Даклад урада аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2016 года, праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе няўхільнага выканання прынятых на Усебеларускім народным сходзе рашэнняў. На гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу ў ходзе даклада ўрада аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2016 года, праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год.
Аляксандр Лукашэнка лічыць гэты год асаблівым, паколькі з яго пачалася новая пяцігодка. Тры месяцы таму на пятым Усебеларускім народным сходзе было прынята рашэнне па самых важных пытаннях развіцця дзяржавы, зацверджаны Асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2020 года. На думку Прэзідэнта, неабходна, каб наступныя крокі - гадавыя планы і прагнозы, накіраваныя на рэалізацыю прыярытэтаў праграмы пяцігодкі, - поўнасцю адпавядалі таму, што абяцана народу на з'ездзе.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на асобныя моманты, якія яго насцярожваюць: "Урад дакладвае, што ў цэлым стабільнасць захавана, у поўным аб'ёме і ў тэрмін разлічваемся па ўсіх дзяржаўных абавязацельствах, валютных даўгах, ствараюцца ўмовы для якаснага паляпшэння макраэканамічных параметраў. Тым не менш сітуацыя на многіх прамысловых прадпрыемствах застаецца складанай". Прэзідэнт незадаволены адмоўнай дынамікай у сельскай гаспадарцы, недапрацоўкамі ў будаўнічай галіне, скарачэннем экспарту, зніжэннем інвестыцый.
"Няма галоўнага - росту эканомікі, нават таго, які мы запланавалі, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Складваецца ўражанне, што ўразрэз з прынятай праграмай на пяцігодку ўрад рэалізуе інерцыйны сцэнарый развіцця. Гэта значыць пасіўна плыве па цячэнні, спасылаючыся на неспрыяльныя знешнія фактары і не імкнучыся мабілізаваць усе сілы і рэсурсы для эканамічнага ўздыму. А часам некаторыя і супраць цячэння заплываюць".
Прэзідэнт запатрабаваў даклада ўрада па наступных напрамках: як завяршаецца гэты год, што атрымалася, а што не дае вынікаў, якія меры прымаюцца па пераадоленні дапушчанага адставання. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Калі мы адстойваем незалежнасць сваёй дзяржавы, то павінны зарабляць уласнай працай, робячы стаўку на ўнутраныя рэзервы, больш таго - усялякія праблемы і цяжкасці, плануючы бягучы год, мы прадугледжвалі, і не адзін раз, яны ўжо закладзены ў нашы паказчыкі. Унутраныя рэзервы слаба выкарыстоўваюцца як у зніжэнні сабекошту прадукцыі, укараненні новых тэхналогій, так і ў кіраванні прадпрыемствамі. Іншымі словамі, у ведах і тэхналогіях - ключ да вырашэння праблем і руху наперад".
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што трэба дэталёва абмеркаваць планы на наступны год, наколькі яны напружаныя і задаюць дынаміку развіцця. Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў, што ў аснову неабходна паставіць рашэнні і мэтавыя ўстаноўкі, прынятыя на з'ездзе. "Прыярытэты абазначаны для ўсіх, і ад вас патрабуецца прытрымлівацца іх няўхільна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы і запатрабаваў ад удзельнікаў нарады не галаслоўных абяцанняў і запэўніванняў, а аб'ектыўнага аналізу прадстаўленых дакументаў і канструктыўных прапаноў па выкананні рашэнняў Усебеларускага народнага сходу.
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на вырашэнне праблемы занятасці як галоўнага сацыяльнага прыярытэту развіцця дзяржавы.
Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў далажыў Прэзідэнту, што эканоміка краіны развіваецца на фоне неспрыяльных знешніх умоў: "Сёння эканоміка працуе ва ўмовах паміж стрэсавым і неспрыяльным сцэнарыямі развіцця знешніх умоў, якія вылічваліся ў пачатку года для вызначэння прагнозных паказчыкаў". Комплексна аналізуючы вынікі работы за мінулыя восем месяцаў, кіраўнік урада дакладна вылучыў тры асноўныя перыяды работы эканомікі. "Студзень-люты - гэта стрэсавы перыяд: цана на нафту $30 і менш, курс долара - 80 расійскіх рублёў. Сакавік-чэрвень - гэта перыяд аднаўленчага росту. Ліпень-жнівень - перыяд негатыўнага ўздзеяння, у першую чаргу з боку Расіі ў сувязі са зніжэннем аб'ёму пастаўкі нафты для перапрацоўкі на нашых НПЗ, а таксама за кошт меўшых месца неспрыяльных умоў у сельскай гаспадарцы", - растлумачыў ён. Свой уплыў на эканоміку, паводле слоў Андрэя Кабякова, на працягу ўсіх васьмі месяцаў аказвала зніжэнне кошту і аб'ёмаў паставак калійных угнаенняў на знешнія рынкі.
Асноўная мэта сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2017 годзе - рост канкурэнтаздольнасці эканомікі. Ураду трэба будзе сканцэнтраваць намаганні на забеспячэнні макраэканамічнай збалансаванасці, фінансавым аздараўленні арганізацый рэальнага сектара эканомікі, стварэнні эфектыўнай сістэмы занятасці, новых рабочых месц, росце прадукцыйнасці працы, павышэнні эфектыўнасці кіравання дзяржмаёмасцю, паляпшэнні інвестыцыйнага клімату, а таксама зніжэнні адміністрацыйнай нагрузкі на бізнес.
Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, валавы ўнутраны прадукт на будучы год прагназуецца на ўзроўні 101,7%. Прадугледжваецца, што тэмп росту рэальнай заработнай платы ў 2017 годзе складзе 101,5% да паказчыка бягучага года, а інфляцыя не павінна перавысіць 9%.
Па выніках даклада ўраду даручана дапрацаваць прапануемыя меры, праекты разгледжаных дакументаў і вынесці іх затым на разгляд Прэзідэнта.
![]()