Cустрэча з Прэзідэнтам Татарстана Рустамам Мініханавым

  • 1

Галоўнымі напрамкамі далейшага росту эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Татарстана павінны стаць прамысловасць, будаўніцтва і інавацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 кастрычніка на сустрэчы з Прэзідэнтам Татарстана Рустамам Мініханавым.

"Нашы двухбаковыя адносіны маюць маштабны і разнапланавы характар, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Галоўнымі напрамкамі далейшага росту мы бачым прамысловасць,будаўніцтва, інавацыі. Ды і ў сельскай гаспадарцы нам ёсць аб чым гаварыць, мы можам намеціць сумесныя праекты і ў гэтай сферы".

Паводле яго слоў, нягледзячы на зніжэнне тавараабароту апошнім часам, у Беларусі і Татарстана ёсць патэнцыял для таго, каб навярстаць упушчанае.

Адным з прыярытэтаў з'яўляецца супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы. У сувязі з гэтым Прэзідэнт прапанаваў прыцягнуць "Беларуснафту" для работы ў нафтавай галіне Татарстана. "Мы хацелі б, каб наша кампанія знайшла ў вас аб'ёмы работ. Паверце, гэта будзе значна танней за любыя кампаніі. Каб на субпадрадах або яшчэ неяк "Беларуснафта" працавала з вамі. Думаю, улічваючы нашы вельмі добрыя адносіны, вы знойдзеце выгадны кавалак работы для гэтай кампаніі і абавязкова з выгадай для сябе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упамянуў і аб супрацоўніцтве з кампаніяй "Татнафта", якая адкрыла ў Беларусі сетку заправачных станцый. "Патэнцыял у нас значна большы. Мы можам дамовіцца аб больш шырокім уключэнні кампаніі ў супрацоўніцтва і рэалізацыю вашых праектаў тут у Беларусі. Гэта датычыцца і перапрацоўкі нафты, і продажу нафтапрадуктаў, і работы за межамі Беларусі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць далейшага развіцця двухбаковых праектаў. Сярод іх - вытворчасць трактароў на базе аўтамабільнага завода ў горадзе Елабуга і зборачная вытворчасць на Казанскім ліфтабудаўнічым заводзе. Кіраўнік дзяржавы лічыць перспектыўнымі развіццё кааперацыйных сувязей у галіне аўтамабілебудавання і вытворчасці аўтакампанентаў, удзел холдынга "Белстанкаінструмент" у абнаўленні станочнага парку татарстанскіх прадпрыемстваў.

Аднаўленню тавараабароту таксама могуць садзейнічаць пастаўкі ў Татарстан беларускай пасажырскай, грузавой, камунальнай і дарожнай тэхнікі, у тым ліку працуючай на газаматорным паліве.

З улікам высокіх тэмпаў узвядзення жылля і інфраструктурных аб'ектаў у Татарстане добрыя магчымасці ёсць для супрацоўніцтва ў будаўнічай галіне. "Мы гатовы як будаваць у вас, так і экспартаваць у ваш рэгіён цэмент, керамічную плітку, шкло паліраванае, іншыя матэрыялы і неабходнае абсталяванне для праектавання і будаўніцтва аб'ектаў "пад ключ", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Больш важкую ролю ва ўмацаванні двухбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва павінны адыграць і міжрэгіянальныя сувязі Беларусі і Татарстана.

На сустрэчы быў падкрэслены высокі ўзровень узаемадзеяння, які дасягнуты ў самых розных сферах, што можа служыць прыкладам для развіцця супрацоўніцтва як з іншымі рэгіёнамі, так і ў міждзяржаўных адносінах Беларусі і Расіі ў цэлым.