Дабрачыннае свята для дзяцей у рамках акцыі "Нашы дзеці"

  • 9

У Беларусі робіцца ўсё неабходнае для ўсебаковага развіцця падрастаючага пакалення. Аб гэтым заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 23 снежня на навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей, якое адбылося ў Палацы Рэспублікі ў рамках акцыі "Нашы дзеці".

"У нас вялікая і слаўная гісторыя, багатая культура, прыгожая прырода. Але самае галоўнае - гэта шчырыя і працавітыя людзі. Многія пакаленні беларусаў абжывалі нашу зямлю, бераглі яе і абаранялі. І нам з вамі трэба як мага далей зірнуць у будучыню нашай Беларусі. Менавіта ад вас залежыць, як будзе выглядаць наша зямля і якой стане краіна праз 20, 30 або 50 гадоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заклікаў дзяцей цвёрда ісці да пастаўленай мэты, пераадольваючы перашкоды і цяжкасці, што ўзнікаюць, а таксама любіць сваю Радзіму, клапаціцца аб яе дабрабыце, цаніць мір і бяспеку. "Вельмі хочацца, каб вы шчасліва і дружна жылі ў акружэнні родных і блізкіх людзей, з аптымізмам глядзелі ў будучыню і верылі ў лепшае. А калі ў кагосьці не атрымліваецца, вы павінны ведаць: у краіне шмат чулых людзей, якія ніколі не пакінуць вас у бядзе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб надыходзе доўгачаканых канікул і зімовых свят, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта асаблівы час, калі хочацца зрабіць нешта добрае, падарыць навакольным радасць і добры настрой.

Прэзідэнт лічыць важным, каб асабліва ў гэтыя дні кожнае дзіця адчула любоў і клопат. На гэта якраз і нацэлена акцыя "Нашы дзеці", у час якой праходзіць мноства мерапрыемстваў, прадстаўнікі ўлады, бізнесу, калектываў наведваюць дзяцей і віншуюць іх са святам. "Усё больш людзей з розных куткоў краіны стараюцца ўнесці свой уклад у гэту важную і высакародную справу, каб свет вакол нас стаў лепшым, а шчаслівых усмешак было як мага больш. Калі гэтых усмешак не будзе, значыць, год пражылі дарэмна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў перыяд навагодніх і калядных свят асаблівым клопатам і ўвагай трэба таксама акружыць і пажылых людзей, таму што ні ў кожнага з іх ёсць тыя, хто можа прыйсці і падарыць часцінку душы і ўвагі.

Прэзідэнт разам з дзецьмі прысутнічаў на казачным навагоднім паказе "Хрустальная мелодыя", у якім дабро і справядлівасць перамагаюць зло. "Няхай гэта будзе наказам вам у жыцці. Шчыра жадаю, каб дружба, мір і ўзаемадапамога заўсёды дапамагалі атрымліваць перамогі, каб здзяйсняліся самыя запаветныя мары, а бацькі і педагогі ганарыліся дасягненнямі", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.

На завяршэнне мерапрыемства дзеці ўручылі Прэзідэнту сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.

На галоўную ёлку краіны былі запрошаны дзеці з усіх рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў.