх краін. Такое меркаванне Прэзідэнт выказаў на сустрэчы са Старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банга. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, актыўныя міжпарламенцкія сувязі дадуць магчымасць істотна пашырыць супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і іншых сферах.

У Банга адзначыў значны ўклад Аляксандра Лукашэнкі ў пашырэнне беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння. Старшыня Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў асабліва падкрэсліў важнасць таго, што ў складзе беларускай дэлегацыі былі шырока прадстаўлены дзелавыя колы рэспублікі. Гэта, на яго думку, дасць магчымасць актывізаваць супрацоўніцтва не толькі ў сферы палітыкі, але і эканомікі.

Сур'ёзная ўвага на перагаворах у Пекіне была таксама ўдзелена развіццю ўзаемадзеяння ў сферы спорту. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь разлічвае на падтрымку Кітаем беларускіх спартсменаў на маючых адбыцца ў 2008 годзе Алімпійскіх гульнях. "Мы хацелі б, каб вы падтрымалі нашых спартсменаў, аказалі садзейнічанне ў іх падрыхтоўцы і зрабілі так, каб яны адчувалі сябе тут камфортна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы са Старшынёй Аргкамітэта Алімпійскіх гульняў "Пекін-2008", членам Палітбюро ЦК КПК Лю Цы.

Лю Цы ў сваю чаргу заявіў, што гэты візіт Аляксандра Лукашэнкі ў КНР - важная падзея ў двухбаковых адносінах, якая, бясспрэчна, надасць новы імпульс узаемадзеянню ў сферы спорту.

Падводзячы ў інтэрв'ю журналістам вынікі беларуска-кітайскай сустрэчы на вышэйшым узроўні, Прэзідэнт заявіў: бакі пацвердзілі, што далейшае партнёрства паміж дзвюма краінамі будзе выяўляцца ў стратэгічным супрацоўніцтве, заснаваным на ўзаемнай павазе, даверы і дружбе.

Паводле яго слоў, Беларусь і Кітай маюць намер прадоўжыць кантакты на вышэйшым і высокім узроўні - адпаведная дамоўленасць была дасягнута паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў. Беларускі лідар пры гэтым  прывёў словы Старшыні КНР Ху Цзіньтао, які падкрэсліў, што такія кантакты паміж кіраўнікамі даюць вельмі добры імпульс узаемнаму супрацоўніцтву.

Праведзеныя перагаворы пацвердзілі, што ў дзвюх дзяржаў няма ніякіх разыходжанняў у разуменні тых працэсаў, якія адбываюцца ў свеце. "У нас абсалютна ідэнтычны пункт гледжання: мы выступаем за шматпалярны свет, неўмяшанне ва ўнутраныя справы дзяржаў, за суверэнітэт і незалежнасць. Мы за тое, каб ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі не прымяняліся двайныя стандарты. Мы супраць вайны і ваеннага ўмяшання ва ўнутраныя справы краін", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго ацэнкі, у 2005 годзе аб'ём тавараабароту паміж Беларуссю і КНР дасягне $600 млн. "Гэта вельмі добры паказчык", - перакананы Прэзідэнт.

Яркае сведчанне высокай рэзультатыўнасці візіту - падпісанне больш за дзесяць міжведамасных і міжурадавых дакументаў, а таксама заключэнне 20 кантрактаў паміж суб'ектамі гаспадарання дзвюх краін на суму каля $0,5 млрд. "У гісторыі нашай дзяржавы такога не было, каб адзін візіт прынёс такія значныя дывідэнды", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кітай пацвердзіў гатоўнасць прадаставіць Беларусі крэдыты на рэалізацыю канкрэтных праектаў. Чакаецца, што ліміт крэдытавання складзе каля $1 млрд. "Мы ў стане асвоіць такія сродкі ў нашай краіне", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт  пазітыўна ацаніў падпісанне ў Пекіне кантрактаў, якія будуць садзейнічаць развіццю ў Беларусі сеткі тэлекамунікацый і навукаёмістых тэхналогій. На гэтыя мэты КНР прадаставіць Беларусі крэдыты пад нізкі працэнт.

