Даклад Старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 4 мая прыняў з дакладам Старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча.

Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб выкананні яго даручэнняў, дадзеных у лютым гэтага года на пасяджэнні калегіі Следчага камітэта. Так, практычна завершана аптымізацыя арганізацыйна-штатнай структуры камітэта. Яе прайшлі, у прыватнасці, фінансавыя і тылавыя падраздзяленні, і такія крокі Прэзідэнт ацаніў пазітыўна.

Акрамя таго, у Следчым камітэце прадаўжаецца скарачэнне шэрага пасад. Аляксандр Лукашэнка заклікаў захаваць у радах камітэта лепшых работнікаў. Пад скарачэнне, на думку Кіраўніка дзяржавы, могуць трапляць тыя, хто, напрыклад, не жадае прадаўжаць службу. Менавіта па такім шляху пайшлі ў Следчым камітэце. Сёння тут няма ніводнай скаргі ў сувязі з аптымізацыяй штатаў.

Прэзідэнту было даложана таксама аб змяненні крытэрыяў ацэнкі эфектыўнасці следчай работы, аб стане службовай дысцыпліны ў Следчым камітэце, ходзе расследавання рэзанансных крымінальных спраў, якія знаходзяцца на кантролі Кіраўніка дзяржавы.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка быў праінфармаваны аб развіцці міжведамаснага супрацоўніцтва, у прыватнасці, са Следчым камітэтам Расіі. Кіраўнік дзяржавы выказаўся за тое, каб беларускія і расійскія следчыя сумесна выбудоўвалі дакладную лінію барацьбы са злачыннасцю, паколькі гэта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць расследавання злачынстваў на тэрыторыі абедзвюх краін.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Следчы камітэт і яго старшыня падпарадкаваны толькі Прэзідэнту. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, яму час ад часу паступае інфармацыя аб спробах уплыву на Следчы камітэт у сувязі з прыходам на пасаду кіраўніка новага чалавека. У сувязі з гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ніякага ўздзеяння на Следчы камітэт быць не можа. Дзейнічаючы ў рамках закона, следчы павінен быць абсалютна незалежным чалавекам, рэзюмаваў Прэзідэнт.