Аператыўны збор каманднага складу Узброеных Сіл
- 1
Надзейнае забеспячэнне нацыянальнай бяспекі па-ранейшаму з'яўляецца адной з асноўных умоў дабрабыту любой дзяржавы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 30 кастрычніка, выступаючы ў час аператыўнага збору каманднага складу Узброеных Сіл.
"Сёння мы з вамі з'яўляемся сведкамі геапалітычных працэсаў перадзелу сфер уплыву, якія непазбежна вядуць да трансфармацыі існуючай сістэмы міжнароднай бяспекі", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы лічыць відавочным няздольнасць і нежаданне лідараў вядучых дзяржаў несці адказнасць за свае рашэнні. На яго думку двайныя стандарты нязменна дамінуюць у сусветнай палітыцы.
На думку Прэзідэнта, існуючыя геапалітычныя рэаліі аказваюць непасрэдны ўплыў на Беларусь. "У сувязі з гэтым трэба спыніцца на шэрагу негатыўных тэндэнцый, якія нясуць у сабе рызыкі і выклікі нашай нацыянальнай бяспецы, а значыць, патрабуюць асаблівай увагі і адэкватнага рэагавання, - адзначыў Прэзідэнт. - Пры гэтым вельмі важна ўлічваць асаблівасці развіцця ваенна-палітычнай сітуацыі ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне".
"Перш за ўсё нашу краіну не можа не закранаць крызіс ва Украіне, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Мы ведаем рэжысёраў і рэальных удзельнікаў учыненага там дзяржаўнага перавароту і распачатай пасля гэтага вайны".
Прэзідэнт падкрэсліў, што захоўваецца патэнцыял і актыўнасць радыкальных нацыяналістычных груповак, якія то тут, то там імкнуцца сілавымі метадамі змагацца за перадзел сфер уплыву ў бізнесе. Расце злачыннасць і некантралюемае распаўсюджванне зброі. Адзначаюцца спробы яе ўвозу на нашу тэрыторыю. Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што відавочная знешнепалітычная пераарыентацыя нашай паўднёвай суседкі ў бок Захаду можа прывесці да размяшчэння на яе тэрыторыі замежных воінскіх кантынгентаў.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што фактычна ўпершыню на постсавецкай прасторы існуе канфлікт, развіццё якога, без перабольшання, уплывае непасрэдна на бяспеку Беларусі. "У гэтых умовах для нас вельмі важна захаваць выпрацаваны на палітыка-дыпламатычным узроўні баланс адносін з Масквой і Кіевам. Пры любым развіцці сітуацыі мы не павінны быць уцягнутымі ў іх процістаянне", - перакананы Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што актыўны і рацыянальны ўдзел Беларусі ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу па заслугах ацэнены і падтрыманы сусветнай супольнасцю.
Прэзідэнт выказаў меркаванне, што асноўны дэстабілізуючы ўплыў на бяспеку ў Еўропе па-ранейшаму аказвае імкненне Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў замацаваць за сабой вядучую ролю ў сучасным светаўладкаванні. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беспрэцэдэнтнае абвастрэнне адбылося ў адносінах па лініі Расія - Захад.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на той факт, што пагражальнай тэндэнцыяй стала ўзмацненне ўплыву на геапалітычныя працэсы розных недзяржаўных суб'ектаў дэструктыўнага толку. Рост тэрарыстычнай актыўнасці, нацыянальнага і рэлігійнага экстрэмізму стаў рэальнай пагрозай планетарнага маштабу. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трывожныя сігналы гучаць непасрэдна каля граніц Беларусі і трэба быць гатовымі да адпаведнага рэагавання на новыя выклікі і пагрозы.
Ён нагадаў, што гэту тэму абмяркоўвалі як найбольш вострую на нядаўнім саміце АДКБ у Душанбэ, а таксама ў двухбаковых фарматах з прэзідэнтамі Таджыкістана і Расіі. "Відавочна, што яе эфектыўнае вырашэнне магчыма толькі сумесна, у рамках саюзніцкіх дамоўленасцей", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.
Ён заявіў, што санкцыйныя войны сталі асноўным інструментам дасягнення палітычных мэт для многіх удзельнікаў міжнародных адносін у 21-м стагоддзі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што характар эканамічнай сітуацыі ў стратэгічных партнёраў і ў свеце ў цэлым не можа не паўплываць на Беларусь. "Не трэба забываць, што наша эканоміка - адна з самых адкрытых у свеце, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Значыць, зведвае ўдары эканамічных бур з усіх бакоў".
"Наперадзе ў нас сур'ёзная работа па забеспячэнні стабілізацыі і паступальнага росту ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым рацыянальнае выкарыстанне існуючых у нас матэрыяльна-фінансавых рэсурсаў, у тым ліку ў галіне ваеннага будаўніцтва, становіцца як ніколі актуальным".
Прэзідэнт бачыць сутнасць эканамічнай рэформы ў краіне ў вытворчасці якаснага тавару і яго рэалізацыі па добрай цане.
