Дзяржаўны візіт у Сінгапур

  • 6
  • 3:53

Сінгапур з'яўляецца ідэальнай пляцоўкай для пашырэння беларускай прадукцыі ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Аб гэтым заявіў 21 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час перагавораў з кіраўніцтвам Сінгапура.

У час сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Сінгапура Тоні Тан Кенг Ямам бакі канстатавалі наяўнасць узаемнага інтарэсу да выбудоўвання поўнамаштабных адносін паміж дзвюма краінамі. Было дасягнута ўзаемаразуменне ў тым, што ў ходзе гэтага, першага ў гісторыі двухбаковых адносін, візіту на вышэйшым узроўні неабходна закласці надзейны фундамент узаемадзеяння на доўгатэрміновую перспектыву.

У цэлым ў кіраўнікоў дзяржаў адбылася змястоўная і плённая размова.

Сустракаючыся з Прэм'ер-міністрам Сінгапура Лі Сянь Лунам, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што пакуль тавараабарот Беларусі і Сінгапура зусім невялікі - па выніках 2012 года ён склаў усяго $26,5 млн. "Гэтага недастаткова з улікам таго, што патэнцыяльных сфер для нашага супрацоўніцтва шмат. Мы можам і абавязаны павялічыць аб'ём нашага гандлю ў дзясяткі разоў. Менавіта такую мэту мы павінны перад сабой паставіць", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Мы ўсё больш пераконваемся, што Сінгапур з'яўляецца ідэальнай пляцоўкай для руху беларускай прадукцыі на рынкі такога перспектыўнага рэгіёна, як ваш", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што тут бакі могуць аб'яднаць намаганні. У Сінгапуры ўжо функцыянуе офіс ЗАТ "Беларуская калійная кампанія", праз які забяспечваюцца пастаўкі калійных угнаенняў з Беларусі ў Паўднёва-Усходнюю Азію на сотні мільёнаў долараў штогод. Аналагічныя перспектывы ў краін ёсць і ў сферы паставак складанатэхнічнай прадукцыі машынабудавання.

Аляксандр Лукашэнка лічыць перспектыўным узаемадзеянне ў сферы прыцягнення прамых інвестыцый і ўдзелу сінгапурскіх кампаній у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. "Многія з нашых буйнейшых кампаній гатовы плённа і на ўзаемавыгаднай аснове супрацоўнічаць з вашымі інвестарамі. У свой час мы затрацілі вялікія сродкі на іх мадэрнізацыю. Нам удалося ператварыць спадчыну СССР у высокаэфектыўныя сучасныя вытворчасці", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

"Мы гатовы разглядаць любыя прапановы па набыццю пакетаў акцый нашых буйнейшых кампаній. Адзіная ўмова - празрыстасць, эканамічная абгрунтаванасць і ўзаемная выгада", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы разлічвае на тое, што інвестыцыйныя прапановы, якія прагучаць на Беларуска-сінгапурскім бізнес-форуме ў час візіту, зацікавяць кампаніі з Сінгапура.

Аляксандр Лукашэнка згадаў і Адзіную эканамічную прастору, якая створана з удзелам Расіі, Беларусі і Казахстана і мае вялікія магчымасці для развіцця. Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, які ствараецца пад Мінскам, з беспрэцэдэнтнымі льготамі для інвестараў, мадэллю для якога стаў Кітайска-сінгапурскі індустрыяльны парк.

"Мной пастаўлена задача - вывучаць і прыцягваць у Беларусь лепшы вопыт і перадавыя тэхналогіі. Таму нам цікавы вопыт Сінгапура ў сферы электроннага ўрада ў мэтах павышэння эфектыўнасці работы дзяржаўнага апарату", - сказаў беларускі лідар.

"Ваша краіна - адзін з буйнейшых фінансавых цэнтраў не толькі Паўднёва-Усходняй Азіі, Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, але і ўсяго свету. Цяпер мы актыўна прапрацоўваем пытанне размяшчэння беларускіх каштоўных папер на фінансавым рынку Сінгапура", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь своечасова і ў поўным аб'ёме абслугоўвае і пагашае ўсе абавязацельствы па прыцягнутых знешніх пазыках.

"Беларускі бок настроены на адкрыты, доўгатэрміновы і прадметны дыялог па ўсіх тэмах двухбаковага парадку дня", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што ў выніку сумеснай работы пералік тэм, якія могуць мець узаемны інтарэс, можа быць значна пашыраны. Ён таксама пацвердзіў запрашэнне Прэзідэнту і Прэм'ер-міністру Сінгапура наведаць Беларусь з візітам.

