Цырымонія пачатку будаўніцтва жылога комплексу "Магістр"

  • 13

Беларусь пачынае масавае будаўніцтва арэнднага жылля. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 мая ў Мінску на цырымоніі пачатку будаўніцтва жылога комплексу для навуковай і творчай інтэлігенцыі "Магістр".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на нядаўніх сустрэчах са студэнцкай моладдзю і артыстамі Купалаўскага тэатра яго прасілі дапамагчы ў вырашэнні самай надзённай праблемы - жыллёвай. "Мы не сталі адкладваць вырашэнне гэтага пытання ў доўгую скрынку і ўжо сёння пераходзім ад слоў да справы - пачынаем узвядзенне жылога квартала "Магістр" для навуковай і творчай інтэлігенцыі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта падзея азначае новы падыход да рэалізацыі жыллёвай палітыкі ў Беларусі. "Мы пачынаем ажыццяўленне перспектыўнага нацыянальнага праекта стварэння дзяржаўнага арэнднага жылля, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Гэты нібыта будзённы прыезд Прэзідэнта на будаўнічую пляцоўку з'яўляецца гістарычнай падзеяй, таму што адсюль мы пачынаем глабальнае будаўніцтва арэнднага жылля - гэтай новай формы, якая ў нашай дзяржаве была не развіта, у той час як у іншых краінах даўно будуюць такое жыллё. Гэта сучасны еўрапейскі шлях і дастойная альтэрнатыва прыватнаму жыллёваму рынку з яго завоблачнымі цэнамі".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў, што кошт найму арэнднага жылля павінен быць не ніжэйшы за 50 працэнтаў ад рыначнага: "Гэта прынцыпова для ўсіх. Арэнднае жыллё не можа быць таннейшым, чым 50 працэнтаў рыначнага кошту, але і даражэйшым мы не будзем рабіць". Разам з тым, гаворачы аб будаўніцтве арэнднага жылля, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для пэўных катэгорый грамадзян будзе прадоўжана будаўніцтва сацыяльнага жылля. "Гэта, напэўна, ваенныя людзі, і тое нейкая частка. І, самае галоўнае, - шматдзетныя сем'і. Мы ім будзем вельмі дапамагаць, таму што гэта наш галоўны прыярытэт. Ва ўсім астатнім будзем недзе крыху дапамагаць, але мы пераходзім да арэнднага жылля, як жыве ўвесь свет", - сказаў Прэзідэнт.

"У бягучай пяцігодцы ў краіне плануецца пабудаваць не менш як 1 млн. кв.м арэнднага жылля. Цэны на яго будуць даступныя. Напрыклад, плата за дзяржаўнае арэнднае жыллё ў дамах уздоўж кальцавой дарогі, дзе ўзводзіцца гэты квартал, будуць напалавіну ніжэйшыя, чым за прыватную здымную кватэру", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Але пры гэтым мы не збіраемся раскідвацца квадратнымі метрамі, пабудаванымі за кошт бюджэту. Кватэры ў арэндных дамах, як раней службовае жыллё, атрымаюць патрэбныя краіне спецыялісты па заяўках арганізацый. Я кажу аб тым жыллі, якое будзе пабудавана за кошт дзяржаўных сродкаў, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Пры гэтым усе гаспадарчаразліковыя, і дзяржаўныя, і прыватныя прадпрыемствы, абавязаны будаваць арэнднае жыллё. І ім трэба давесці заданне".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што жорстка ставіць пытанне, паколькі апошнім часам атрымліваецца, што "толькі дзяржава за кошт бюджэту нешта абавязана". "А чаму ўніверсітэты, заводы, прыватныя прадпрыемствы не павінны клапаціцца аб членах сваіх працоўных калектываў, як гэта было раней? Гэту практыку мы жорстка ўвядзём і давядзём да іх заданні. Гэта павінна быць няўхільна выканана, і мы будзем рэкамендаваць будаваць арэнднае жыллё", - сказаў Прэзідэнт.

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька далажыў Кіраўніку дзяржавы аб планах па будаўніцтву жылога комплексу "Магістр". У яго стварэнне будзе ўкладзена больш як Br500 млрд. Акрамя таго, размешчаны побач Парк высокіх тэхналогій таксама выказаў жаданне прафінансаваць будаўніцтва прыкладна 300-500 кватэр, якія будуць прадастаўляцца ў арэнду супрацоўнікам кампаній - рэзідэнтаў ПВТ.