Кітай таксама заявіў аб сваёй зацікаўленасці стварыць у нашай рэспубліцы шэраг сумесных прадпрыемстваў.

"У некаторых праектаў, якія кітайскі бок папрасіў ажыццявіць у Беларусі, аналагаў у свеце няма. Кітай гатовы іх прафінансаваць і называе вялізныя сумы сродкаў. Беларусь, безумоўна, рэалізуе гэтыя праекты, паколькі ў нас ёсць высокія тэхналогіі, навука і спецыялісты. Для нас гэта таксама вельмі важна", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Кітай дабіўся сур'ёзных поспехаў у галіне асваення космасу. "КНР зрабіла каласальны рух наперад у гэтай сферы. Самае галоўнае - Кітай "зачапіў" беларускія прадпрыемствы і "падцягнуў" іх да развіцця касмічных тэхналогій. Такім чынам мы можам захаваць нашу школу ў навуцы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беспрэцэдэнтны крок - допуск беларускай дэлегацыі на чале з Прэзідэнтам на важнейшы стратэгічны аб'ект Кітая - у Акадэмію касмічнай тэхнікі - з'яўляецца сведчаннем вялікай зацікаўленасці кітайскага боку ў развіцці ўзаемадзеяння з Беларуссю ў сферы асваення космасу.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў, што на сённяшні дзень Беларусі і Кітаю ўдалося задзейнічаць усе напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва. "Праз два-тры гады вы ўбачыце, якім будзе эканамічны эфект", - дадаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь і Кітай маюць намер інтэнсіфікаваць развіццё кантактаў у сферы турызму. Адзін з крокаў у гэтым напрамку - падпісанае ў Пекіне пагадненне аб супрацоўніцтве ў гэтай сферы.

"Мяне прыемна здзівіла: Кітай унёс Беларусь у свой турыстычны рэестр. Гэта значыць, што ў КНР будуць рэкамендаваць наведваць Беларусь з турыстычнымі мэтамі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Беларускі бок, паводле яго слоў, мае намер прапанаваць кітайскім партнёрам развіваць адпаведную інфраструктуру ў нашай рэспубліцы: будаваць гасцініцы, базы адпачынку і іншыя аб'екты, паслугамі якіх змогуць скарыстацца турысты з КНР.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў таксама, што ў рамках праведзеных у Пекіне сустрэч дасягнута дамоўленасць аб тым, што Кітай падзеліцца сваімі методыкамі падрыхтоўкі спартсменаў да маючай адбыцца Алімпіяды.

Сур'ёзныя зрухі - у сферы адукацыі. Як паведаміў Аляксандр Лукашэнка, колькасць кітайскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў беларускіх ВНУ, у бліжэйшы час павялічыцца ў некалькі разоў. На яго думку, Беларусь можа таксама прапанаваць кітайскаму боку прыняць удзел у рэалізацыі праекта па стварэнні ў Мінску студэнцкай вёскі. "Кітайскі бок згадзіўся інвесціраваць сродкі ў тыя ВНУ, дзе праходзяць навучанне студэнты з КНР", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся за пашырэнне рэгіянальнага супрацоўніцтва з КНР. Беларусь, паводле яго слоў, зацікаўлена прыняць удзел у рэалізацыі праграмы развіцця заходніх і паўночна-ўсходніх правінцый Кітая, перш за ўсё, у частцы сельскай гаспадаркі. "У нас ёсць што прапанаваць кітайскім партнёрам. Мы вырабляем шырокі спектр сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі, у якой яны маюць патрэбу", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што Беларусь і Кітай маюць добрыя перспектывы для супрацоўніцтва на міжрэгіянальным узроўні. "Нашы губернатары павінны рыхтавацца да таго, каб прыехаць сюды і "асвойваць" Кітай", - дадаў ён.

