Cустрэча з Дар'яй Домрачавай
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 10 верасня сустрэўся з беларускай біятланісткай, заслужаным майстрам спорту, трохразовай чэмпіёнкай Алімпійскіх гульняў 2014, уладальніцай Вялікага хрустальнага глобуса ў сезоне 2014/2015, Героем Беларусі Дар'яй Домрачавай.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідзе падрыхтоўка да біятлоннага фестывалю "Гонка легенд - Зоркі біятлона за мір", які адбудзецца ў суботу, 12 верасня, у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы".
Дар'я Домрачава расказала, што "Раўбічы" гатовы прыняць як спартсменаў, так і аматараў гэтага віду спорту. "Думаю, усе нашы балельшчыкі заслужылі такое свята. Хочацца ўсё правесці душэўна для балельшчыкаў, паказаць усю сваю гасціннасць", - адзначыла біятланістка. Паводле яе слоў, гэты фестываль дапаможа выявіць і магчымыя слабыя месцы ў арганізацыі, што дазволіць у далейшым пры заявах на правядзенне больш буйных турніраў не дапускаць праблемных сітуацый.
Аляксандр Лукашэнка і Дар'я Домрачава абмяняліся таксама меркаваннямі аб стане спраў у нацыянальнай камандзе па біятлоне.
У час сустрэчы Дар'я Домрачава ўручыла Прэзідэнту копію Вялікага хрустальнага глобуса.
![]()