Даклад старшыні Мінгарвыканкама Анатоля Сівака
- 1
Аб'ёмы будаўніцтва жылля ў Мінску будуць штогод скарачацца, а асноўны акцэнт будзе рабіцца на развіцці гарадоў-спадарожнікаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 сакавіка, прымаючы з дакладам старшыню Мінгарвыканкама Анатоля Сівака.
Галоўнай
тэмай рабочай сустрэчы Прэзідэнт назваў будаўніцтва. "У старыя добрыя
часы мы прынялі канцэпцыю будучай забудовы і прывядзення ў парадак
Мінска. І дамовіліся аб тым, што памалу, наколькі гэта атрымаецца,
будзем згортваць будаўніцтва ў Мінску і выносіць яго ў
гарады-спадарожнікі, каб не паўтарыць сумны лёс роднасных нам гарадоў.
Вазьміце Кіеў, Піцер, я ўжо не гавару пра Маскву, калі працоўныя рэсурсы
сцягваюцца ў адно месца. У нас ужо і так больш за 20 працэнтаў
(насельніцтва краіны. - Заўвага) у Мінску жыве. Далей нельга", - заявіў
Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр
Лукашэнка адзначыў, што гарады-спадарожнікі вызначаны, але галоўнае -
каб паміж імі і сталіцай была добрая транспартная сувязь, ствараліся
рабочыя месцы.
"Вы
ўносьце шэраг прапаноў па будаўніцтве дамоў арэнднага жылля, у тым ліку
пілотны праект для чаргавікоў, якія жадаюць (пабудавацца. - Заўвага) у
Смалявічах. Правільна робяць. Людзі павінны разумець, што мы кожны год,
пасля ІІ Еўрапейскіх гульняў асабліва, узмоцнена будзем скарачаць аб'ёмы
будаўніцтва ў Мінску. Той, хто зразумее гэта раней за ўсіх, той і
выйграе. Каля 1,5 тысячы, можа, ужо і 2 тысячы чаргавікоў хочуць
будавацца ў Смалявічах", - сказаў Прэзідэнт.
У
якасці важнага фактару Аляксандр Лукашэнка назваў цану будаўніцтва. У
Мінску ўжо быў праведзены эксперымент па ўзвядзенні жылля з абмежаваным
прыбыткам у памеры 5 працэнтаў. "Выдатна атрымалася. Чаму мы павінны
мець справу з рознымі, я іх груба называю жулікамі, інакш іх і не
назавеш, якія шкуру дзяруць з людзей, - адзначыў беларускі лідар. -
Думаю, нам трэба вывучыць гэты вопыт".
"Хопіць
у кішэнь лазіць да людзей. Гэта вельмі прынцыповае пытанне ўсёй
будоўлі. Мы паспрабавалі ўжо розныя метады. Калі гэта для людзей зручна,
гэта будзе распаўсюджана на ўсю рэспубліку, мы гэтым шляхам пойдзем", -
дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік
дзяржавы таксама пацікавіўся ходам будаўніцтва другой
узлётна-пасадачнай паласы на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск.
"Мы яе павінны ў красавіку-маі наведаць, увесці ў эксплуатацыю", -
адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Важны
аспект - забеспячэнне надзейнай транспартнай сувязі паміж сталіцай і
аэрапортам. "Каб людзі маглі не толькі на асабістых аўтамабілях свабодна
туды прыехаць. Не ўсе маюць такую магчымасць. Мы павінны былі запусціць
туды электрычку. Трэба ў гэтым годзе, максімум у будучым, рэалізаваць
гэту ідэю", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр
Лукашэнка папрасіў далажыць і аб тым, як ідзе будаўніцтва на месцы
старога аэрапорта ў Мінску. "Гэта знакавае месца", - падкрэсліў ён.
Анатоль Сівак таксама далажыў Кіраўніку дзяржавы аб рабоце Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ў цэлым.