Даклад аб абстаноўцы на Дзяржаўнай граніцы Беларусі
- 9
- 9:54
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 27 верасня прыняў кіраўніцтва сілавога блока з дакладам аб абстаноўцы на Дзяржаўнай граніцы Беларусі.
"Сітуацыя ў сумежных дзяржавах для нас неспрыяльная. Больш таго, кіраўніцтва гэтых краін узяло курс на канфрантацыю з Беларуссю", - сказаў Прэзідэнт.
"Нам трэба разгледзець сітуацыю, якая складваецца на дзяржаўнай граніцы. Пры гэтым я прасіў бы вас не арыентавацца толькі на тое, што адбываецца з мігрантамі. Не трэба канцэнтравацца толькі на гэтым пытанні. У нас вельмі сур'ёзныя іншыя, больш важныя праблемы. Праблемы, звязаныя з абаронай", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Польшчы разгортваюць цэлыя карпусы ля граніц Беларусі. "Ды ў Польшчы, дзе ні разгарні, зразумела, што гэта ж не супраць Германіі разгортваюцца гэтыя войскі. Прытым замежных дзяржаў, перш за ўсё ЗША. Мы бачым, як лезе Літва ў кожную шчыліну, каб паказаць сваю адданасць НАТА і ЗША. Але самае сумнае - гэта Украіна. У нас адкрываецца новы, па-старому кажучы, фронт. Мы бачым, што яны твораць. Мала таго, што туды пабеглі нашы збеглыя, - там ствараюцца вучэбна-трэніровачныя лагеры ва ўсё большай колькасці, дзе абучаюць мэтанакіравана (і не толькі збеглых) рабоце па Беларусі, як кажуць спецслужбы", - заявіў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што ўжо нават самі ўкраінскія пагранічнікі выяўляюць тайнікі са зброяй каля граніцы з Беларуссю. "Калі гэтыя тайнікі для мерапрыемстваў на тэрыторыі Украіны, то іх не трэба цягнуць да нашай граніцы. Яны схавалі б недзе ў іншым месцы. Зразумела, мы бачым прыкметы нядобрых дзеянняў у адносінах да Беларусі. Аб гэтым ужо нямала сказана", - канстатаваў Прэзідэнт.
Што датычыцца сітуацыі з мігрантамі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што абстаноўка дадаткова пагаршаецца дзеяннямі пагранічнікаў у сумежных дзяржавах. "Кіраўнікі гэтых дзяржаў робяць заявы, у якіх адкрытым тэкстам абвінавачваюць нашу краіну ў арганізацыі міграцыйнага крызісу. Больш таго, сваімі абвінавачаннямі (гавораць яны з самых высокіх трыбун) вырашылі ўвесці ў зман і ўсю сусветную супольнасць. Вазьміце іх выступленні ў Генеральнай асамблеі ААН", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён, у прыватнасці, адзначыў і націск з боку Польшчы: "Зразумела, што такое Польшча ў ЕС. Пад заступніцтвам амерыканцаў знаходзіцца. Яны праблем дастаўляюць Еўрасаюзу не менш, чым нам палякі, кіраўніцтва Польшчы. І яны націскаюць на Еўрапейскі саюз, заяўляючы аб тым, што мы выбудоўваем нейкую гібрыдную атаку супраць Еўрапейскага саюза".
Аляксандр Лукашэнка чарговы раз адхіліў такія абвінавачанні, назваўшы іх глупствам. Ён падкрэсліў, што самі краіны Захаду вінаваты ў існуючым міграцыйным крызісе. "Вы іх туды звалі. Вы разарылі там гэтыя краіны. Вы - першапрычына таго, што людзі бягуць ад вайны на Захад, - сказаў Прэзідэнт. - Таму трэба разбірацца там. І я ўжо не раз падкрэсліваў, што гэта міжнародная банда, якая адтуль людзей перавозіць не толькі праз Беларусь. Праз Міжземнае мора яшчэ больш ідзе ў ЕС народу. І гэта ўсё арганізавана адпаведнымі людзьмі".
Што датычыцца транзіту мігрантаў праз Беларусь, Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, як менавіта гэта адбываецца: "Там арганізоўваюць гэтых людзей, фінансуюць часткова. Самалётамі яны ляцяць сюды, карыстаюцца бязвізавым рэжымам, які ў нас існуе. Тут іх таксама прымаюць адпаведныя людзі, вядуць на граніцу, перакідваюць туды. А там - у Польшчы, Літве і іншых краінах - самыя бандзюганы сядзяць, якія іх прымаюць у Польшчы, напрыклад. І адпраўляюць далей у Германію. Яны ж не ў Польшчу ідуць. Яны ідуць у Германію, Францыю, часткова ў Вялікабрытанію. Для іх граніц няма".
"І я ўжо адкрыта сказаў: вы (калектыўны Захад і Еўрасаюз у прыватнасці. - Заўвага) супраць нас разгарнулі гібрыдную вайну, вы супраць нас ведзяце санкцыйную вайну, і вы што, хочаце, каб мы вас абаранялі тут? Так не будзе. Няхай там змагаюцца з тымі, хто не патрэбны ў Польшчы ці ў Літве", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, як абыходзяцца ў сумежных краінах з мігрантамі, якія хочуць атрымаць прыстанішча ў краінах ЕС: "Людзі ў ваеннай форме (зразумела хто, мы гэта бачым) - і паліцыя, і пагранічныя войскі, ужо армію падключылі да гэтага - сілай гоняць, як жывёлу, да нашай агульнай граніцы. Збітых, змёрзлых, знявечаных, часам мёртвых перакідваюць на наш бок. А нам што застаецца рабіць? Не кінеш жа чалавека на граніцы".
