Даклад старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргея Гурулёва

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 15 лютага прыняў з дакладам старшыню Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргея Гурулёва.

Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб выкананні дадзеных ім раней даручэнняў. Размова ішла, у тым ліку аб перспектывах эксплуатацыі спадарожніка "Белінтэрсат-1", паспяхова запушчанага з кітайскага касмадрома "Січан" 15 студзеня бягучага года. На гэты момант адносна спадарожніка праводзяцца наладачныя, карэкціровачныя работы. Усе яго сістэмы знаходзяцца ў спраўным стане. З 1 красавіка ён паступіць у кіраванне беларускім бокам.

На тэрыторыі Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці створаны наземны комплекс кіравання. Афіцыйны старт яго рабоце будзе дадзены 12 красавіка пасля планавых арбітальных выпрабаванняў "Белінтэрсата-1".

Паслугі сувязі, якія дзякуючы спадарожніку прадаставіць Нацыянальная сістэма спадарожнікавай сувязі і вяшчання, будуць запатрабаваны як у Беларусі, так і за мяжой. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Кітай ужо заключыў з беларускім бокам дагавор на выкарыстанне 15-20% рэсурсу спадарожніка. "Мы плануем праз некалькі гадоў атрымаць добры прыбытак ад работы нашага спадарожніка", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь даўно заслужыла права называць сябе касмічнай дзяржавай. Раней быў запушчаны спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Атрыманыя з яго дапамогай здымкі сталі адным з артыкулаў беларускага экспарту.

Аляксандру Лукашэнку таксама было даложана аб выкананні яго даручэнняў па развіцці ракетабудавання ў Беларусі. На гэты момант Дзяржкамваенпрам сумесна з Мінабароны працуе над стварэннем ракетнага комплексу залпавага агню далёкасцю звыш 200 км. Гэту задачу плануецца выканаць на працягу 2016-2017 гадоў. Што датычыцца ўжо створаных ракетных сістэм залпавага агню "Паланэз", то яны прыняты на ўзбраенне і будуць пастаўлены ў войскі да 1 ліпеня.

Прэзідэнт нагадаў, што Ваенная дактрына Беларусі мае абаронны характар. У той жа час, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, "трэба мець зброю, якая ўсё ж такі перасцерагала б патэнцыяльнага праціўніка ад таго, каб ваяваць з Беларуссю". "Мы павінны мець зброю, якая можа нанесці непрымальны ўрон гіпатэтычнаму праціўніку", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Прэзідэнту было даложана аб іншых перспектыўных праектах абароннага комплексу, развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй, выніках фінансава-эканамічнай дзейнасці Дзяржкамваенпрама за пяцігоддзе і за 2015 год.