Даклад памочнікаў Прэзідэнта Мікалая Шарстнёва і Уладзіміра Даманеўскага

    У Беларусі ў цяперашняй сітуацыі на фінансавым і валютным рынках не будуць стрымліваць імпарт тавараў. Аб гэтым 22 снежня заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладамі памочнікаў Прэзідэнта па Віцебскай і Гродзенскай абласцях Мікалая Шарстнёва і Уладзіміра Даманеўскага.

    Кіраўнік дзяржавы пачаў размову з сітуацыі, якая складваецца ў беларускай эканоміцы і ўплывае ў тым ліку на валютны рынак. Будучы занепакоенымі тым, што нібыта абясцэньваецца беларуская валюта, грамадзяне імкнуцца хутчэй яе куды-небудзь укласці, скупляючы розныя тавары. "Дзякуй людзям, а то ў нас склады былі перагружаны пральнымі машынамі, бытавой тэхнікай, ЗВЧ-печамі, прасамі і іншым. Цяпер раптам яны спатрэбіліся і некаторым па пяць, па шэсць адзінак, - адзначыў Прэзідэнт. – Тамму, з аднаго боку, дзякуй ім за тое, што яны разгрузілі склады. Тым самым, як гавораць фінансісты, мы звязалі вялікую масу грашовых сродкаў".

    Але, з іншага боку, Кіраўніка дзяржавы здзіўляе, чаму людзі аддаюць перавагу імпарту па тых групах тавараў, якія вырабляюцца ў Беларусі. "Імпарт - ён адносна, можа, прыкладна супастаўны, хоць даражэйшы, з нашымі тэлевізарамі, пральнымі машынамі або ЗВЧ-печамі. Але калі заўтра, барані божа, гэта тэхніка выйдзе са строю, то яны ў дзесяць разоў даражэй заплацяць. Яшчэ і па тэрмінах, пакуль адрамантуюць, будуць праблемы, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта справа людзей: купляюць - няхай купляюць. Я сёння аддаў распараджэнне, асабліва ў Мінску, каб мы ні ў якім разе не стрымлівалі тавар па імпарце і каб на гэтым імпарце па-ранейшаму пасрэднікі і гандлёвыя работнікі не нажываліся".

    "Калі гэта тавар, то ён павінен быць прададзены ў нас хаця б з рэнтабельнасцю 2-2,5%, пакуль не стабілізуюцца цэны. Але стрымліваць імпарт ні ў якім разе нельга. Навошта? Няхай на паліцах стаяць і тэлевізары, і прасы, айчынныя і імпартныя. Усё роўна імпарт будзе значна даражэйшы, чым айчыннае. Гэта таксама нам выгадна. Мы ніякіх дадатковых падаткаў пры гэтым не ўводзім", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

    "Што датычыцца валютнага рынку, людзі ўжо зразумелі, што нельга такую высокую цану плаціць за долары і еўра. І гэта правільна. У рэшце рэшт, сапраўды лепш купіць нейкі тавар, чым купляць долар. Невядома, заўтра што з ім будзе", - дадаў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як у сувязі з новаўвядзеннямі ўрада і Нацбанка складваецца сітуацыя ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях. "Я паслухаю і іншых памочнікаў, каб уяўляць карціну не толькі з вуснаў губернатараў, але і з вашых вуснаў, якая сітуацыя на месцах. А яна ж не такая, як у Мінску. Гэта ў Мінску могуць бегаць, гвалтам крычаць, а на месцах можа быць іншая сітуацыя. Якая яна?" - сказаў беларускі лідар.

    Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся станам спраў у эканоміцы Віцебскай і Гродзенскай абласцей: "Што найбольш насцярожвае, і на што трэба звярнуць увагу". Кіраўнік дзяржавы таксама хацеў бы пачуць з вуснаў памочнікаў ацэнку работы кіруючых кадраў у гэтых рэгіёнах.

    Прэзідэнту было даложана аб апошніх выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця, сітуацыі на валютным і спажывецкіх рынках Віцебскай і Гродзенскай абласцей.