Цырымонія інаўгурацыі Прэзідэнта Беларусі

  • 3
  • 6:04

Уступленне на пасаду нававыбранага Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбылося 20 верасня 2001 года ў Палацы Рэспублікі. У прысутнасці вышэйшых службовых асоб краіны, а таксама шматлікіх гасцей Аляксандр Лукашэнка прынёс прысягу на вернасць беларускаму народу.

Выступаючы на цырымоніі інаўгурацыі, Аляксандр Лукашэнка выказаў шчырую ўдзячнасць беларускаму народу за падтрымку на выбарах і запэўніў, што ўсе намаганні кіраўніцтва будуць накіраваны на паспяховую рэалізацыю праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. "У нас ёсць адзіная мэта, якая кансалідуе грамадства, - пабудаваць моцную і працвітаючую Беларусь, жыць у міры і згодзе, супрацоўнічаць з усімі краінамі і народамі, - падкрэсліў ён. - Беларусь - адкрытая, дэмакратычная еўрапейская дзяржава са сваёй гісторыяй, багатай культурай, працавітым і дружалюбным народам. Нам не трэба чужога, свой дастатак мы ствараем самі - сваёй працай, энергіяй, інтэлектуальнымі сіламі".

Пасля падпісання акта аб прынясенні прысягі і ўручэння Аляксандру Лукашэнку адпаведнага пасведчання ўрачыстая цырымонія інаўгурацыі прадоўжылася на Кастрычніцкай плошчы. Тут прадстаўнікі Узброеных Сіл і іншых воінскіх фарміраванняў Беларусі прынеслі клятву вернасці нававыбранаму Прэзідэнту і ўсяму беларускаму народу. Завяршыліся ўрачыстасці святочным канцэртам майстроў мастацтваў.