Згодна з канцэпцыяй комплекс будзе ўключаць 9 жылых дамоў арэнднага тыпу на 2,2 тыс. кватэр, аб'екты сацыяльна-культурнага прызначэння, блок гандлёвага і бытавога абслугоўвання, аўтастаянкі.

Арэнднае жыллё будзе прадастаўляцца ў парадку чарговасці маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў вучоным, прафесарска-выкладчыцкаму складу ВНУ, дзеячам культуры на перыяд іх работы на адпаведных штатных пасадах.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб усе работы праводзіліся ў сціслыя тэрміны, і гэты жылы квартал быў поўнасцю ўзведзены і добраўпарадкаваны да 3 ліпеня 2015 года. Пры гэтым Прэзідэнт засяродзіў увагу на неабходнасці грунтоўна прапрацаваць пытанне развіцця спадарожнай сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры, каб не дапусціць празмернай траты бюджэтных сродкаў.

"Не сумняваюся, што гэта ініцыятыва знойдзе свой водгук і ў іншых рэгіёнах краіны. Арэндныя дамы для педагогаў і работнікаў культуры з'явяцца ў абласных і раённых цэнтрах", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"З'яўленне новых дамоў - гэта магчымасць для маладых людзей стварыць сямейны ачаг і ўладкаваць быт, арандаваўшы ў дзяржавы сваю першую кватэру па даступнай цане, а не туліцца ў бацькоў або аддаваць практычна ўсю зарплату за куток у прыватніка. Дзякуючы гэтаму паступова збіраць грошы і будаваць уласнае жыллё, не баючыся за заўтрашні дзень", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што стаўка на талент і інтэлект з'яўляецца адной з галоўных састаўных частак паспяховага развіцця краіны, а ўзяты курс на мадэрнізацыю эканомікі шматразова ўзмацняе патрэбнасць у таленавітых, актыўных, творча думаючых людзях. "У нас сёння вельмі не хапае моладзі ў выкладчыцкім асяроддзі. А няма выкладчыкаў - няма і ВНУ. І гэты малады чалавек з задавальненнем працаваў бы, а не кідаўся б у пошуках якога-небудзь жылля, калі б у яго быў невялікі, але свой куток. І мы будзем тут будаваць не шыкоўныя, не вялікія кватэры для такіх людзей, дзе можа жыць сям'я з адным або двума дзецьмі. А за гэты час чалавек можа падумаць аб будаўніцтве большай кватэры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы на месцы будаўніцтва жылога квартала таксама заклаў памятную капсулу з пасланнем будучым пакаленням і сустрэўся з моладдзю.

Размова, у прыватнасці, вялася аб навуцы. У Прэзідэнта запыталі, як ён ставіцца да практыкі, якая існуе ў шэрагу краін, калі навуковыя званні прысуджваюць універсітэты, а не Вышэйшая атэстацыйная камісія, як у Беларусі. Прэзідэнт выказаўся за захаванне цяперашняй практыкі, растлумачыўшы гэта імкненнем засцерагчы навуковае асяроддзе ад магчымых выпадковых людзей, якія за пэўную суму маглі б купіць сабе навуковае званне. "Гэта зараза пайшла і да нас, і тады я паставіў жорсткі заслон, паважаючы працу навуковых людзей. І я аб гэтым не шкадую. Туды (у ВАК) мы назначаем самых сумленных людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я вельмі паважаю вучоных, каб дазволіць розным шарлатанам за некалькі тысяч долараў купіць дэсертацыю і стаць побач з таленавітым вучоным", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што практычна забараніў абарону дысертацый чыноўнікамі. "Паколькі ведаю, што, калі ты дзяржаўны служачы і працуеш па поўнай, ты ніколі не абароніш нават кандыдацкую дысертацыю. Гэта вельмі цяжка. Ёсць такія людзі, але гэта адзінкі", - лічыць Прэзідэнт.

Адно з пытанняў, адрасаваных Прэзідэнту, датычылася стварэння ў Мінску плошчы Дзяржаўнага сцяга. Гаворачы аб цяперашніх дзяржаўных сімвалах, гербе і сцягу, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што рашэнне па іх было прынята на рэферэндуме і грамадзяне Беларусі выбралі для сябе менавіта гэтыя сімвалы.

