Цырымонія адкрыцця чэмпіянату свету па веласпорце на трэку

  • 5
  • 3:32

Беларусь па праву заслужыла правядзенне чэмпіянату свету па веласпорце. Аб гэтым заявіў 20 лютага Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі адкрыцця спартыўнага турніру.

Гэта першы чэмпіянат свету па велатрэку ў новым алімпійскім цыкле. Міжнародны саюз веласіпеднага спорту (UCI) прыняў рашэнне аб правядзенні чэмпіянату свету па веласпорце на трэку 2013 года ў беларускай сталіцы на пасяджэнні кіруючага складу ў Бельгіі ў студзені 2012 года. Спецыялісты UCI і прадстаўнікі амаль 100 краін свету, якія прынялі ўдзел у галасаванні, высока ацанілі поспехі Беларусі ў развіцці веласпорту і выдатныя дасягненні беларускіх велагоншчыкаў, падтрымку з боку дзяржавы і створаныя ў нашай краіне ўмовы для правядзення топавых спартыўных турніраў.

Кіраўнік дзяржавы на цырымоніі адкрыцця адзначыў, што веласпорт у Беларусі становіцца ўсё больш масавым і папулярным. Цяпер у нашай краіне веласпортам займаюцца амаль 3,5 тыс. чалавек, у 33 аддзяленнях дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ працуе 176 трэнераў-выкладчыкаў. У вучылішчах алімпійскага рэзерву вучацца 129 чалавек.

У Мінску пабудаваны ўнікальны спартыўны комплекс, які дае магчымасць праводзіціь спаборніцтвы на самым высокім узроўні па розных відах спорту. Імёны праслаўленых беларускіх веласіпедыстаў - алімпійскіх чэмпіёнаў Уладзіміра Камінскага, Алега Логвіна, васьміразовай чэмпіёнкі свету Наталлі Цылінскай, пераможцы "Тур дэ Франс" Зінаіды Стагурскай - шырока вядомы ва ўсім свеце.

"Мы прыклалі максімум намаганняў для арганізацыі гэтага чэмпіянату", - сказаў Прэзідэнт.

"У Беларусі вельмі цэняць тое, што Міжнародны саюз веласіпедыстаў выбраў месцам правядзення чэмпіянату свету Мінск, аддаўшы перавагу нашай краіне сярод многіх прэтэндэнтаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён падзякаваў прэзідэнту UCI Пэту Маккуэйду і яго калегам за такі давер і павагу да Беларусі, яе спартыўных дасягненняў. "Мы гэта заслужылі па праву", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Гэты чэмпіянат не проста чарговае спаборніцтва. Яго асаблівасць у тым, што ён адкрывае новы цыкл падрыхтоўкі спартсменаў да наступных летніх Алімпійскіх гульняў, - адзначыў Прэзідэнт. - Упэўнены, мінскі сусветны чэмпіянат стане стартавай пляцоўкай для новай плеяды веласіпедыстаў, будучых зорак, якія загарацца на Алімпіядзе ў Бразіліі. Менавіта ў гэтым арыгінальнасць і асаблівае прызначэнне нашага мінскага чэмпіянату".

У гэтыя дні ў лютаўскі заснежаны Мінск прыбылі знакамітыя спартсмены з усіх кантынентаў планеты. Легендарныя каманды з Аўстраліі і краін Лацінскай Амерыкі, далёкіх Новай Зеландыі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Японіі і іншых. Мы вітаем спартсменаў з брацкіх Расіі і Кітая. На мінскім велатрэку сваё майстэрства прадэманструюць вядомыя атлеты Еўропы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння тут, у Мінску, мы становімся ўдзельнікамі знамянальнай падзеі, якой прызначана ўвайсці ў гісторыю сусветнага спорту".

"У нас тут дастаткова і лёду. Дарэчы, калі трэба размяцца, проста развеяцца, мы прадаставім вам лёд, зусім бясплатна", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей спаборніцтваў.

"Спадзяюся, дні чэмпіянату для вас стануць сапраўдным святам. Зразумела, у спартсменаў наперадзе значныя нагрузкі, каласальнае напружанне. Наматаўшы сам на гэтым палатне сотні кіламетраў, вельмі добра ведаю, якая гэта пякельная праца і якая сапраўдная цана перамогі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Упэўнены, вашы выступленні падораць шмат яркіх перамог і хвалюючых момантаў, а бескампрамісная і сумленная барацьба сагрэе душы балельшчыкаў. Спаборніцтва мацнейшых веласіпедыстаў свету, несумненна, прыцягне шмат новых аматараў гэтага цудоўнага віду спорту і дасць магутны стымул яго развіццю", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў спартсменам сіл, вытрымкі і волі, паспяховых выступленняў, новых рэкордаў і яркіх перамог. "А мы ўсе разам за вас будзем балець", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу прэзідэнт Міжнароднага саюза веласіпедыстаў Пэт Маккуэйд, выступаючы на цырымоніі адкрыцця, з задавальненнем адзначыў, што гэты чэмпіянат свету па веласпорце будзе праходзіць на веладроме "Мінск-Арэны". Ён звярнуў увагу на высокі ўзровень беларускіх спартсменаў-веласіпедыстаў. "Спаборніцтвы абяцаюць быць цудоўнымі і напружанымі", - сказаў Пэт Маккуэйд.

Усяго на мінскім чэмпіянаце свету будзе разыграна 19 камплектаў узнагарод (10 у мужчын і 9 у жанчын). Беларусь выставіць 11 спартсменаў. Чэмпіянат свету будзе прадаўжацца да 24 лютага.