"Не буду скрываць, нас зацікавіла выбраная вамі мадэль развіцця, якая дала магчымасць у кароткія тэрміны забяспечыць значны дынамічны эканамічны рост і павышэнне дабрабыту насельніцтва", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусі можа быць карысны ўнікальны вопыт развіцця Сінгапура. "Нам імпануе самастойны курс, якога прытрымліваецца Сінгапур на міжнароднай арэне. Першы Прэм'ер-міністр Сінгапура Лі Куан Ю зрабіў стаўку на ўласныя сілы і за кароткі па гістарычных мерках тэрмін вывеў краіну з катэгорыі дзяржаў "трэцяга свету" ў лік глабальных лідараў", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што Беларусь, як і Сінгапур, выбрала свой шлях развіцця з улікам інтарэсаў народа.

Прэзідэнт канстатаваў, што за 20 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін дасягнуты пэўны прагрэс у развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Сінгапура. "Але перакананы, што нам трэба будзе зрабіць значна больш", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты першы ў гісторыі адносін дзвюх краін візіт на вышэйшым узроўні ў Сінгапур даў магчымасць пачаць дыялог па шырокаму колу пытанняў, якія маюць узаемны інтарэс. "Мы заклалі фундамент узаемавыгаднага супрацоўніцтва ў розных сферах", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Прэзідэнт Сінгапура Тоні Тан Кенг Ям адзначыў, што бачыць вялікія магчымасці для развіцця больш цесных кантактаў паміж Беларуссю і Сінгапурам. "Гледзячы ў будучыню, я ўпэўнены, што паміж дзвюма краінамі існуе вялікая колькасць сродкаў і магчымасцей для развіцця добрых адносін, якія ўжо існуюць цяпер, і мы будзем сумесна працаваць на карысць нашых народаў",- сказаў Прэзідэнт Сінгапура.

Тоні Тан Кенг Ям назваў візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Сінгапур гістарычнай падзеяй, якая закладвае краевугольны камень у фундамент двухбаковых адносін, і выказаў упэўненасць, што ён будзе ў значнай ступені садзейнічаць павелічэнню дасведчанасці аб патэнцыяле супрацоўніцтва з Беларуссю ў розных сферах.

У той жа час Прэзідэнт Сінгапура звярнуў увагу на тое, што эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін усё яшчэ знаходзіцца на пачатковым этапе. Ён выказаў надзею, што пашырэнню эканамічнага ўзаемадзеяння і значнаму павелічэнню ўзаемнага гандлю і інвестыцый, а таксама інтэнсіфікацыі кантактаў паміж афіцыйнымі і прыватнымі асобамі дзвюх краін будзе садзейнічаць падпісанне ў час гэтага візіту двухбаковых пагадненняў. Тоні Тан Кенг Ям таксама лічыць, што акрамя супрацоўніцтва ў палітычнай і эканамічнай сферах існуе патэнцыял для развіцця больш цеснага ўзаемадзеяння ў іншых галінах, у прыватнасці навукі і тэхналогій, культуры і мастацтва і іншых.

Прэзідэнт Сінгапура звярнуў увагу на дасягненні Беларусі ў развіцці эканомікі на фоне няпэўнасці развіцця сусветнай эканомікі. Ён адзначыў, што афіцыйныя асобы Сінгапура, якія прынялі ўдзел у лістападзе 2012 года ў сёмым Беларускім інвестыцыйным форуме, змаглі атрымаць уласнае ўяўленне аб існуючым патэнцыяле Беларусі.

"Беларуска-сінгапурскі бізнес-форум, правядзенне якога адбудзецца ў час візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы, будзе садзейнічаць яшчэ больш шырокаму азнаямленню з існуючымі ў Беларусі магчымасцямі", - сказаў Прэзідэнт Сінгапура. Ён выказаў упэўненасць, што эканамічныя адносіны дзвюх краін маюць вялікі нявыкарыстаны патэнцыял.

Тоні Тан Кенг Ям адзначыў, што Сінгапур быў і застаецца традыцыйнымі варотамі ў Азтяцка-Ціхаакіянскі і рады падзяліцца сваім вопытам.

Прэзідэнт Сінгапура адзначыў, што дзве краіны больш як 20 гадоў звязваюць дружалюбныя адносіны. "З'яўляючыся невялікімі дзяржавамі, акружанымі буйнымі суседзямі, мы маем шмат агульных інтарэсаў. Мы высока цэнім узаемадзеянне ў рамках шматбаковых форумаў і міжнародных арганізацый", - сказаў ён, дадаўшы, што краіны плённа супрацоўнічаюць у Руху недалучэння, Форуме малых дзяржаў ААН, Групе сяброў, якія аб'ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі.

Вечарам у гонар Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад імя Прэзідэнта Сінгапура Тоні Тан Кенг Яма адбыўся афіцыйны прыём.