Сітуацыю з мігрантамі на граніцы Беларусі з Еўрасаюзам Кіраўнік дзяржавы назваў гуманітарнай катастрофай. "Давайце параімся, як далей будзем працаваць. Гэта ж нядобра, што людзі пакутуюць. Ну так, апранулі, накармілі іх, дровы адвезлі ім туды, палаткі нейкія перадалі. Але зімой яны ж замерзнуць. Гэта ж людзі, якія прыйшлі за тысячы кіламетраў з поўдня. Карацей, гуманітарная катастрофа на граніцы. Увялі надзвычайнае становішча суседзі і нікога туды не пускаюць. Каб ніхто не ведаў, як там паміраюць людзі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што нягледзячы на тое, што адбываецца з мігрантамі, гэта тэма практычна не закранаецца замежнымі праваабарончымі структурамі. "Усе праваабаронцы рот закрылі і маўчаць, за выключэннем асобных выказванняў, і супраць гэтых людзей (якія гавораць аб міграцыйным крызісе і заклікаюць яго спыніць. - Заўвага) таксама змагаюцца, ім не даюць сказаць слова - ні журналістам, ні праваабаронцам. Толькі з боку Беларусі яны могуць пранікнуць да гэтых мігрантаў і паглядзець, як там яны на лініі граніцы існуюць. Ніякага асуджэння з боку міжнародных праваабарончых інстытутаў не пайшло", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Беларусь прадоўжыць аказваць пасільную дапамогу бежанцам, якія заселі на граніцы. "Абавязкова трэба гэта рабіць, Анатоль Пятровіч (Лапо, Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. - Заўвага). Куды нам дзявацца, калі там жанчыны і дзеці паміраюць?" - сказаў беларускі лідар.
Па яго даручэнні беларускі бок аказвае падтрымку 32 бежанцам, якія ўжо два месяцы знаходзяцца на граніцы, не маючы магчымасці трапіць у краіны Еўрасаюза. "Мы іх падкормліваем, каб не памерлі з голаду і холаду. Яны ў Беларусь не хочуць. Яны настойваюць, каб прайсці ў Германію. І, як патрабавалі палякі, літоўцы, яны падалі прашэнне аб тым, каб іх прапусцілі і далі пасведчанне на права жыхарства. Прайшло два месяцы - ні слыху ні дыху. Яны што, не разумеюць, што людзі замярзаюць? Гэта іх стаўленне да людзей", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Асобна Прэзідэнт пацікавіўся, што адбываецца на граніцы з пункту гледжання выціскання людзей з тэрыторыі Польшчы, Літвы, Латвіі і іншых краін. Ён адзначыў, што становіцца ўсё больш цяжкатраўміраваных, скалечаных мігрантаў, і гэта выклікае сур'ёзную заклапочанасць у Беларусі і за яе межамі ў тых людзей, якія яшчэ не страцілі пачуцця чалавечнасці. "Таму я хацеў бы яшчэ раз сёння звярнуцца да міжнародных арганізацый, да кіраўнікоў, грамадзянскай, як яны кажуць, супольнасці замежных краін, каб звярнулі ўвагу на сітуацыю, што складваецца на граніцы, і ўсё ж такі захоўвалі правы чалавека, якія яны самі дэкларавалі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"І вельмі важна сёння нам вызначыцца, як мы будзем дзейнічаць у будучым. Яшчэ раз кажу: надвор'е ў нас змянілася, клімат у нас суровы, мы атрымаем вялікую колькасць загінулых людзей на граніцы. І як мы бачым, яны па-наплявацельску да гэтага ставяцца, яны не будуць глядзець на гэтых людзей, як ім дапамагчы. Зноў усё гэта ляжа на плечы беларусаў. Таму што будзем рабіць у перспектыве?" - акрэсліў Кіраўнік дзяржавы кола задач перад удзельнікамі мерапрыемства.
"Асаблівая ўвага ўкраінскаму ўчастку - што мы там будзем рабіць. Вы бачыце, яны туды, ва Украіну, цягнуць натаўскія войскі. Пад выглядам вучэбных цэнтраў яны ствараюць фактычна базы. Базы Злучаныя Штаты ствараюць на Украіне. Зразумела, што нам трэба на гэта рэагаваць", - падкрэсліў беларускі лідар. Паводле яго слоў, гэта тэматыка неаднаразова абмяркоўвалася на сустрэчах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "Мы з Прэзідэнтам Расіі праводзілі і праводзім кансультацыі па гэтым пытанні і дамовіліся, што там трэба праводзіць нейкія дзеянні. У адваротным выпадку мы заўтра будзем мець прама на граніцы Беларусі і Расіі непрымальную для нас сітуацыю. Аж да размяшчэння ракет адпаведнай далёкасці. Мы на гэта не падпісваліся і дапусціць гэтага не можам. На жаль, кіраўніцтва Украіны - яны наплявалі на ўласны народ і яны не чуюць, што мы выказваем гэтыя заклапочанасці", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ва ўдзельнікаў мерапрыемства абстаноўкай на граніцы з Украінай і прапановамі наконт далейшых дзеянняў, неабходных з беларускага боку. "Тысяча сто кіламетраў - гэта вялікая працягласць граніцы. Ці правялі мы там дэмаркацыю гэтай граніцы? Як украінцы працуюць? Ці працуюць яны наогул для таго, каб уладкаваць гэту граніцу?" - акрэсліў кола пытанняў Прэзідэнт.