Схема развіцця супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем ужо даказала сваю эфектыўнасць і можа быць прыменена ў адносінах да іншых краін-партнёраў, перакананы Кіраўнік дзяржавы. Аналагічную схему плануецца выкарыстаць ва ўзаемадзеянні з Індыяй. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што лічыць пашырэнне кантактаў з гэтай краінай перспектыўным і што Беларусь павінна атрымліваць большы фінансавы эфект ад такога супрацоўніцтва.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што рэспубліка мае намер больш інтэнсіўна пашыраць узаемадзеянне з В'етнамам, які сёння хутка развіваецца. "В'етнам запрашае нас да супрацоўніцтва і праяўляе да Беларусі вялікую цікавасць", - дадаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у бліжэйшы час будзе нададзены новы імпульс развіццю ўзаемадзеяння з краінамі Персідскага заліва.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што на гэтым этапе для Беларусі "вельмі важна прысутнічаць у Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў ролі наглядальніка". Паводле слоў беларускага лідара, на сённяшні дзень ШАС - рэгіён, які дынамічна развіваецца, "і ў перспектыве тут будуць адбывацца асноўныя падзеі сусветнага значэння, у  тым ліку ў сферы эканомікі".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ад удзелу ў ШАС нават у якасці наглядальніка Беларусь можа атрымаць значныя эканамічныя і палітычныя дывідэнды.

Прэзідэнт паведаміў, што кітайскае кіраўніцтва падтрымлівае ўдзел Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Папярэднія кансультацыі прадэманстравалі, што іншыя члены ШАС таксама падтрымліваюць нашу рэспубліку ў імкненні далучыцца да гэтай структуры.

Як падкрэсліў беларускі лідар, Расія і Кітай з'яўляюцца вядучымі краінамі ў ШАС. У якасці наглядальнікаў нядаўна далучыліся Індыя і Пакістан - ядзерныя дзяржавы. "Тут ствараецца магутны цэнтр сілы", - лічыць Прэзідэнт.

Каменціруючы па просьбе прадстаўнікоў СМІ  зробленую нядаўна ў Кіеве заяву аб стварэнні "супольніцтва дэмакратычнага выбару", Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў такой арганізацыі будучыні няма.

"Па-першае, на Захадзе яны нікому не патрэбны.  Па-другое, з чым яны ідуць на Захад? Што яны прынясуць? Злачыннасць, разбой, бандытызм? Пакажуць, як трэба захопліваць уладу неканстытуцыйным шляхам? Еўропа гэтага не хоча. Калі якія-небудзь еўрапейскія лідары і вітаюць такія рэчы, то толькі ў іншых дзяржавах, а не ў сябе", - перакананы Кіраўнік беларускай дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, на заяву аб стварэнні "супольніцтва дэмакратычнага выбару" трэба рэагаваць спакойна.

"Хочуць сабрацца, патусавацца перад тэлекамерамі - на здароўе. Няхай збіраюцца, робяць заявы. Але, думаю, што перспектыў у гэтага супольніцтва  няма. Гэта - палітычная арганізацыя. Але акрамя голай палітыкі ёсць жа эканамічная аснова. Як бы ты ні выступаў супраць Усходу, усё роўна туды пойдзеш -  за энергарэсурсамі і каб збыць сваю прадукцыю. Навошта наступаць на граблі?" - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Члены беларускай дэлегацыі, якія прадстаўлялі ключавыя міністэрствы, ведамствы, канцэрны і прадпрыемствы рэспублікі, таксама правялі ў Пекіне шэраг паспяховых перагавораў.

6 снежня візіт Кіраўніка дзяржавы ў Кітайскую Народную Рэспубліку завяршыўся, вечарам гэтага дня Прэзідэнт вярнуўся ў Беларусь.