Даклад аб сітуацыі ў ААТ "Камволь"

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 4 снежня заслухаў даклад аб сітуацыі ў ААТ "Камволь".

    Цяпер на прадпрыемстве праведзена ўжо сур'ёзная мадэрнізацыя выпуску тканіны высокай якасці. Дзякуючы новаму абсталяванню вытворчыя магутнасці "Камволя" значна пашырыліся. Засталося забяспечыць прадпрыемства якаснай сыравінай. ААТ "Камволь" трэба будзе таксама мадэрнізаваць фінішныя аперацыі, звязаныя з апрацоўкай, што патрабуе ўкладання сродкаў. Адпаведны інвестпраект будзе завершаны ў першым паўгоддзі 2016 года.

    У той жа час прадпрыемству трэба будзе вырашыць яшчэ нямала праблем, звязаных, у прыватнасці, з разгрузкай складоў, удасканаленнем маркетынгавай стратэгіі. Дакладна прааналізаваўшы сітуацыю на прадпрыемстве, Кіраўнік дзяржавы многае крытыкаваў. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка планаваў наведаць ААТ "Камволь", аднак намерана адмовіўся ад гэтага. Як растлумачыў Кіраўнік дзяржавы, "міністр пачаў займацца там ашуканствам. І для таго, каб паказаць на працягу аднаго-двух дзён работу прадпрыемства, сабраў усё, што можна, з міністэрства, з канцэрна, звёз туды сыравіну для таго, каб на дзень-два запусціць машыны, а пасля ад'езду Прэзідэнта, напэўна, паспяхова іх спыніць".

    Быў шэраг іншых нявырашаных пытанняў, якія павінны былі быць вырашаны да візіту Прэзідэнта, у тым ліку і кадравыя. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што яшчэ наведае ААТ "Камволь", прычым нечакана.

    Прэзідэнту была прадстаўлена стратэгія развіцця прадпрыемства на канец 2015-га і ўвесь 2016 год з пазначэннем цэн і рынкаў, куды ААТ мае намер прадаваць сваю прадукцыю. Па выніках даклада Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне, што на рэалізацыю інвестыцыйнага праекта "Камволю" будзе выдзелена дадатковае фінансаванне пад абаротныя сродкі ў памеры  5 млн еўра. Адпаведны Указ плануецца падпісаць у бліжэйшы час.