Рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю
- 15
Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з'яўляецца адным з ключавых фактараў павышэння ўстойлівасці нацыянальных эканомік Беларусі і Расіі. Аб гэтым 18 верасня заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў у Сочы.
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што, нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з сусветным крызісам, кантакты паміж рэгіёнамі дзвюх краін значна пашырыліся: толькі за 8 месяцаў бягучага года ў Беларусі прынялі 36 рэгіянальных дэлегацый з Расіі. У сваю чаргу беларускія прадстаўнікі наведалі 21 расійскі рэгіён. Такія дзелавыя кантакты даюць рэальны эканамічны эфект у рэалізацыі сумесных праектаў.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ім цвёрда ўведзена практыка заўсёды знаходзіць час для сустрэчы з дэлегацыямі расійскіх рэгіёнаў і канкрэтна абмяркоўваць планы далейшых дзеянняў. За апошнія паўгода Прэзідэнт прыняў кіраўнікоў 8 расійскіх рэгіёнаў. "Такія стасункі сам-насам даюць магчымасць убачыць і нашы дасягненні, і недапрацоўкі, і існуючы каласальны патэнцыял", - заўважыў ён.
Беларусь і расійскія рэгіёны ўзаемавыгадна супрацоўнічаюць па многіх напрамках. У Расіі запатрабавана баларуская прадукцыя. "Якасць, даступныя цэны з'яўляюцца яе канкурэнтнай перавагай. Наша краіна гатова і ў далейшым нарошчваць пастаўкі тавараў і паслуг", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Цюменскай, Смаленскай і Маскоўскай абласцямі, Татарстанам тавараабарот значна перасягае аб'ёмы гандлю Беларусі са многімі замежнымі краінамі. На думку Прэзідэнта Беларусі, Саюзная дзяржава павінна стаць ядром Еўразійскага эканамічнага саюза. "Трэба максімальна эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял інтэграцыі, - лічыць ён. - Выканаўшы гэтыя задачы, Беларусь і Расія змогуць надаць магутны імпульс інтэграцыі краін і народаў, актывізаваць узаемадзеянне рэгіёнаў і гаспадарчых структур".
Існуючая ў свеце сітуацыя прадэманстравала наяўнасць пэўнай неабароненасці як Беларусі, так і Расіі ад знешніх фактараў, адзначыў беларускі лідар. "Нестабільнасць еўразоны, ваганні сусветных фондавых рынкаў, кітайскага юаня - усё гэта патрабуе карэкціроўкі праводзімай эканамічнай палітыкі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер асабліва патрэбна кансалідацыя нашага патэнцыялу як у Саюзнай дзяржаве, так і ў Еўразійскім эканамічным саюзе ў цэлым. Важнейшае значэнне, на наш погляд, мае каардынацыя дзеянняў у прамысловым сектары, якая можа быць забяспечана фарміраваннем адзінай прамысловай палітыкі. Галоўная яе мэта - дыверсіфікацыя нацыянальных эканомік, стварэнне новых вытворчасцей і развіццё чалавечага капіталу".
Беларускі лідар канстатаваў, што новы час не прынёс чалавецтву пазбаўлення ад катаклізмаў, крызісаў і войнаў. "На сусветнай арэне зноў перамагае не сіла права, а права сілы. Ідзе глабальны перадзел сфер уплыву. Аднак эгаістычныя амбіцыі, разлікі і інтарэсы не вартыя таго, каб прыносіць ім у ахвяру чалавечыя жыцці. Помніць аб гэтым павінны кіраўнікі дзяржаў, грамадскія дзеячы, ды і самі народы", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
"У свеце адбываецца, няхай павольна, усведамленне бесперспектыўнасці санкцый і тым больш ізаляцыі асобных краін, а таксама нагнятання ваенных пагроз. Мы заўсёды былі супраць такіх метадаў", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў шэраг канкрэтных крокаў у гэтым напрамку, пачаўшы з неабходнасці забяспечыць аднолькавыя канкурэнтныя ўмовы суб'ектам гаспадарання для работы на агульным рынку тавараў і паслуг. "Неабходна максімальна ўстараніць існуючыя бар'еры і абмежаванні ў гандлі, якія прыводзяць да страты прывабнасці двухбаковага супрацоўніцтва і адпаведна нівеліруюць саму ідэю інтэграцыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, на яго думку, неабходна ўзмацніць меры па абароне агульнага рынку, у тым ліку ад шэрага імпарту, скаардынаваць дзеянні па рацыянальным размяшчэнні і паглыбленні спецыялізацыі прамысловай вытворчасці, пашырэнні тэхналагічнага супрацоўніцтва, сумеснай рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.
Яшчэ адзін крок заключаецца ў тым, каб выпускаць новы прадукт, які можа замяніць замежныя аналагі. "Тут патрабуецца комплексны прадуманы падыход, накіраваны на аб'яднанне навуковых, матэрыяльных і інвестыцыйных рэсурсаў для структурнай перабудовы прамысловасці і прыярытэтнага развіцця навукаёмістых вытворчасцей", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што рэалізацыя гэтых крокаў дасць магчымасць вырашыць праблемы імпартазамяшчэння і стымулявання вытворчасцей, арыентаваных на экспарт, будзе садзейнічаць скарачэнню тэхналагічнага разрыву з заходнімі краінамі.
