Даклад Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандра Косінца

  • 1

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад Адміністрацыі Прэзідэнта прынцыпова змяніць стыль работы і наладзіць больш эфектыўную работу з кадрамі. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў 10 лістапада, прымаючы з дакладам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Косінца.

"У вас вельмі вялікая запазычанасць перад Прэзідэнтам па прапрацоўцы кадравых пытанняў. Па суб'ектах гаспадарання, вызначальных прадпрыемствах фактычна няма кіраўнікоў не адзін дзень і не адзін тыдзень", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама даручыў з першага студзеня будучага года прынцыпова змяніць стыль і сістэму работы Адміністрацыі Прэзідэнта. "Я ўвяду ў практыку (а вы вазьміце на кантроль) заслухоўванне раз у квартал кіраўніцтва Адміністрацыі, якое прыйдзе да мяне і даложыць нейкія новыя ідэі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Прыму я іх ці не, гэта ўжо мая справа і маё права, але ідэі гэтыя павінны быць - зямныя, прыземленыя, непрычэсаныя. Гэтыя ідэі павінны быць ад канкрэтных людзей. І прычэсваць іх на ўзроўні Кіраўніка Адміністрацыі і намеснікаў ні ў якім разе нельга. У адваротным выпадку ўсялякая творчасць і свабода дзеянняў знікае ў дзяржаўнага служачага".

На сустрэчы разглядалася планаванне дзейнасці Кіраўніка дзяржавы, у тым ліку ў сферах кадравай палітыкі, пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця, нацыянальнай бяспекі, міжнароднай дзейнасці. Абмеркаваны праект адпаведнага плана на 2017 год. Ён даволі насычаны і ўключае ў сябе як ужо названыя напрамкі, так і ідэі, маштабныя мерапрыемствы, якія неабходна будзе разгледзець на ўзроўні Прэзідэнта ў частцы інвестыцыйнай палітыкі, развіцця аграпрамысловага комплексу, радыёэлектронікі, будаўнічага комплексу. Узнімаліся і пытанні развіцця спорту, адукацыі, навукі, жыллёва-камунальнай сферы.

На сустрэчы была разгледжана рэалізацыя даручэнняў, якія раней даваў Кіраўнік дзяржавы па развіцці індустрыяльнага парка "Вялікі камень", мікрараёна Лябяжы ў Мінску, будаўніцтве комплексу "Мінск-Мір", падрыхтоўцы да II Еўрапейскіх гульняў. У ліку пытанняў, што абмяркоўваліся, былі і выкананне прагнозных паказчыкаў, рэгіянальная палітыка.

Адной з тэм даклада таксама стала аптымізацыя дзяржаўнага апарату кіравання і кадравыя пытанні.