"Народ вызначыў, таму для мяне гэтыя сімвалы - душа народа. Мы там (каля плошчы Дзяржаўнага сцяга) адкрываем цэлы комплекс, які ўключае Палац незалежнасці, выставачны комплекс (мы яго ў парадак прывялі). Гэты комплекс быў задуманы як апошняя буйная кропка ў спрэчках аб нашай незалежнасці. Гэта дэманстрацыя таго, што ў гэтай краіне ёсць усё - ад зямлі да герба, сцяга і гэтага Палаца незалежнасці, дзе будуць праходзіць асноўныя дзяржаўныя мерапрыемствы ад уручэння даверчых грамат замежнымі пасламі і да сустрэч з кіраўнікамі дзяржаў, якія прыязджаюць да нас. Яны павінны прыязджаць і бачыць, што Беларусь - гэта дзяржава, і нікому яе ні павярнуць, ні нахіліць нікуды больш не ўдасца. Гэта галоўны цэнтр нашай краіны, цэнтр незалежнасці нашай дзяржавы", - расказаў Прэзідэнт.

"Таму да таго, што там распісваюць аб рэзідэнцыях і іншым, стаўцеся спакойна", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Спыталі Прэзідэнта і аб яго стаўленні да свята Дня Перамогі. "Што датычыцца Дня Перамогі, для мяне ён як для палітыка, Прэзідэнта - святое. Я павінен замацаваць у свядомасці людзей гэту Вялікую Перамогу, каб нашы дзеці і ўнукі не забылі аб гэтым", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб будаўніцтве новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны, які стане своеасаблівым помнікам подзвігу народа.

"Калі ў пачатку 90-х былі гэтыя цяжкія часы, і ў нас на чале ўлады былі фактычна нацыяналісты, людзі ўжо баяліся насіць свае ордэны, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мне давялося ламаць гэту сітуацыю".

"Для мяне важна, каб жыццё развівалася натуральна, мы не забывалі аб тых, хто падараваў нам усё тое, чым мы сёння карыстаемся. Не было б той Перамогі, мы аб дэмакратыі сёння не гаварылі б. Мы, згорбіўшыся, былі б тут рабамі, і тое не кожны", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прымяняльна да сучаснай Беларусі Прэзідэнт канстатаваў, што краіна становіцца ўсё больш прывабнай для іншаземцаў, асабліва для расіян. "Нядаўна прайшла інфармацыя, што нас запаланілі расіяне на майскія святы і няма ніводнага свабоднага месца ў гасцініцах. Я ў душы радуюся гэтаму. Я даўно марыў аб тым, каб наша Беларусь стала жаданым кутком, куды людзі імкнуліся б прыехаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што расіяне, якія прыязджаюць у Беларусь, кажуць, што едуць за цішынёй. "І гэта не самыя бедныя людзі, у іх ёсць грошы. Недзе ў СМІ прайшла інфармацыя, што яны скупляюць у нас усё льняное, беларускую касметыку. Хто дзеля таго, каб паспрабаваць, а іншыя разумеюць, што беларуская прадукцыя - гэта якасць", - заўважыў Прэзідэнт.

"Тое, што да нас едуць, каб паслухаць цішыню і адпачыць, - наша перамога", - лічыць беларускі лідар.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым працэсе ёсць і некаторыя выдаткі. У прыватнасці, з-за таго што расіяне купляюць шмат кватэр, цэны на рынку жылля трымаюцца на даволі высокім узроўні. "Але, з іншага боку, не бедныя людзі прыязджаюць. Гэта значыць на Беларусь ёсць вялікі добры попыт", - дадаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што сучасны свет усё больш глабалізуецца, і ў тым ліку таму ён лічыць самым галоўным забяспечыць у краіне бяспеку. "Цяпер я для сябе паставіў галоўную задачу - бяспеку. Мы зробім больш жорсткім падыход да карупцыянераў, бюракратызму. Гэта мая задача. А для беларусаў сёння створаны ўсе ўмовы, каб зарабіць на жыццё сваё і сваёй сям'і", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы яшчэ на адно пытанне, Аляксандр Лукашэнка выказаўся супраць устаноўкі розных помнікаў, у тым ліку самому сабе. На думку Прэзідэнта, помнікі павінны быць іншыя і служыць для людзей. У якасці прыкладу ён прывёў музей Вялікай Айчыннай вайны, які будуецца, або парк Перамогі ў Мінску. "Што датычыцца дзеячаў, я катэгарычна супраць. Я супраць помніка першаму Прэзідэнту краіны. Прапаноў было столькі... Я сказаў: толькі пасля маёй смерці, калі камусьці няма чаго рабіць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што дзеячы розных сфер павінны самі ўзводзіць помнікі ў памяці людзей сваімі справамі.