Цырымонія асвячэння званоў Храма-помніка Усіх Святых

  • 4

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 верасня прыняў удзел у цырымоніі асвячэння званоў Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.

Званы перададзены ў дар храму ад імя Кіраўніка дзяржавы, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія ІІ і Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Прыбыўшы да месца будаўніцтва храма, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам работ. Ацэньваючы Храм-помнік у цэлым, Аляксандр Лукашэнка назваў яго "дастойным духоўным аб'ектам". Прэзідэнт лічыць зручным і месца для яго размяшчэння. Улічваючы значнасць такога храма, Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся навесці парадак на прылеглых тэрыторыях.

У ходзе ўрачыстай цырымоніі асвячэння званоў было адзначана, што Храм-помнік стане самым вялікім у Беларусі. Яго вышыня складзе больш як 70 м. Знамянальна, што гэта будзе першы вопыт узвядзення ў рэспубліцы храма ў выглядзе шатра.

Пасля ўрачыстай цырымоніі Аляксандр Лукашэнка наведаў Троіцкую царкву, якая ўзведзена побач з храмам. Прэзідэнт падараваў царкве абраз Божай Маці. Троіцкая царква унікальная - яна поўнасцю пабудавана з дрэва без адзінага цвіка. Унутры яе - цудоўныя высокамастацкія ўзоры разьбы па дрэве, створаныя беларускімі майстрамі.

Тут Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўручыў Кіраўніку дзяржавы ордэн Свяціцеля Кірылы Тураўскага першай ступені за заслугі ў справе духоўнай асветы і падтрымку дзейнасці царквы.

Уладыка Філарэт падкрэсліў, што сёння "мы з'яўляемся сведкамі тых цудоўных духоўных працэсаў, якія праходзяць у Беларусі". Паводле яго слоў, наша жыццё развіваецца гарманічна як у сацыяльна-эканамічным плане, так і ў духоўным.

Настаяцель Беларускай праваслаўнай царквы выказаў удзячнасць Прэзідэнту краіны за падтрымку, якая аказваецца дзяржавай.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладыку Філарэту за такую высокую ўзнагароду. Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што гэты ордэн - "узнагарода для ўсяго кіраўніцтва краіны, усіх тых, хто кіруе працэсамі адраджэння беларускіх зямель".

Асвячэнне закладнога каменя Храма-помніка ў гонар Усіх Святых  адбылося 4 чэрвеня 1991 года. Яго справіў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ у час свайго першага візіту ў Беларусь.