Даклад Намесніка Прэм'ер-міністра Беларусі Наталлі Качанавай
- 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным палепшыць кадравую сітуацыю ў сацыяльнай сферы. Аб гэтым ён заявіў 11 кастрычніка, прымаючы з дакладам віцэ-прэм'ера Наталлю Качанаву.
"Кадры вырашаюць усё. І гэта сітуацыя ў сацыяльнай сферы, якую вы ва ўрадзе курыруеце, вымушае жадаць лепшага. Мяне насцярожвае нават сама ацэнка кадраў па ўсіх напрамках", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што настаў час рухацца ў напрамку вырашэння адпаведных пытанняў. "Вы ўбачылі людзей, кадры, наколькі яны здольныя ці няздольныя працаваць. Пытанне не ў тым, каб кагосьці пакараць, зламаць (у кожнага свая сям'я, лёс і гэтак далей), але калі чалавек не цягне, яго трымаць нельга", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Праблемныя пытанні Прэзідэнт абазначыў на прыкладзе канкрэтных галін. Сярод іх спорт, культура, адукацыя і ахова здароўя.
"Мы ўсе назіралі экзамен нашых спартсменаў на Алімпіядзе ў Рыа. І я гляджу на балбатню гэту з боку нашых чыноўнікаў ад спорту (яны задаволены, усё добра). Яны, можа, і задаволены, але не мы з вамі і не народ. Такога пасрэднага, ненармальнага выступлення мы проста не чакалі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Пытанне ў тым, што ў спорт укладзены велізарныя сродкі (і яны самі аб гэтым гаварылі). Ніякіх прэтэнзій не было. А дзе вынік? А выніку, каб задаволіць патрабаванні народа, на народныя ж грошы туды паехалі, няма".
Ёсць праблемныя моманты і ў сферы адказнасці Міністэрства культуры. У прыватнасці, гэта датычыцца кінематаграфічнай галіны. "Выпадкова трапіў на ток-шоу аб кіно. Проста сорамна было слухаць. Аказваецца, у нас не здымаюць кіно, як некаторыя кажуць, таму што ідзе рамонт на кінастудыі "Беларусьфільм". Тады паўстае пытанне, а што, у часы Пташука, калі ён здымаў "У жніўні 44-га", лепшыя ўмовы былі? Не. Але фільм знялі добры", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама канстатаваў, што ў Беларусі часта здымаюць розныя расійскія серыялы, у тым ліку з удзелам беларускіх акцёраў, што сведчыць аб тым, што ў краіне ёсць умовы для развіцця кінематографа.
"Ці вазьміце адукацыю, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы вельмі шмат аб гэтым гаворым. Неяк няма тут таксама руху. Я не гавару, што нам адукацыю трэба глыбока рэфармаваць, аб калена штосьці ламаць. Хутчэй, наадварот, яе трэба абараняць, каб захаваць усё лепшае ў ёй. Але трэба здымаць праблемы, якія назбіраліся. Яны ж не маюць глабальнага характару".
На аналагічныя недапрацоўкі Аляксандр Лукашэнка ўказаў і ў сферы аховы здароўя. "Грошы вялікія ўклалі. Так, ёсць прагрэс па галоўных напрамках, і гэта прызнана ва ўсім свеце", - канстатаваў Прэзідэнт. Адначасова ён заклікаў за гэтымі вялікімі дасягненнямі не забываць аб больш дробных пытаннях і праблемах, якія, без належнай да іх увагі, могуць перакрыць усё станоўчае.
"Таму нам трэба неяк разварушыць сацыяльную сферу. Калі не варушацца, трэба людзей мяняць", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Як далажыла Наталля Качанава, у цэлым у Беларусі забяспечана стабільная работа галін сацыяльнай сферы. У тым ліку прафінансаваны і своечасова выплачваюцца пенсіі і дапамогі, стыпендыі, захавана станоўчая дэмаграфічная дынаміка.