Дзяржаўных узнагарод удастоены 67 чалавек

    Дзяржаўных узнагарод Беларусі за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, забеспячэнне захавання законнасці і ўмацаванне правапарадку, значны асабісты ўклад у дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, заслугі ў развіцці знешняга гандлю, сферы бытавога абслугоўвання, выяўленчага і тэатральнага мастацтва, сістэмы адукацыі і спорту ўдастоены 67 чалавек. Адпаведны Указ Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў 30 жніўня.

    Ордэнам "За службу Радзіме" ІІ ступені ўзнагароджаны намеснік Міністра ўнутраных спраў - камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Валерый Гайдукевіч, беларускі ваенны пракурор Аляксандр Драніца.

    Ордэна "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўдастоены чацвёра ваеннаслужачых: намеснік камандуючага - начальнік аддзела планавання камандавання сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл палкоўнік Мікалай Аксючыц, камандзір 465-й ракетнай брыгады Узброеных Сіл палкоўнік Уладзімір Верашчагін, камандзір 111-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл палкоўнік Яўген Зайцаў і намеснік камандзіра па тылу - начальнік тылу 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Якаў Прадун.

    Пяць чалавек узнагароджаны ордэнам Пашаны: начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінскай вобласці Уладзімір Бурш, дырэктар ААТ "Канструктарскае бюро "Дысплэй" Аляксандр Вайцянкоў, намеснік галоўнага тэхнолага - начальнік упраўлення галоўнага тэхнолага па падрыхтоўцы вытворчасці ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў" Яўген Гарко, дырэктар навукова-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "Атамтэх" ААТ "Мінскі навукова-даследчы прыборабудаўнічы інстытут" Валерый Кажамякін, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Заводскаму раёну Мінска Валянціна Сушынская.

    Ордэна Францыска Скарыны ўдастоены мастак-жывапісец член грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў" Васіль Сумараў. Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны тры чалавекі.

    Таксама трое ўзнагароджаны медалём "За адзнаку ў воінскай службе".

    Вялікая група грамадзян адзначана медалём "За працоўныя заслугі".

    Ганаровае званне "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь" прысвоена вядучаму майстру сцэны тэатра-студыі кінаакцёра рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" Анатолю Кацянёву.

    Таксама Указам работнікам розных сфер прысвоены ганаровыя званні "Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны спецыяліст Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь" і "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь".

    Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка 30 жніўня падпісаў распараджэнне, якім рэктару Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярыне Дулавай аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць, значны асабісты ўклад у развіццё беларускага музычнага мастацтва.

    За шматгадовую работу ў органах дзяржаўнага кіравання, значны асабісты ўклад у рэалізацыію дзяржаўнай палітыкі ў сацыяльна-працоўнай сферы Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Пятру Савіцкаму.