Ён таксама закрануў тэму інфармацыйнай экспансіі, якая ў сучасных умовах неад'емнай часткай дэструктыўнага ўздзеяння на дзяржаву. "Яна з'яўляецца магутнай зброяй для дасягнення палітычнай, эканамічнай і ваеннай перавагі ў любым процістаянні", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Па сваёй інтэнсіўнасці яно не ўступае рэальным баявым дзеянням. Урон, наносімы пры гэтым, непараўнальны са стратамі канфліктуючых бакоў у фізічнай просторы: паколькі барацьба вядзецца за свядомасць людзей".
Інфармацыйная прастора Беларусі не з'яўляецца выключэннем, адзначыў Прэзідэнт. Чарговая хваля інтэрнэт-атак адчувалася ў час выбарчай кампаніі. "І хоць гэтыя патугі скончыліся поўным правалам, важнасць і значнасць інфармацыйнага проціборства неабходна ўлічваць, асабліва ў сферы ваеннай бяспекі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён лічыць важным, што, нягледзячы на пералічаныя негатыўныя тэндэнцыі, у Беларусі сёння захоўваецца мір, згода і стабільнасць, у чым ёсць заслуга і афіцэраў.
Ацэньваючы дзейнасць Міністэрства абароны, Прэзідэнт адзначыў нармальную дынаміку развіцця Узброеных Сіл. На належным узроўні праведзены вучэнні ў складзе рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі "Шчыт Саюза-2015" і "Баявая Садружнасць-2015", высокі ўзровень паказалі сілы спецыяльных аперацый у ходзе вучэнняў АДКБ у Таджыкістане і міратворчага падраздзялення ў Арменіі. Акрамя таго, праведзеныя праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войскаў пацвердзілі высокую здольнасць злучэнняў і часцей да выканання прызначаных задач. "Гэта галоўны паказчык у ваеннай справе, і яму па-ранейшаму неабходна ўдзяляць першарадную ўвагу", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на аб'ектыўныя цяжкасці, прадаўжаецца пастаўка ў войскі новых узораў узбраення, і работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана з улікам фінансавых магчымасцей дзяржавы.
У той жа час Прэзідэнт запатрабаваў ад ваенных арыентавацца на айчынную вытворчасць ваеннай прадукцыі, мадэрнізацыю і рамонт існуючых рэсурсаў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі неабходна пастаянна ўдасканальваць сістэму абароны краіны, у тым ліку і тэрытарыяльную.
"У плане процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам трэба разлічваць перш за ўсё на ўласныя сілы. Ніхто і ніколі нас не "расхістае", калі мы самі не створым для гэтага перадумовы", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Паглядзіце вакол. Ні адзін сучасны канфлікт не пачынаўся ўварваннем замежных армій на тэрыторыю той ці іншай дзяржавы. Цяпер прымяняюцца больш дасканалыя спосабы ўздзеяння, але сцэнарый адзін і той жа - разваліць дзяржаву знутры, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму галоўная задача ў тым, каб забяспечыць сацыяльна-палітычную стабільнасць унутры краіны, не дапусціць хаосу і любой дэстабілізацыі абстаноўкі".
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі гатовы праект новай Ваеннай дактрыны. Да канца года гэты дакумент павінен быць разгледжаны на пасяджэнні Савета бяспекі. Акрамя таго, да канца года запланаваны разгляд новага Плана прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў на Вышэйшым дзяржсавеце.
"Наяўнасць саюзнікаў і дружалюбных краін-партнёраў для нас з'яўляецца важным фактарам забеспячэння ваеннай бяспекі. Менавіта таму Беларусь разглядае свой удзел у такіх міждзяржаўных структурах як дзейсны фактар стрымлівання ў ваеннай сферы. Аднак работа механізма калектыўнай абароны павінна выбудоўвацца з улікам нашых нацыянальных інтарэсаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Далейшая аптымізацыя Узброеных Сіл Беларусі павінна быць накіравана на павышэнне якаснага стану арміі. Прэзідэнт паставіў задачу у тым ліку зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да падрыхтоўкі афіцэраў і падраздзяленняў.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за гады суверэннага існавання Беларусі Узброеныя Сілы падвергліся значнаму скарачэнню. Паступова, без рэзкіх узрушэнняў колькасць арміі зменшана з чвэрці мільёна да 65 тыс. чалавек. "Але працэс аптымізацыі не павінен "застыць", - падкрэсліў Прэзідэнт. - Патрабую яшчэ раз прааналізаваць склад усялякіх кіраўніцкіх і забеспячальных структур, так званы абоз. За яго кошт узмацніць баявыя часці. Падзеі ва Украіне паказалі, наколькі важны ў складзе Узброеных Сіл баявы кампанент, здольны ў самыя кароткія тэрміны выканаць пастаўленую задачу". Ён дадаў, што пры існуючай колькасці неабходна праводзіць структурныя пераўтварэнні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неабходна пазбаўляцца ад тэхнікі і маёмасці, выкарыстанне якіх ужо немэтазгодна, але рабіць гэта па-гаспадарску, з відавочнай выгадай. Акрамя таго, неабходна прадаўжаць работу па аптымізацыі расходаў, скарачэнні запасаў непрымяняемых узбраення і тэхнікі.