Дзяржаўных узнагарод Рэспублікі Беларусь удастоены 49 работнікаў розных сфер

    Дзяржаўных узнагарод Рэспублікі Беларусь удастоены 49 работнікаў розных сфер за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, высокі прафесіяналізм, шматгадовую плённую працу ў судовых органах, сферы адукацыі, прыродакарыстання, паліграфіі, навукі, культуры, спорту. Адпаведны Указ 9 лютага падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

    Ордэнам "За службу Радзіме" III ступені ўзнагароджаны 6 ваеннаслужачых. Сярод іх - намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл - начальнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення генерал-маёр Уладзімір Сулімаў, а таксама начальнік ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл Алег Зямскоў. Акрамя таго, 24 ваеннаслужачыя ўдастоены медаля "За адзнаку ў воінскай службе".

    Ордэнам Пашаны адзначаны суддзя Вярхоўнага Суда Сяргей Гураў, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Рачэўскі, старшыня цэнтральнага праўлення грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства глухіх" Сяргей Сапута.

    Сем работнікаў узнагароджаны медалём "За працоўныя заслугі". Сярод іх першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Анатоль Осіпаў і дырэктар ААТ "Чырвоная зорка" Ігар Маланяк.

    Ганаровае званне "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь" прысвоена артыстам-вакалістам (салістам) - вядучым майстрам сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Аксане Волкавай і Уладзіміру Громаву, балетмайстру-пастаноўшчыку Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Аляксандру Аляшкевічу - "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь".

    Першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Аляксандр Федарцоў удастоены ганаровага звання "Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь".

    Ганаровае званне "Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь" прысвоена галоўнаму інжынеру ААТ "Паліграфкамбінат імя Я.Коласа" Аляксандру Аксёненку.

    Дырэктар гімназіі № 5 горада Брэста Людміла Амельянюк удастоена ганаровага звання "Заслужаны выкладчык Рэспублікі Беларусь".

    Начальнік сувязі Узброеных Сіл - начальнік упраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёр Генадзь Казакоў і начальнік аддзела інфармацыйных тэхналогій Ваеннай акадэміі Беларусі палкоўнік Віктар Маршаловіч адзначаны ганаровым званнем "Заслужаны спецыяліст Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь".

    Ганаровага звання "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь" удастоены галоўны трэнер алімпійскай зборнай каманды Беларусі па футболе Георгій Кандрацьеў.

    Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, у адпаведнасці з якім вядучаму навуковаму супрацоўніку лабараторыі спецыяльнай адукацыі навукова-метадычнай установы "Нацыянальны інстытут адукацыі" Міністэрства адукацыі Таццяне Ляшчынскай аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта Беларусі за шматгадовую плённую працу, значныя дасягненні ў сферы навуковых даследаванняў.