"Трэба спыніць размовы наконт нейкага развароту Беларусі, павароту і г.д.", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, растлумачыўшы, што гэта тэма, у прыватнасці, узнімаецца некаторымі расійскімі СМІ. "Мы не збіраемся ні з кім канфліктаваць, мы выбудоўваем роўныя добрыя адносіны, як гэта робіць сёння Расійская Федэрацыя", - прадоўжыў Прэзідэнт. "Не трэба нас папракаць, што мы кудысьці разварочваемся. Нам няма куды разварочвацца. Мы з вамі будзем заўсёды разам", - рэзюмаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама тэму ўступлення Беларусі ў СГА. Ён звярнуў увагу, што апошнія дамоўленасці Казахстана з СГА, мытныя пошліны, аб якіх яны дамовіліся, стварылі рэальную праблему функцыянавання адзінага эканамічнага саюза. "Мы вымушаны прыстасавацца да таго, што там накруцілі СГА і Казахстан. І гэта будзе няпроста, там панізілі пошліны так, што можа хлынуць прадукцыя на расійскі і беларускі рынкі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Амаль усе прамысловыя прадпрыемствы трапляюць пад удар, дадаў ён.
Беларусь таксама ў сваю чаргу аднавіла перагаворны працэс з СГА. "Але ў гэтым выпадку мы не спяшаемся ўступіць у СГА", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, трэба прааналізаваць сітуацыю. "Можа, няўдзел сёння Беларусі ў СГА нам прынясе большую карысць, чым уступленне ў СГА. Зразумела, што нас цяпер будуць "прэсаваць", каб мы з боку Беларусі яшчэ ніжэй апусцілі мытныя пошліны, але гэта разбурыць увесь эканамічны саюз", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Мы спыніліся, акуратна вывучаем сітуацыю для таго, каб не дапусціць гэтых памылак, і нашы партнёры і калегі павінны аб гэтым ведаць", - сказаў беларускі лідар. Прэзідэнты Беларусі і Расіі правялі таксама 18 верасня двухбаковую сустрэчу.
"Я асабіста і наша дзяржава з вялікай павагай ставімся да ўзаемаадносін паміж рэгіёнамі і паміж рэгіёнамі і Беларуссю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь і Расія пастаянна трымаюць на кантролі як праблемы, якія існуюць у двухбаковых адносінах, так і станоўчыя моманты. "Мы сапраўды разумеем, што адбываецца вакол нас. Хапае і ў нас праблем, таму мы і збіраемся на такія рэгіянальныя мерапрыемствы (форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі)", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.
"Я заўсёды дзякую рэгіёнам Расіі. Нашы беларуска-расійскія адносіны ў мінулыя часы былі выратаваны толькі рэгіёнамі Расіі. Калі б тады ў нас не было супрацоўніцтва з імі, нам вельмі складана было б утрымаць адносіны, якія ў нас былі ў складзе Савецкага Саюза. Пасля распаду вельмі цяжкі быў час", - нагадаў беларускі лідар.
У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі адзначыў, што двухбаковыя беларуска-расійскія адносіны развіваюцца вельмі паспяхова. "Ёсць пытанні, якія, безумоўна, патрабуюць нашай асаблівай увагі, дасканалага разгляду, але ў цэлым, хацеў бы адзначыць, што тыя мэты, якія мы перад сабой ставім у ходзе нашага ўзаемадзеяння, дасягаюцца", - сказаў Уладзімір Пуцін.
"Мы ведаем і праблемы, звязаныя з сённяшнімі эканамічнымі пытаннямі і ў свеце, і ў нашых краінах. Разумеем, што адбываецца, ведаем, што трэба зрабіць, не заўсёды ўсё атрымліваецца, гэта зразумела, але мы будзем упэўнена ісці наперад. І не сумняваюся - усе гэтыя складанасці будуць пераадолены", - рэзюмаваў Уладзімір Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка сёння ў суправаджэнні Уладзіміра Пуціна наведаў адукацыйны цэнтр "Сірыус" у Сочы.
![]()
Для Прэзідэнта Беларусі правялі спецыяльную экскурсію, расказалі аб сістэме навучання ў такіх цэнтрах. Аляксандр Лукашэнка распісаўся ў Кнізе ганаровых гасцей. Дасягнута дамоўленасць, што пасля конкурснага адбору ў гэтым цэнтры будзе навучацца каля 20 беларускіх дзяцей.
Акрамя таго, сёння прэзідэнты Беларусі і Расіі наведалі сумесную беларуска-расійскую выстаўку прамысловай прадукцыі, якая была арганізавана ў час другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Асноўнай тэматыкай выстаўкі былі імпартазамяшчэнне і беларуска-расійская прамысловая кааперацыя. На адкрытай пляцоўцы свае экспанаты прадставілі прадпрыемствы Мінпрама, Дзяржкамваенпрама, ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Белкамунмаш", НАН Беларусі. На выстаўцы таксама былі прадстаўлены беларускія дасягненні ў сферы навукі, машынабудавання, нафтахімічнай галіны, аховы здароўя.